Чацвер, 11 Жнівень 2022 12:19

2022 г. — 145 гадоў з часу пабудовы храма Святога апостала Андрэя Першазваннага ў в. Пашукі (Камянецкі р-н; 1877), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

Першую царкву ў вёсцы Пашукі (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) у 1603 г. фундавалі Пацы. Чарговы фундуш на царкву Нараджэння Багародзіцы 20 мая 1630 г. надалі Агаф’я Багданаўна Сапежанка і жонка берасцейскага падкаморыя Паца, што вядома з пацвярджальнага фундушовага запісу ад 26 сакавіка 1764 г, зробленага ўладальнікам Пашукоў Аляксандрам Тышкоўскім. Гэта царква прастаяла 145 гадоў. Затым была пабудавана Свята-Ануфрыеўская царква, год будавання якой невядомы. Наступны царкоўны фундуш Пацы зрабілі ў 1641 г.

 

У 1772 г. у Пашуках адзначана наяўнасць уніяцкага прыходу з царквой. У 1837 г. прыход налічваў 1010 прыхаджан. Царква была не толькі забяспечана матэрыяльна, але і мела 9 падданых сялян. Філіяльнай ад яе была капліца ў Шышове. Апошнім уніяцкім настаяцелем у Пашуках быў Міхал Каліскі, які даў падпіску аб далучэнні да праваслаўя.

У 1877 г. у в. Пашукі будаўнікамі з г. Белавежа (Польшча) на падмурку ранейшай была пабудавана драўляная Свята-Андрэеўская царква, паводле праекта, распрацаванага ў 1854 г. архітэктарам В. Палікарпавым. Храм размешчаны на ўскрайку вёскі, яго плошча дасягае 100 кв. м.

Царква складаецца з чатырох частак, якія паслядоўна злучаюцца адна з адной: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, апсіда. Двуярусная званіца стварае галоўны фасад, першы ярус з’яўляецца тамбурам, у цэнтры якога – галоўны ўваход, вылучаны брылем з трохвугольным франтонам. Трапезная ўяўляе сабой вузкі прастакутны аб’ём, накрыты двухсхільным дахам.

Асноўны аб’ём храма квадратны ў плане, мае чатырохкутны дах з невялікім купалам на васьмігранным барабане, з усходу да яго прымыкае трохгранная апсіда. Апсіду ўяўляе сабой нізкі чатырохсценны аб’ём, накрыты двухколонным дахам. Бакавыя фасады храма маюць ступеністую кампазіцыю, дзе чаргуюцца высокія і нізкія аб’ёмы. У міжваенны перыяд царква мела электрычнае асвятленне ад электрастанцыі Плотнікава.

З 1962 г. царква не дзейнічала. На жаль, быў спалены яе архіў. З «Кліравых ведамасцяў за 1908 год», якія захаваліся ў Дзяржаўным архіве г. Гродна, вядома, што ў царкве знаходзіліся дакументы аб дарэнні памешчыцай в. Падбела зямлі для Пашукоўскай царквы, метрычныя кнігі, пачынаючы з 1843 г., царкоўная бібліятэка для чытання, якая налічвала 200 тамоў. Да гэтага спісу трэба дадаць дакументацыю за 1909 — пачатак 1960-х гг. І асабліва шкада дакументаў, у якіх адлюстравана паўстанне 1863 г.

Рашэннем № 503 ад 18 верасня 1964 г. Камянецкі райвыканкам распачаў хадайніцтва аб зняцці царквы з уліку дзеючых і прыстасаванні пад школьную майстэрню. Аднак у царкве зрабілі збожжасховішча і склад будаўнічых матэрыялаў. Выкарыстанне будынка на гаспадарчыя мэты выратавала яго ад разбурэння, ён датрываў да лепшых часоў.

У пачатку 1990-х гг. закрытыя храмы станавіліся зноў дзеючымі. У 1994–1995 гг., дзякуючы настаяцелю Дзмітравіцкай царквы протаірэю Мікалаю Гарбачуку, на сродкі прыхаджан і пры дапамозе мясцовага калгаса «Новы шлях» сумеснымі намаганнямі храм быў адрамантаваны і абноўлены. Калгас «Новы шлях» тады ўзначальваў Пётр Аляксеевіч Ахрэмук, яго намеснікам быў Міхаіл Міхайлавіч Малюховіч, якія асабіста кантралявалі ход работ па аднаўленні храма.

21 кастрычніка 1995 г. царква была адкрыта і ўрачыста асвечана архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам у саслужэнні духавенства Брэсцкага і Камянецкага благачыння.

У 2007 г. у царкве па заказу прыхаджан быў адноўлены іканастас, замест часткова страчанага. Частку дэталяў іканастаса і некалькі ікон у свой час перадаў у Пашукі протаіерэй Мікалай Гарбачук. Вырабіў новы іканастас камянецкі майстар па дрэву Віктар Малажавы. Асноўную частку іканастаса зрабіў Віктар Малажавы са сваім малодшым сынам Дзмітрыем, які працягвае справу бацькі ў Жыровіцкім манастыры.

З архіва «Гроднеских епархиальных ведомостей» вядома, што да жніўня 1901 г. у Пашукоўскай царкве служыў свяшчэннік Кіпрыян Дружылоўскі. З 26 кастрычніка 1901 г. служыў Арсень Шырынскі.

У апошнія гады ў Пашукоўскай царкве служыў Васіль Туміловіч, вядомы сваімі краязнаўчымі публікацыямі і вывучэннем берасцейскай гісторыі. Выконваючы святарскія абавязкі ў Камянецкім раёне, ён аддаў сваю даследчыцкую павагу і гэтай зямлі. Туміловічам складзены зборнік паралітургічных народных твораў «Фольклор Каменецкого района» (Брэст, 2009), выдадзены пры садзеянні ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр», «Историческиий очерк Новицкович и деревень сельсовета» (Брест, 2011).

Да прыхода адносяцца вёскі: Пашукі, Хамуціны, Падбела, Пашуцкая Буда, Багародзічы, Седуны і Падбельскія Агароднікі. Зараз прыход з’яўляецца прыпісным да Георгіеўскага храма в. Камянюкі Камянецкага раёна. Настаяцель — іерэй Андрэй Валер’евіч Мароз.

Свята-Андрэеўская царква ў в. Пашукі з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь паводле Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Пашуковская Андреевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 197.
  2. Царква ў імя святога апостала Андрэя Першазваннага : [в. Пашукі] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 318.
  3. Свята-Андрэеўская царква, в. Пашукі // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 72–73.
  4. Чарняўская, Т. Помнікі драўлянага дойлідства : Андрэеўская царква (в. Пашукі) / Т. Чарняўская // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 75–76.
  5. Пречистенская церковь : [д. Пашуки] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 235.
  6. Прачысценская царква : [в. Пашукі] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 212.
  7. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [Пашукі]. С. 154.
  8. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.
  9. Мусевич, Г. Православные церкви моей Каменетчины : Пашукская Свято-Андреевская (1603) / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2014. № 1. С. 69.
  10. Лесавік, Р. У Пашуках – абноўлены іканастас / Рыгор Лесавік // Навіны Камянеччыны. 2007. 17 лютага. С. 8.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 275 разоў