Аўторак, 15 Лістапад 2022 09:13

2022 г. — 200 гадоў з часу пабудовы царквы Параскевы Пятніцы ў в. Сычы (Брэсцкі р-н; 1822), помніка архітэктуры з рысамі класіцызму

У в. Сычы Брэсцкага раёна яшчэ ў ХVІ ст. існавала царква Святога Духа, звесткі аб якой знаходзяцца ў «Инвентаре королевских деревень Нехолстов и Сычей, лежащих в Брестском воеводстве» за 1566 г. Па дадзеных Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці царква была пабудавана ў 1526 г. У ХVІІ альбо ў ХVІІІ стст. была пабудавана уніяцкая царква. На яе месцы ў 1822 г. памешчыкам Іосіфам Высоцкім была ўзведзена мураваная царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы.

 

Пра ўмовы з’яўлення новай царквы ў Сычах вядома вельмі мала, невядомы ні архітэктар, ні майстры. Царква будавалася як уніяцкая, а праваслаўнай стала пасля скасавання Уніі (1839). Апошнім уніяцкім пробашчам быў Матэвуш Сасноўскі, які даў пісьмовую згоду на далучэнне да праваслаўя.

Архітэктура Свята-Параскевінскага храма вылучаецца спрошчанасцю. Будынак храма ўзведзены з цэглы і камяню. Прамавугольны ў плане кампактны асноўны аб’ём накрыты 2-скатным дахам, у цэнтры якога высокі 8-гранны барабан з цыбульчатай галоўкай. Над алтарнай часткай — вальмавы дах. Над галоўным уваходам 3-ярусная 4-гранная шатровая званіца з цыбульчатай галоўкай у завяршэнні. Звонку плоскасныя сцены расчлянёны арочнымі аконнымі праёмамі (па 3 на бакавых фасадах) і пілястрамі ў прасценках. Па перыметру храм аперазаны прафіліраваным карнізам.

У 1881 г. храм быў часткова перабудаваны, тады над дахам з’явіліся барабан з цыбульчатай галоўкай і такая ж галоўка над званіцай, устаноўлены новы іканастас. У канцы ХІХ ст. Сычы былі даволi вялікім сялом, тут налічвалася 400–475 жыхароў. У 1897 г. прыход налічваў 1486 прыхаджан у вёсках Сычы, Нехалсты і Яцкавічы, дзейнічала царкоўна-прыходская школа. У час Першай сусветнай вайны былі страчаны царкоўныя званы.

У 1924–1936 гг. царкве належалі 85 дзесяцін зямлі. У 1927–1936 гг. прыход адносіўся да царквы ў Вельямовічах, таму службы правіліся рэдка. Царкве быў патрэбны рамонт, дом святара знаходзіўся ў паўразбураным стане. У 1936 г. па распараджэнні епіскапа Пінскага Аляксандра храм быў адрамантаваны, а для рамонту дома святара набыты матэрыялы. У час Вялікай Айчыннай вайны храм дзейнічаў, людзі маліліся аб завяршэнні вайны, выгнанні нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За час акупацыі загінулі 5 жыхароў Сычоў, на фронце — 22.

У богаборчыя гады царкву адстаялі вернікі. Жанчыны з дзяцьмі прыйшлі пад сцены і не далі чужынцам залезці на купалы і спілаваць крыжы. Грамадская нязгода была такой моцнай, а настрой вернікаў такі рашучы, што багаборцы адступілі.

Да 1960-х гг. у царкве захоўвалася цудатворная ікона прасвятой Багародзіцы — спіс іконы Пачаеўскай Божай Маці, выкананы ў канцы ХVІІ ст. Згодна з мясцовымі паданнямі, заступніцтвам Багародзіцы перапыняліся эпідэміі халеры ў Сычах, Калодным і Нехалстах, шматлікія вернікі атрымлівалі ацаленні ад хвароб. Цяпер гэты каштоўны абраз страчаны, але магчыма, што ён знаходзіцца ў фондах Музея старажытнабеларускага мастацтва ў Мінску. Дасюль у храме захаваліся некалькі старажытных уніяцкіх ікон, якія сведчаць аб пераемнасці пакаленняў. У 2008 г. па віне тагачаснага святара былі страчаны некалькі каштоўных твораў уніяцкага мастацтва.

Цяпер царква Параскевы Пятніцы ў Брэсцкім раённым благачынні Брэсцкай епархіі, з’яўляецца прыпісной да Уваскрасенскага прыходу ў Вельямовічах. Настаяцель — іерэй Аляксей Аляксандравіч Логашаў. Да прыходу адносяцца Вялікая Ракавіца, Малая Ракавіца, Нехалсты, Яцкавічы. Пры храме дзейнічаюць Нядзельная школа і прыходская бібліятэка. Каля царквы знаходзяцца старажытныя пахаванні, большасць з якіх ужо сцёр час: толькі дзе-нідзе захаваліся сціплыя надмагільныя помнікі ХІХ ст.

Сардэчны клопат пра сваю царкву людзі выказваюць і сёння. У 2008 г. па ўласнай ініцыятыве пенсіянерка Таццяна Мікалаеўна Мінінкова аднавіла крыжы, што некалі стаялі вакол царквы і канчаткова спарахнелі. У пачатку 2000-х гг. прыхаджане правялі рамонт храма. З дапамогай брэсцкіх прадпрымальнікаў вакол храма была ўстаноўлена агароджа, выкладзена тратуарнай пліткай дарожка, атынкаваны сцены звонку, адрамантаваны вокны, падлога і столя. Чарговы рамонт пачаўся ў 2022 г.

У Сычах адзначаюць тры прыходскія святы: другі дзень пасля Пяцідзесятніцы (Святой Троіцы) — Духаў дзень (у памяць першага ў вёсцы храма Святога Духа); 21 верасня — Раздво Прасвятой Багародзіцы (у памяць іконы Пачаеўскай Божай Маці); 10 лістапада — свята велікамучаніцы Параскевы Пятніцы. Гэта вельмі рэдкі феномен існавання жывой шматвяковай народнай памяці: з пакалення ў пакаленне вернікамі перадаваліся звесткі, што першая мясцовая святыня пабудавана ў 1526 г. 10 лістапада 2022 г. святочную літругію правёў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.

Свята-Параскевінская царква ў Сычах — помнік архітэктуры з рысамі класіцызму і традыцыйнага мясцовага дойлідства. Помнік рэгіянальнага значэння занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000115).

 

 Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Сычёвская церковь Параскевы Пятницы// Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 395.
  2. Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы : [в. Сычы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 390.
  3. Свята-Пакроўская царква : [в. Сычы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 192.
  4. Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : [царква вёскі Сычы] / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 523.
  5. Церковь : [д. Сычи] / Е. Ю. Петросова // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 144.
  6. Царква : [в. Сычы] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 109.
  7. Сычы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 3. С. 137–138.
  8. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу:  Сычы. С. 99–100.
  9. Ролич, О. 200 лет для Паракевы! : [об истории церкви в д. Сычи Брестского района] / Ольга Ролич // Заря. 2022. 10 ноября. С. 18.
  10. Павлова, Л. Церковь в Сычах держится молитвою семнадцати поколений / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 24 марта (№ 12). С. 25.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 244 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:16