Чацвер, 19 Студзень 2023 09:28

25 ліпеня 2023 г. – 125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Казюка (1898–1978), партыйнага дзеяча, педагога, рэдактара

Мікалай Васільевіч Казюк нарадзіўся 25 ліпеня 1898 г.у в. Корчыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Усеагульная галеча не дазволіла юнаку атрымаць першапачатковую адукацыю. Мікалай вучыўся грамаце ад дарослых людзей, а потым усяго тры зімы хадзіў у школу.

 У час Першай сусветнай вайны Мікалай Казюк з бежанцамі трапіў у Расію, на Паволжжа, працаваў малотабойцам у кузнечных майстэрнях. З лютага 1918 г. служыў добраахвотнікам у Чырвонай арміі, ваяваў на франтах Грамадзянскай вайны, быў тройчы паранены, у 1919 г. кантужаны і дэмабілізаваны ў г. Саратаве.

У маі 1921 г. Саратаўскі абкам партыі накіраваў Мікалая Казюка на вучобу ў Маскву. Закончыў вячэрні рабфак Маскоўскага ўніверсітэта (1924), потым – Камуністычны інстытут журналістыкі, аспірантуру Навукова-даследчага камерцыйнага інстытута. Вывучаў філасофска-эканамічную літаратуру, сувязь эканомікі і палітыкі. Працаваў у газетах «Рабочая Москва», «Московская деревня»,з 1927 г. – у часопісе «Деревенский коммунист». У 1931 г. у Цэнтральным выдавецтве народаў СССР выйшла брашура Мікалая Казюка «Другая бальшавiцкая вясна». У 1932 г. яго запрасілі на пасаду інструктара культурна-прапагандысцкага аддзела ЦК ВКП(б), затым працаваў у аддзеле друку.

У 1936 г.Мікалай Васільевіч пераведзены на працу ў ЦК КП(б) Беларусі на пасаду загадчыка аддзела друку і выдавецтваў. Ён быў першым у спісе дэлегацыі, якая 29 лістапада 1936 г.уручала І. В. Сталіну на VIII Усесаюзным з’ездзе Саветаў знакамітае «Пісьмо беларускага народа Вялікаму Сталіну».

2 кастрычніка 1937 г. Бюро ЦК КП(б)Б разгледзела справу МікалаяКазюка і за «притупление политической бдительности к врагам народа Поссе и др., выразившееся в неразоблачении их, будучи в близких отношениях с ними», абвясціла яму вымову з унясеннем у асабістую справу. Захавалася стэнаграма пасяджэння, у якой сцвярджалася, што па прапанове наркама НКУС Бермана матэрыялы пра Казюка былі перададзены ў органы НКУС для далейшага расследавання. М. В. Казюк апелюе ў Камісію партыйнага кантролю пры ЦК ВКП(б), якая 10 красавіка 1938 г. вымову зняла.

У лістападзе 1937 г. М. В. Казюк быў прызначаны дырэктарам (рэктарам) Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В. В. Куйбышава. Чытаў лекцыі па гісторыі эканамічных вучэнняў.

28 ліпеня 1938 г. Мікалая Казюка арыштавалі па абвінавачванні ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі. У ходзе следства абвінавачванне не пацвердзілася, і 8 сакавіка 1939 г.быў вызвалены.

На ранейшую пасадуМ. В. Казюк не вярнуўся. Працаваў галоўным рэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. Сустракаўся з Я. Коласам, Я. Купалам, Ц. Гартным, М. Лыньковым і іншымі беларускімі пісьменнікамі. Даводзілася Мікалаю Васільевічу пісаць рэцэнзіі на мастацкія творы, хоць гэта і не быў яго профіль працы. 28 сакавіка 1940 г. Мікалай Казюк ужо ў якасці галоўнага рэдактара Дзяржаўнага выдавецтва пры СНК БССР прысутнічаў у ЦК КП(б)Б на вядомай нарадзе па пытанні рэформы беларускага правапісу.

У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Заходнім фронце, змагаўся на подступах да Смаленска. У адным з баёў быў цяжка кантужаны і адпраўлены ў шпіталь за Маскву. У снежні 1941 г. яго накіравалі начальнікам палітаддзела Залесаўскай машынатрактарнай станцыі Арэнбургскай вобласці. Сельскія працаўнікі вырошчвалі хлеб, усе сілы аддавалі фронту.

У 1943 г. М. В. Казюка зноў залічылі ў армію, загадам Галоўнага палітупраўлення арміі ён атрымаў прызначэнне на выкладчыцкую працу ў Ваенна-паветраную акадэмію, якая зараз носіць імя Ю. А. Гагарына. Калі вораг падыходзіў да Масквы, акадэмія перабазіравалася ў горад Чкалаў (Арэнбург), куды Мікалай Васільевіч прыбыў і адразу ж прыступіў да распрацоўкі лекцый па марксізму-ленінізму, гісторыі партыі. У маі 1944 г. акадэмія пераехала на сваё ранейшае месца у пасёлак Моніна пад Масквой.

У 1947 г. у лекцыйнай зале сярод слухачоў Мікалая Васільевіча лічылася 208 Герояў Савецкага Саюза, 20 – двойчы Герояў і тройчы – адзін (Іван Кажадуб). У акадэміі ішла інтэнсіўная падрыхтоўка лётчыкаў, здольных штурмаваць космас. Слухачамі Мікалая Васільевіча былі таленавітыя лётчыкі Георгій Берагавы і Уладзімір Шаталаў, якія паспяхова закончылі Ваенна-паветраную акадэмію ў 1956 г., і іншыя будучыя касманаўты. Нярэдка выступаў з лекцыямі ў Зорным гарадку касманаўтаў, які знаходзіўся зусім блізка ад акадэміі.

УВаенна-паветранай акадэміі Мікалай Казюк прайшоў шлях ад маёра да палкоўніка. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1961 г. сышоў у адстаўку. Але і будучы ваенным пенсіянерам, чытаў лекцыі ў вячэрніх універсітэтах пры Нагінскім і Шалкоўскім гаркамах партыі, у Доме афіцэраў, школах.

Наш зямляк ніколі не парываў сувязі з роднай Беларуссю. Яго бацька, Васілій Андрэевіч Казюк, вясковы пастух, падчас Вялікай Айчыннай вайны быў расстраляны ў г. Кобрыне і пахаваны ў брацкай магіле ў вВялікія Лепясы. У пасляваенныя гады М. В. Казюк прыязджаў у Мінск, дзе жылі яго блізкія сваякі, дзе ў розныя часы ў інстытуце народнай гаспадаркі вучыліся яго дачка Генрыета і ўнучка Лена.

Мікалай Васільевіч Казюк памёр 15 снежня 197г., пахаваны на мемарыяльных ваенных могілках у г. п. Моніна Маскоўскай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Николай Васильевич Казюк : 1937–1938 гг. // Белорусский государственный экономический университет в биографиях преподавателей и выпускников : 75 лет, 1933–2008 / [редкол.: В. Н. Шимов (гл. ред.) и др.]. Минск : БГЭУ, 2008. С. 133–134.
  2. Рублевская, Л. И. Возвращение имени: Николай Казюк / Л. И. Рублевская, В. В. Скалабан // Время и бремя архивов и имен : очерки, эссе, пьеса / Л. И. Рублевская, В. В. Скалабан. – Минск : Літаратура і Мастацтва, 2009. С. 105–115.
  3. 125 гадоў з дня нараджэння М. В. Казюка (1898–1979) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 87.
  4. Казюк Мікалай Васільевіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 59–61.
  5. Казюк, М. В. Другая бальшавіцкая вясна / Мікалай Васільевіч Казюк. – Масква : Цэнтр. выд-ва народаў СССР, 1931. – 39 с.
  6. Рублевская, Л. Две фразы : продолжение архивного детектива : [о судьбе Николая Казюка] / Людмила Рублевская, Виталь Скалабан // Советская Белоруссия. 2010. 27 марта. С. 6–7.
  7. Корнилович, Э. Воспитывал летчиков и космонавтов : [судьба нашего земляка (уроженца д. Корчицы), ректора Белорусского Государственного университета Николая Васильевича Казюка] / Эдуард Корнилович // Кобрынскі веснік. 2010. 3 сакавіка. С. 8.
  8. Рублевская, Л. Архивный детектив : Николай Казюк: возвращение имени / Людмила Рублевская, Виталь Скалабан // Советская Белоруссия. 2009. 24 января. C. 16–17.
  9. Рублевская, Л. Мистика из табакерки : [о судьбе Николая Казюка, уроженца д. Корчицы Кобринского уезда, занимавшего высокие должности в ЦК КП(б) Беларуси]/ Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. 2008. 26 ноября. C. 12–13.
  10. Корнилович, Э. А. Он жил и мыслил без оглядки : [о жизни и деятельности ректора Белорусского государственного экономического университета Н. В. Казюка (уроженца д. Корчицы)] / Эдуард Александрович Корнилович // Кобрынскі веснік. 1984. 30 лістапада. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 257 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Студзень 2023 09:31