Пятніца, 23 Снежань 2022 09:16

24 снежня 2022 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Ільі Міхайлавіча Падбярэзіна (1902–1990), удзельніка Грамадзянскай вайны, вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Ганаровага грамадзяніна г. Кобрына

Ілья Міхайлавіч (Маісеевіч) Падбярэзін нарадзіўся 24 снежня 1902 г. у г. Навазыбкаў Чарнігаўскай губерні (цяпер Бранскай вобласці). З 8 па 23 лютага 1918 г. знаходзіўся ў Чырвонай гвардыі (партызанскім атрадзе) у раёне г. Унеча, затым служыў у 1-м савецкім Тарашчанскім партызанскім палку. Разведчыкам, камандзірам аддзялення і начальнікам каманды конных разведчыкаў удзельнічаў у баях супраць германскіх войскаў, гайдамакаў і пятлюраўцаў.

 З лютага 1919 г. Ілья Падбярэзін быў ад’ютантам камандзіра палка, затым скончыў кароткатэрміновыя курсы камандзіраў у Кіеве. Курсантам удзельнічаў у баях на Украіне, двойчы паранены. 26 мая 1920 г. скончыў навучанне і накіраваны памочнікам камандзіра сотні ў 1-ы кавалерыйскі полк 8-й кавалерыйскай дывізіі чырвонага казацтва.У складзе 14-й арміі Заходняга фронту ваяваў з палякамі ў раёнах гарадоў Чорны Востраў, Ліцін, Праскураў. З ліпеня – памочнік камандзіра эскадрона ў 10-й кавалерыйскай дывізіі 3-га коннага корпуса 4-й арміі. За гэтыя баі Ілья Падбярэзін быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У студзені 1922 г. назначаны ў 2-ю Тульскую стралковую дывізію ў г. Клімаў на пасаду памочніка камандзіра асобнага эскадрона, у жніўні працаваў выкладчыкам у школе сувязі дывізіі. Са снежня камандаваў эскадронам у 39-м кавалерыйскім палку 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі ў гарадах Мінск і Рагачоў. Скончыў ваенныя акадэміі імя М. Фрунзе (1933) і Генеральнага штаба.

З лістапада 1936 г. – камандзір асобнага эскадрона 35-й стралковай Чырванасцяжнай дывізіі ОКДВА. Летам 1938 г. камандзір разведвальнага батальёна І. М. Падбярэзін прымаў удзел у баях ля возера Хасан. Са снежня 1938 г. па ліпень 1939 г. вучыўся на кавалерыйскіх курсах у Новачаркаску, затым прызначаны начальнікам штаба 33-га Церскага казацкага палка 10-й Церска-Стаўрапольскай казачай кавалерыйскай дывізіі. У лютым 1941 г. пераведзены ў 12-ю кавалерыйскую дывізію на пасаду начальніка штаба 107-га казацкага палка.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны маёр І. М. Падбярэзін прызначаны камандзірам 56-га асобнага разведвальнага батальёна 56-й танкавай дывізіі 26-га механізаванага корпусу. Пачаў вайну на Бранскім фронце, ваяваў на розных франтах. У баях пад Трубчэўскам быў паранены, але хутка вярнуўся ў строй. Удзельнічаў у Смаленскай бітве. Затым прызначаны выкладчыкам тактыкі Чкалаўскага кавалерыйскага вучылішча. У лістападзе пераведзены на пасаду начальніка штаба 55-й асобнай курсанцкай брыгады і з’ехаў пад Маскву. У складзе 1-й ударнай арміі Заходняга фронту брыгада ўдзельнічала ў контрнаступленні пад Масквой.Са жніўня 1942 г. уступіў у камандаванне 150-й асобнай стралковай брыгадай. У складзе 20-й арміі брыгада паспяхова дзейнічала ў Пагарэла-Гарадзішчанскай наступальнай аперацыі.Са снежня 1943 г. камандаваў 1297-м стралковым палком 160-й стралковай дывізіі. З гэтымі палкамі ўдзельнічаў у баях пад Чавусамі і на аршанскім напрамку. У пачатку студзеня 1944 г. пераведзены на пасаду камандзіра 692-га стралковага палка 212-й стралковай дывізіі.

У ліпені 1944 г. падчас Беларускай аперацыі ўдзельнічаў у вызваленні Пінска і наступленні ў напрамку Кобрына, Брэста. Полк І. М. Падбярэзіна разам з іншымі часткамі 212-й стралковай дывізіі ў гэтыя дні фарсіраваў рэкі Прыпяць і Піна і выйшаў да шашы Пінск – Кобрын – Брэст, адразаючы праціўніку шлях адступлення на захад.

19 ліпеня, фарсіраваўшы раку Мухавец, падышлі да Кобрына. Горад быў важным апорным пунктам абароны гітлераўцаў. Умацаванні вакол яго пачалі ўзводзіць яшчэ вясной, сагнаўшы для гэтага сотні мясцовых жыхароў. Некалькі штурмавых груп атакавалі самыя ўразлівыя ўчасткі варожай абароны, захапілі траншэі першай лініі, задушылі галоўныя агнявыя кропкі. Следам асноўныя сілы палка нанеслі ўдары з флангаў і ўварваліся ў горад, знішчаючы штабы, лініі сувязі, тылавыя падраздзяленні гітлераўцаў. Неўзабаве да паўднёвых ускраін падаспела 12-я стралковая дывізія Героя Савецкага Саюза Д. К. Малькова. Праз чатыры гадзіны горад быў поўнасцю ачышчаны ад ворага. Загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага полк І. М. Падбярэзіна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, яму прысвоена найменне «Кобрынскі», многіх байцоў і камандзіраў узнагародзілі ордэнамі і медалямі. Ілья Міхайлавіч удастоены ордэна Кутузава III ступені.

У пачатку мая 1945 г. І. М. Падбярэзін залічаны слухачом у Вышэйшую ваенную акадэмію імя К. Я. Варашылава. 31 жніўня 1945 г., пасля заканчэння курсаў, накіраваны ў распараджэнне Ваеннага савета Асобай ваеннай акругі (Кёнігсберг). З ліпеня 1947 г. – намеснік камандзіра 29-й асобнай гвардзейскай стралковай Латышскай брыгады ў Рызе. У кастрычніку прызначаны камандзірам 154-га гвардзейскага стралковага Аршанска-Полацкага Чырванасцяжнага палка 51-й гвардзейскай стралковай Віцебскай ордэна Леніна Чырванасцяжнай дывізіі імя К. Я. Варашылава ў г. Клайпеда. 15 студзеня 1953 г. палкоўнік І. М. Падбярэзін звольнены ў запас.

У 1965 г. у гонар вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе ўстанавілі стэлу. Пазней адкрылі помнік, на плітах якога высечаныя назвы 12 воінскіх часцей, якія вызвалялі горад і атрымалі найменне «Кобрынскі», партызанскай брыгады і партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Кобрынскага раёна. У гонар 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўдзелу ў баях за Кобрын рашэннем выканкама Кобрынскага гарадскога Савета дэпутатаў № 104 ад 14 чэрвеня 1974 г. Ілья Міхайлавіч Падбярэзін удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына».

І. М. Падбярэзін узнагароджаны ордэнам Леніна (21.02.1945), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1920, 30.03.1943, 03.11.1944, 20.06.1949), Чырвонай Зоркі (23.02.1938), Аляксандра Неўскага (15.10.1944), Кутузава III ступені (21.08.1944), Айчыннай вайны II ступені (06.04.1985) і шматлікімі медалямі, у тым ліку «За отвагу» (28.10.1967), «За оборону Москвы» (18.11.1944), «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (23.06.1945).

Ілья Міхайлавіч Падбярэзін памёр у 1990 г. у г. Рыга. Хавалі яго з вайсковымі ўшанаваннямі: з ружэйным залпам над магілай і з урачыстым маршам узвода Ганаровай варты. Пра свайго легендарнага бацьку яго сын, журналіст і пісьменнік Барыс Падбярэзін, расказаў у кнізе «Память» (2015), а таксама ў зборніку «Папина война», які дзеці франтавікоў напісалі ў памяць аб сваіх родных.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Подберезин Илья Михайлович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 32.

  2. Подберезин Илья Михайлович // Список почетных граждан города Кобрина / отдел идеологической работы Кобринского райисполкома. Кобрин, 2002. С. 2.

  3. Падбярэзін Ілья Міхайлавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 237.

  4. Подберезин Илья Михайлович // Великая Отечественная. Комдивы :военный биографический словарь/ Д. А. Цапаев [и др.]. Москва : Кучково поле, 2014. Т. 5. С. 34–36.

  5. Подберезин, Б. Память / Борис Подберезин. – Рига : Radars, 2015.

  6. О присвоении звания «Почетный граждан города Кобрина» Подберезину Ивану Фёдоровичу : решение исполнительного комитета Кобринского городского Совета депутатов трудящихся, 14 июня 1974 г., № 104 // Зональный государственный архив в г. Кобрине. Ф. 186. Оп. 1. Д. 432. Л. 20.

  7. Камінскі, М. І. Кобрынскія вайсковыя часці : [узгадваецца І. М. Падбярэзін] / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 270.

  8. 120 гадоў з дня нараджэння І. М. Падбярэзіна (1902) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 55.

  9. Падбярэзін Ілья Міхайлавіч // Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. 2-е выд., дап. Кобрын, 2020. С. 24–25.

  10. Курачук, С. История кобринского края в лицах. Почетный гражданин города Кобрина. Ф. М. Алисиевич, П. С. Сидорук, Л. М. Сандалов, Д. К. Борисов, И. М. Подберезин / страницу подготовила Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2021. 25 марта (№ 12). С. 4.

  11. Курачук, С. Достойным – почётное звание!: [продолжением проекта Кобринской центральной районной библиотеки «Славутыя імёны маёй малой радзімы» стало издание биобиблиографического справочника «Імі ганарыцца Кобрыншчына» и создание полнотекстовой базы данных «Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю»] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2018. 6 декабря (№ 49). С. 4.

  12. Ілья Міхайлавіч Падбярэзін : [Ганаровы грамадзянін г. Кобрына] // Кобрынскі веснік. 2002. 20 ліпеня.

 

Чытаць 199 разоў Апошняя змена Пятніца, 23 Снежань 2022 09:19