Панядзелак, 22 Жнівень 2022 08:54

2022 г. — 45 гадоў з часу апублікавання рамана І. С. Клаза «Белая Русь» (1977), прысвечанага антыфеадальнаму паўстанню 1648 г. у г. Пінску

Ілья Сямёнавіч Клаз нарадзіўся 17 сакавіка 1922 г. у Магілёве. Яго бацька працаваў друкаром газеты «Звязда», сям’я жыла ў Мінску. Ілья Клаз закончыў сярэднюю школу, у 1939 г. паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. З 1941 г. на фронце, удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах, дайшоў да Берліна.

 

Пасля дэмабілізацыі (1945) Ілья Клаз працаваў у рэспубліканскім маладзёжным друку (літсупрацоўнік, загадчык аддзела культуры і літаратуры газеты «Сталинская молодёжь»). У 1947–1950 гг. метадыст Камітэта па справах культасветустаноў пры Савеце Міністраў БССР, потым літсупрацоўнік армейскіх газет «На страже Родины» і «Во славу Родины» (1950–1956). Працяглы час быў загадчыкам аддзела інфармацыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Займаўся масава-арганізатарскай работай – спачатку ў Літаратурным музеі Янкі Купалы (1966–1969), потым у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР. З 1975 г. — літсупрацоўнік бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі».

Літаратурную творчасць Ілья Клаз пачаў з вершаў і нарысаў, якія публікаваліся з 1940 г. Як празаік дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «Жарцы». Напісаная на гістарычным матэрыяле, яна ўзнаўляе гераічныя старонкі партызанскай барацьбы на Беларусі ў Айчынную вайну 1812 г. Гістарычную тэматыку распрацоўваў таксама ў аповесці пра К. Каліноўскага «Подснежники» (1957), рамане «Белая Русь» (1977). І. С. Клаз памёр 22 снежня 1980 г., пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска.

Гістарычны раман Ільі Клаза «Белая Русь» прысвечаны адной з яркіх старонак у гісторыі вызваленчай вайны народных мас Беларусі ў ХVІІ ст. У цэнтры твору — паўстанне ў г. Пінску ў 1648 г., дзе гараджане і сяляне сумесна з казакамі, якіх прыслаў на дапамогу Багдан Хмяльніцкі, вядуць смяротную барацьбу з войскамі гетмана літоўскага Януша Радзівіла.

Антыфеадальная казацка-сялянская вайна рускага (украінскага і беларускага) народа пачалася ў 1648 г., вялася за захаванне сваёй праваслаўнай веры, за ўратаванне ад прыгнёту польскіх паноў і за стварэнне сваёй дзяржаўнасці. На яе чале стаяў гетман Багдан Хмяльніцкі. Асноўная маса паўстанцаў была сялянамі і прыроднымі казакамі, а таксама мяшчане і дробнае праваслаўнае духавенства.

Нацыянальныя і рэлігійныя дзеячы Украіны таго часу лічылі, што да Русі (Украіны) належыць і Паўднёвая Беларусь. У пачатку 1648 г. тут з’явілася многа агітатараў, якія заклікалі мяшчан і сялян на барацьбу за веру і волю. Для ўздыму барацьбы Б. Хмяльніцкі накіраваў на Беларускае Палессе некалькі буйных загонаў казакаў. Гараджане палескіх гарадоў з энтузіязмам сустракалі пасланцаў гетмана і адчынялі ім вароты.

У жніўні 1648 г. праваслаўныя гараджане Пінска паднялі паўстанне. Феадалы ВКЛ сабралі значныя сілы наёмнікаў і шляхты для задушэння паўстання. У кастрычніку Пінск быў асаджаны, а затым узяты штурмам, гараджане змагаліся за кожную вулачку, за кожны дом, ляхі неслі вялікія страты. Па загаду маршалка Лукаша Ельскага горад быў спалены, загінулі 10 тысяч чалавек (палова насельніцтва горада).

Тым часам паўстанне разгортвалася ў Пінскім павеце, паўстанцкім цэнтрам стаў Давыд-Гарадок. Барацьба на Беларусі працягвалася яшчэ год, але з затуханнем яе на Украіне, спыненнем адтуль казацкай дапамогі, яна пайшла на спад.

Раман «Белая Русь» напісаны на рускай мове, складаецца з дзвюх частак: «Тяжкое время» і «Одной дорогой».Сцэны мірнага жыцця жыхароў Пінска перамяжаюцца з апісаннем двара магната Радзівіла і баявых дзеянняў. Праз увесь раман праходзіць галоўны герой — падмайстар кавальскага цэху Аляксашка Церабень, які вымушаны быў пакінуць Полацк, трапіў у Пінск, тут заняўся кавальскай справай. Але мірнага жыцця не атрымалася.

Аўтар стварыў вобраз кіраўніка казацкага атрада Антона Нябабы. Летам 1648 г. атрад Нябабы сумесна з беларускімі паўстанцамі граміў шляхту і каталіцкае духавенства ў раёне Беразіны і Прыпяці. У верасні атрад Нябабы далучыўся да жыхароў Пінска. Казакі, рамеснікі і гарадская бяднота мужна абаранялі горад ад польска-літоўскага войска. У баю загінулі Антон Нябаба і ўвесь яго атрад.

Твор Ільі Клаза быў перавыдадзены ў 1983 г., але і другое выданне не выклікала якой-небудзь значнай ўвагі крытыкаў. Сярод чытачоў, аматараў гістарычнай прозы, кніга «Белая Русь» і цяпер карыстаецца попытам. Выданне таксама цікава для пінскіх краязнаўцаў, якія знойдуць у ім этнаграфічныя асаблівасці жыцця палешукоў таго часу, вобразы народных барацьбітоў і гістарычных персанажаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Клаз, И. С. Белая Русь : роман / Илья Клаз. Минск : Мастацкая літаратура, 1983. 427, [3] с. : ил.
  2. Клаз, И. С. Белая Русь : роман / Илья Клаз ; [редактор В. Б. Идельсон ; художник В. И. Клименко]. Минск : Мастацкая літаратура, 1977. 300, [2] с. : ил.
  3. Клаз Ілья / А. С. Гурская ; [бібліяграфія: В. М. Грышкевіч] // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 3. С. 258–259.
  4. Мялешка, В. І. Антыфеадальная вайна 1648–1951 на Беларусі / В. І. Мялешка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 133–135.
  5. Абэцэдарскі, Л. С. Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648–54 / Л. С. Абэцэдарскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 185–186.
  6. Пінска абарона 1648 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 495–496.
  7. Чаропка, С. А. Казацка-сялянская вайна ў Беларусі 1648–1651 гг. : аўтарэферат дысертацыі... кандыдата гістарычных навук / Станіслаў Аляксандравіч Чаропка ; БДПУ. – Мінск, 2009. – 26 с.
  8. Бярнацкi, В. Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648–1649 гг. / Вітальд Бярнацкі. – Вiльня : Iнстытут беларусiстыкi, 2010. – 183 с.
  9. Соніч, А. Пра пінскі бунт, «страшную камету» і казацкую палітыку : [паўстанне 1648 г. у Пінску] / А. Соніч // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 85–89.
  10. Прокопович, А. Л. Казацкий бунт 1648 года на Полесье / А. Л. Прокопович // Выявление интеллектуального и ресурсного местного потенциала и обеспечение устойчивого развития Полесского региона : материалы VI научно-практической конференции исследований молодых ученых Пинщины, 24 апреля 2008 г. Пинск, 2008. C. 166–168.
  11. Асіноўскі, С. «Гарады адчынялі і брамы...» : [паўстанне Б. Хмяльніцкага (1648 г.) на Беларусі] // Поле памяці : постаці і падзеі беларускай мінуўшчыны / Святаслаў Асіноўскі. Мінск : Полымя, 1999. С. 71–86.
  12. Боровко, В. Ю. Этнографический материал в произведениях русскоязычных прозаиков Беларуси второй половины ХХ века : [упоминается роман И. Клаза «Белая Русь»] / В. Ю. Боровко // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя філалагічных навук. 2009. № 1. С. 52–57.
  13. Чаропка, С. А. Тэрор як форма барацьбы ў казацка-сялянскай вайне 1648–1651 гадоў на Беларусі / С. А. Чаропка // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. 2016. № 4. С. 6772.
  14. Герасімовіч, С. М. Казацка-сялянская вайна 1648–1651 гг. на беларускіх землях : VIII клас / Сяргей Герасімовіч // Беларускі гістарычны часопіс. 2013. № 2. С. 67–73.
  15. Чаропка, С. Палессе ў полымі войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя / Станіслаў Чаропка // Arche. 2011. № 3. С. 235–269.
  16. Чаропка, С. Палескі паход Януша Радзівілла 1649 г. : [падаўленне паўстання ў Давыд-Гарадку, Тураве і інш. гарадах] / Станіслаў Чаропка // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 1. С. 15–22.
  17. Бярнацкі, В. Паўстанне Хмяльніцкага : Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648–1649 гг. / Вітальд Бярнацкі // Arche. 2008. № 1–2. С. 45–222.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 276 разоў