Чацвер, 11 Жнівень 2022 12:23

25 жніўня 2022 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Ігара Паўлавіча Чэрніка (1932-2022), дырыжора, кампазітара, арганізатара і кіраўніка харавых калектываў, заслужанага работніка культуры БССР

Ігар Паўлавіч Чэрнік нарадзіўся 25 жніўня 1932 г. у в. Гарадзец Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Гарадзец Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у простай вясковай сям’і, дзе цанілася праца i музыка. Пазней у сваіх творах самабытны паэт і музыка часта будзе згадваць бацькоўскі дом, сваю вёску, дзе нарадзіўся і рос, дзе прайшлі незабыўныя гады апаленага вайной дзяцінства і пасляваеннай суровай юнацкасці. Дарэчы, і сёння Ігар Паўлавіч пражывае ў бацькоўскім доме.

 

Бацькі — сельскі фельчар Павел Фёдаравіч і настаўніца Ніна Макараўна — з дзіцячых гадоў прывілі хлопчыку любоў да музыкі. Сям’я Чэрнікаў лічылася самай музычнай у вёсцы. Маці добра іграла на мандаліне, бацька – на гітары, а сын — на акардэоне, і па вечарах у доме часта гучала музыка. Схільнасць да розных відаў мастацтва ў душу маленькага Ігара заклала яго маці — веруючы чалавек, якая пры Савецкай уладзе ўжо не працавала, а зберагала дом, выхоўвала дзяцей, спявала ў царкоўным хоры.У хаце, дзе былі гітара, мандаліна, фартэпіяна, цяжка было не асвоіць першыя навыкі музычнай адукацыі. Потым Ігар Чэрнік яе пашырыў, удасканаліў, а з часам і сам пачаў выкладаць.

У 1968 г. Ігар Чэрнік закончыў Гродзенскае педагагічнае вучылішча, у 1983 г. — Мінскі інстытут культуры. Працаваў мастацкім кіраўніком Антопальскага дзіцячага дома, кіраўніком фотагуртка і вакальнай групы Кобрынскага Дома піянераў, настаўнікам музыкі і спеваў СШ № 1 г. Кобрына, дырэктарам Кобрынскага раённага Дома культуры, дырэктарам Брэсцкага абласнога Дома народнай творчасці, мастацкім кіраўніком народнага хору настаўнікаў Камянецкага РДК, дырэктарам Чарнянскай дзіцячай музычнай школы, мастацкім кіраўніком народнага ансамбля народнай песні «Галасы Палесся» (Брэст), хормайстарам народнага хору «Колас» Гарадзецкага сельскага клуба.

За сваё жыццё І. П. Чэрнік стварыў пяць самастойных народных хораў: хор Кобрынскага РДК, народны хор настаўнікаў Камянецкага РДК, народны хор «Чарнічанка» саўгаса «Маладая гвардыя» Брэсцкага раёна, народны хор «Колас» Гарадзецкага калгаса-камбіната імя Дзяржынскага Кобрынскага раёна, народны ансамбль песні «Галасы Палесся» ў г. Брэсце. Усе без выключэння хоры, створаныя Ігарам Паўлавічам за час яго шматгадовай творчай дзейнасці, дабіваліся выдатных мастацкіх вынікаў, высокага вакальна-тэхнічнага майстэрства, яркай выразнасці, і ўсе яныатрымлівалі званне народнага калектыву.

Ігар Паўлавіч — аўтар шматлікіх твораў, напісаных для хору. Многім вядомыя «Песня аб Кобрыне», напісаная на словы і музыку Ігара Чэрніка, такія яго песні, як «Каханай жанчыне», «Крынічанка», «Край беларускі», «Развітальная», «Песня аб маме» і шмат іншых. У 2008 г. выйшаў зборнік яго песень пад красамоўнай назвай «Песні сэрца». Паэтычнаму стылю Ігара Чэрніка ўласціва глыбокая шчырасць,павага да роднага краю, пашана да чалавека беларускай зямлі.

І. П. Чэрнік неаднаразовы пераможца шматлікіх конкурсаў, дыпламант розных фестываляў і удзельнік дзяржаўных канцэртаў. Па ўласнай ініцыятыве на грамадскіх пачатках ён вёў школу вакальна-харавога мастацтва Кобрынскага раёна, быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам абласных i раённых святаў, аказваў метадычную дапамогу шматлікім народным хорам Кобрынскага раёна, з’яўляўся кіраўніком на грамадскіх пачатках ансамбля «Гарадчанка» ААТ «Гарадзец-Агра»,створаным ім па асабістай ініцыятыве ўжо пасля выхаду на пенсію.

Нашага таленавітага земляка ведалі як у рэспубліцы, так i на прасторах былога СССР, i ганаровыя ўзнагароды – таму пацвярджэнне. Дзяржава, грамадскасць высока ацанілі талент і заслугі Ігара Паўлавіча. У снежні 1966 г. ён быў узнагароджаны медалём «За трудовое отличие», у 1973-м — знакам Міністэрства культуры СССР «Отличник культурного шефства над селом». Высокае званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР» (1975) Ігару Чэрніку прысвоена за ўзорную працу ў Кобрынскім Доме культуры, які пры яго дырэктарстве ў 1970-я гг. быў прызнаны лепшым у рэспубліцы. Узнагароджаны шматлікімі дыпломамі і граматамі. Лаўрэат трох Усесаюзных фестываляў народнай творчасці.

У 1971 г. — дэлегат з’езда дырэктараў Дамоў культуры СССР, на якім Беларусь прадстаўлялі толькі пяць чалавек. Радкі яго біяграфіі і асноўныя вехі творчасці адлюстраваны ў вядомым на абшарах СНД энцыклапедычным выданні «Кто есть кто в Республике Беларусь» (2005).

Больш за 60 гадоў Ігар Паўлавіч і яго верная спадарожніца жыцця, яго муза, жонка Валянціна Дзмітрыеўна пражываюць у шлюбе, які можна назваць узорным, бо іх сумеснае жыццё напоўнена каханнем і гармоніяй, узаемаразуменнем і падтрымкай.

Ігар Паўлавіч Чэрнік – унікальны чалавек,шматгранная і творчая асоба, дырыжор, кампазітар, былы кіраўнік народных хораў, таленавіты паэт.І хоць ён даўно ўжо на пенсіі, але працягвае займацца любімай справай.Усё свядомае жыццё гэтага выдатнага чалавека – гэта беззапаветнае служэнне людзям з дапамогай музыкі і песні.

І. П. Чэрнік памёр 29 жніўня 2022 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Черник Игорь Павлович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2005 : к 60-летию Победы в Великой Отечественной войне : [в 2 т.]. Минск, 2005. Т. 2. С. 367.
  2. Заслужаныя работнікі Беларусі. Чэрнік Ігар Паўлавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 429.
  3. Чэрнік, І. П. Гарадзецкі народны хор / І. П. Чэрнік // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 2. С. 509 : фат.
  4. Черник, И. П. Песни сердца : сборник вокально-хоровых произведений / Игорь Черник. – Брест : Альтернатива, 2007. – 24 с. – (ГУК «Брестский областной общественно-культурный центр»).
  5. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Чэрнік Ігар Паўлавіч // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 123–124 : фат. (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).
  6. Шляжко, Н. Окутаны любовью к песне : [о народном ансамбле песни «Черничанка», который свое название получил от имени первого руководителя И. Черника и названия населенного пункта Черни] / Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2022. 31 марта (№ 13). С. 20 : фот.
  7. Бакун, Е. Многие лета творческих поисков : [89-й день рождения отметил уникальный человек – заслуженный работник культуры БССР И. Черник] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2021. 8 верасня. С. 5.
  8. Дубіна, Л. «Усё жыццё – творчасць» : [адзначыў свой 85-гадовы юбілей заслужаны работнік культуры БССР І. П. Чэрнік] / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. 2017. 30 верасня. С. 4.
  9. Веренич, Т. Встреча с песней : [в Городецком детском саду – средней школе в рамках Года культуры встречали местный ансамбль «Городчанка», художественным руководителем которого является ИЧерник] / Тамара Веренич // Кобрынскі веснік. 2016. 30 лістапада. С. 3.
  10. Чэрнік, І. П. Успаміны ў юбілейны год : [І. П. Чэрнік, стваральнік народнага хору «Палескія перазвоны», – аб гісторыі 50-гадовага калектыву] / [І. П. Чэрнік ; гутарыла] Ірына Лесік // Кобрынскі веснік. 2015. 10 студзеня. С. 12.
  11. Лесик, И. Когда превыше благ земных духовное начало : [о композиторе, краеведе, заслуженном работнике культуры Белоруской ССР из д. Городец И. П. Чернике] / Ирина Лесик // Кобрынскі веснік. 2014. 13 снежня. С. 10.
  12. Казакова, А. Песни сердца Игоря Черника : [свой 80-летний юбилей отметил И. П. Черник] / Анна Казакова // Кобрин-информ. 2012. 30 августа. С. 5.
  13. Мельнік, Р. «Гарадчанка» спявае з душой : [споўніўся год з часу нараджэння ансамбля «Гарадчанка» ААТ «Гарадзец-агра», якім кіруе заслужаны работнік культуры Беларусі І. Чэрнік] / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. 2012. 14 красавіка. С. 4.
  14. Мельник, Р. «Городчанке» аплодировали стоя / Роман Мельник // Кобрынскі веснік. 2012. 27 чэрвеня. С. 3.
  15. Сасноўская, Я. Сяброўская сустрэча : [народны хор з Гарадца са сваім мастацкім кіраўніком, заслужаным работнікам культуры БССР ІЧэрнікам у рамках абмена творчымі планамі пабываў у Жабінцы] / Яўгенія Сасноўская // Кобрынскi веснiк. 2012. 22 лютага. C. 3.
  16. Сідарук, І. Жыццё на высокай ноце : [аб жыцці І. П. Чэрніка, кампазітара, заслужанага работніка культуры] / Ігар Сідарук // Кобрынскі веснік. 2012. 25 жніўня. С. 3.
  17. Максимчик, А. Песни искренней любви : [в Городце торжественно отмечался юбилей именитого хорового коллектива «Колос», созданного И. Черником в 1981 г.] / Алексей Максимчик // Кобрынскі веснік. 2011. 5 сакавіка. С. 12.
  18. Мельнік, Р. Песня лілася ад сэрца… : [артыстаў народнага хору «Колас» пад кіраўніцтвам І. П. Чэрніка запрасілі на справаздачна-выбарны сход ветэранскіх арганізацый дзяржаўных устаноў] / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. 2011. 2 красавіка. С. 3.
  19. Русак, Н. «Няздольных людзей не бывае»… : [карэспандэнт газеты сустрэлася з удзельнікамі народнага хору «Колас» пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры БССР І. Чэрніка] / Наталля Русак // Культура. 2007. 26 мая 1 июня (№ 21).
  20. Хільчук, М. Малы залатнік, ды дарагі : [аб Гарадзецкім народным хоры «Колас», кіраўніком якога з'яўляецца І. П. Чэрнік] / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. 2001. 20 студзеня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 346 разоў Апошняя змена Серада, 05 Кастрычнік 2022 10:21