Серада, 31 Жнівень 2022 09:41

22 верасня 2022 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Фёдара Максімавіча Алісіевіча (1917–1975), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Кобрына

Фёдар Максімавіч Алісіевіч нарадзіўся 22 верасня 1917 г. у в. Каўпыніца (цяпер в. Колас) Крупскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў гістарычны факультэт Аршанскага настаўніцкага інстытута (1939). З кастрычніка 1939 г. да кастрычніка 1940 г. Фёдар Алісіевіч служыў у Чырвонай арміі.

 

У красавіку — кастрычніку 1943 г. вучыўся ў Беларускай школе падрыхтоўкі партызанскіх кадраў, якая была размешчана на станцыі Сходня Хімкінскага раёна Маскоўскай вобласці. У школе рыхтавалі палітработнікаў і арганізатараў партызанскага руху, падрыўнікоў і інструктараў мінна-падрыўной справы і інш. Адначасова займаліся 170–200 чалавек.

У кастрычніку 1943 г. Фёдар Алісіевіч быў закінуты ў Кобрынскі раён у якасці ўпаўнаважанага ЦК ЛКСМБ па раёну. Кобрынскі падпольны райкам ЛКСМБ пачаў работу 1 верасня 1943 г. на базе партызанскага атрада імя В. І. Чапаева. Сакратаром быў зацверджаны Барыс Якаўлевіч Сцяпанаў (да 1 студзеня 1944 г.). Фёдар Алісіевіч быў сакратаром па прапагандзе, а з 1 студзеня па 19 чэрвеня 1944 г. — сакратаром. Членамі райкама былі: Яфім Герасімавіч Болдыраў, Мікалай Сцяпанавіч Усікаў, Мікалай Фёдаравіч Якунін, Сцяпан Пракопавіч Дзенісюк. За перыяд работы Фёдара Алісіевіча ў раёне створана 25 падпольных камсамольскіх арганізацый,завербавана ў падпольную арганізацыю 110 чалавек моладзі.

Брыгада імя В. І. Чапаева была створана ў студзені 1944 г. на базе атрада імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў красавіку 1942 г.), дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Антопальскага і Кобрынскага раёнаў. Камандзіры К. С. Гапасюк (студзень — май 1944 г.), Ф. М. Баранаў (май — ліпень 1944 г.); камісары М. П. Леановіч (студзень — ліпень 1944 г.), М. С. Карпічэнка; начальнікі штаба І. П. Курапаў (студзень — май 1944 г.), В. В. Сцёпкін.

З 5 сакавіка 1944 г. Фёдар Алісіевіч прызначаны памочнікам камісара партызанскай брыгады імя В. І. Чапаева па камсамоле, адначасова з’яўляўся сакратаром падпольнага райкама ЛКСМБ, членам Брэсцкага падпольнага абкама ЛКСМБ. Ён шмат працаваў сярод насельніцтва з мэтай згуртаванасці ў аказанні дапамогі партызанам.Карыстаўся аўтарытэтам сярод насельніцтва і партызан.

23 мая 1944 г. у Спораўскім лесе (Бярозаўскі раён), дзе дыслацыравалася брыгада імя Я. М. Свярдлова Брэсцкага партызанскага злучэння, адбылася абласная камсамольская канферэнцыя. Сабраліся дэлегаты ад райкамаў камсамола, камсамольскіх арганізацый атрадаў. Удзельнікам тлумачылі задачы, атрыманыя ад Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Блізіліся рашаючыя баі ў сувязі с наступленнем савецкіх войск па тэрыторыі Беларусі.

Партызаны брыгады імя В. І. Чапаева ў лютым — маі 1944 г. правялі 32 дыверсіі на чыгуначным участку Кобрын — Івацэвічы, знішчылі 22 варожыя аўтамашыны, 7 мастоў на шашэйных дарогах. У чэрвені падарвалі 940 рэек, вялі баі з ворагам, які спрабаваў уварвацца ў зону дыслакацыі брыгады. 19 ліпеня брыгада (4 атрады, 886 партызан) злучылася з Чырвонай арміяй.

Адразу пасля вызвалення Кобрынскага раёна была адноўлена дзейнасць партыйных і савецкіх органаў улады, а таксама дзейнасць камсамольскай арганізацыі раёна. У цяжкі пасляваенны час у большай часткі насельніцтва захавалася вера ў будучыню, надзея, чалавечнасць і працоўны энтузіязм. Жыццё праходзіла пад кантролем партыі і нельга адмаўляць той вялізарнай ролі, якую яна сыграла ў пасляваенны час.

З сакавіка 1945 г. да снежня 1950 г. ФёдарМаксімавіч працаваў у апараце Брэсцкага абкама ЛКСМБ, пазней Брэсцкага абкама КПБ. Прыклаў шмат намаганняў па наладжванні мірнага жыцця насельніцтва і аднаўлення разбуранай гаспадаркі.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1948), медалём «Партизану Отечественной войны» I ступені (1944) і інш. Удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына» (рашэнне гарадскога райвыканкама № 203 ад 18.07.1964 г.).

Ф. М. Алісіевіч заўчасна памёр у 1975 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Алисиевич Федор Максимович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 30.
  2. Алісіевіч Фёдар Максімавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 213. (Арганізатары і кіраўнікі партызанскага руху на Кобрыншчыне).
  3. Падпольныя райкомы. Кобрынскі падпольны райком ЛКСМБ (1.9.1943–19.7.1944) // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 176.
  4. Шавяла, Р. М. Брэсцкі падпольны абком ЛКСМБ : [узгадваеецца Ф. М. Алісіевіч] / Р. М. Шавяла // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 101–102.
  5. Партызанская брыгада імя В. І. Чапаева // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 440.
  6. Партызанская брыгада імя В. І. Чапаева // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 203–204.
  7. Алісіевіч ФёдарМаксімавіч// Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2018. С. 9.
  8. Курачук, С. История кобринского края в лицах. Почетный гражданин города Кобрина. Ф. М. Алисиевич, П. С. Сидорук, Л. М. Сандалов, Д. К. Борисов, И. М. Подберезин / страницу подготовила Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2021. 25 марта (№ 12). С. 4.
  9. Курачук, С. Достойным – почётное звание! : [продолжением проекта Кобринской центральной районной библиотеки «Славутыя імёны маёй малой радзімы» стало издание биобиблиографического справочника «Імі ганарыцца Кобрыншчына» и создание полнотекстовой базы данных «Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага краю»] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2018. 6 декабря (№ 49). С. 4.
  10. Алисиевич Федор Максимович // Список почетных граждан города Кобрина / отдел идеологической работы Кобринского райисполкома. Кобрин, 2002. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 245 разоў