Панядзелак, 13 Люты 2023 09:05

2023 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Цярэнція Максімавіча Юрчука (1903–1949), старшыні калгаса, ахвяры бандытызму

У ліпені 1944 г. на Беларускае Палессе прыйшло доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднак мірнае жыццё ўсталёўвалася з вялікімі цяжкасцямі. Па-ранейшаму не сціхалі стрэлы, гарэлі хаты мясцовых жыхароў, гінулі актывісты, партыйныя, савецкія і гаспадарчыя работнікі. У лясах хаваліся рознага роду антысавецкія фарміраванні і проста бандыты. Сярод іх сустракаліся былыя фашысцкія памагатыя, а таксама пакрыўджаныя сталінскімі рэпрэсіямі і прымусовай калектывізацыяй.

З паўночных раёнаў Украіны наведваліся на тэрыторыю Столінскага і Давыд-Гарадоцкага раёнаў Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці групы добра ўзброеных людзей. Гэта былі члены Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), паслядоўнікі С. Бандэры і Т. Бараўца, якія лічылі паўднёвыя раёны Беларускага Палесся ўкраінскай тэрыторыяй. Менавіта з іх «візітамі» звязаны найбольш цяжкія вынікі бандпраяўленняў. Не праходзіла месяца, тыдня без дзёрзкіх разбойных нападаў, тэрарыстычных актаў, падпалаў, рабаванняў, гучных забойстваў. У Столінскім і Давыд-Гарадоцкім раёнах ад рук бандытаў загінулі 95 чалавек, у тым ліку дзеці.

Дубенецкі сельсавет Столінскага раёна адносіўся да ліку тых, дзе складвалася найбольш трывожная крымінальная абстаноўка. Цяжкасці калектывізацыі суправаджаліся разгулам бандытызму. У ноч на 23 красавіка 1949 г. у в. Магільнае Дубенецкага сельсавета быў забіты першы старшыня калгаса «Чырвоны партызан» Мікалай Сямёнавіч Каральчук разам з жонкай Кацярынай Пятроўнай і камсамольцам Мікалаем Сяргеевічам Каральчуком. Імем М. С. Каральчука ў Магільным названа вуліца.

У в. Дубенец працаваў калгас імя У. І. Леніна. Яго старшынёй з’яўляўся Цярэнцій Максімавіч Юрчук, які нарадзіўся ў 1903 г. у Дубенцы. У час польскай акупацыі Заходняй Беларусі ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У 1922 г., ратуючыся ад праследавання польскай паліцыі, перайшоў польска-савецкую мяжу, жыў, вучыўся і працаваў у СССР.

Летам 1947 г. Цімафей Юрчук вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі Беражноўскай школы. Быў адным з арганізатараў і з лютага 1949 г. – першым старшынёй калгаса імя У. І. Леніна.

Вечарам 28 лістапада 1949 г. на пасяджэнне сабралася праўленне калгаса. Раптам зайшлі ўзброеныя абрэзамі людзі і загадалі ўсім прысутным пакласціся на падлогу. За сталом застаўся сядзець старшыня калгаса.

– Ты хто? – з пагрозай спытаў нехта з бандытаў.

– Старшыня калгаса, – з годнасцю адказаў Цярэнцій Максімавіч.

– Члены праўлення тут ёсць?

– Няма, – цвёрда вымавіў старшыня, – толькі радавыя калгаснікі тут прысутнічаюць.

Калгасны важак не выдаў актывістаў. Усім, акрамя старшыні, было загадана падняцца і неадкладна аслабаніць памяшканне. А калі зачыніліся дзверы за апошнім з выходзячых, грымнуў стрэл.

Забіўшы Цімафея Юрчука, бандыты падпалілі драўляны будынак сельскага Савета, затым – калгасныя збудаванні.

Ц. М. Юрчук быў пахаваны ў цэнтры вёскі ля клуба. У 1968 г. на магіле пастаўлены абеліск. Імем Ц. М. Юрчука названа вуліца ў в. Дубенец.

Падраздзяленні ўнутраных войскаў, міліцыі і дзяржбяспекі сумесна са знішчальнымі атрадамі і мясцовымі органамі ўлады імкнуліся забяспечыць спакойнае жыццё насельніцтва. Але гэта давалася вельмі няпроста. У Століне адна з вуліц названа імем Івана Васільевіча Наздрына, начальніка крымінальнага вышуку Столінскага райаддзела НКУС, забітага бандытамі 20 кастрычніка 1944 г. каля в. Лука Глінкаўскага сельсавета. 30 снежня 1944 г. пры ліквідацыі адной з груповак Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) загінуў оперупаўнаважаны Давыд-Гарадоцкага райаддзела НКУС Міхаіл Фёдаравіч Рудалёў. 5 жніўня 1946 г. членамі банды АУН забіты ўчастковы ўпаўнаважаны Столінскага райаддзела міліцыі па Плотніцкім сельсавеце Іван Міхайлавіч Вабішчэвіч.

У студзені 1951 г. была ліквідавана адна з найбольш адыёзных банд у заходняй частцы Столінскага раёна. Да пачатку 1952 г. практычна ўсе арганізаваныя бандфарміраванні на тэрыторыі Столінскага і Давыд-Гарадоцкага раёнаў былі абясшкоджаны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Юрчук Терентий Максимович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 704.
  2. Юрчук Цярэнцій Максімавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 447.
  3. Могила Юрчука Терентия Максимовича : [д. Дубенец] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 390.
  4. Магіла Юрчука Цярэнція Максімавіча : [в. Дубенец] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 351.
  5. Барацьба з бандытызмам. Ахвяры бандытызму // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 441–447.
  6. Колхозу имени В. И. Ленина (Бережное) 30 лет / [отв. за вып. Огиевич М. Н. ; ред. Рашевский И. А.]. – Брест, 1979. – [12] с.
  7. Юрчук, А. Памятаюць нашчадкі : [пра Ц. М. Юрчука] / А. Юрчук // Навіны Палесся. 2000. 14 студзеня.
  8. Юрчук, А. Шлях у бессмяротнасць : [пра Ц. М. Юрчука] / А. Юрчук // Навіны Палесся. Столін, 1987. 7 лістапада.
  9. Юрчук, А. Шаг в бессмертие : [о Т. М. Юрчуке] / А. Юрчук // Заря. 1978. 15 июня.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 149 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Люты 2023 09:09