Серада, 12 Красавік 2023 14:47

10 красавіка 2023 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Івана Аляксандравіча Заморына (1918–1993), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ваеннага лётчыка

Іван Аляксандравіч Заморын нарадзіўся 10 красавіка 1918 г. у в. Касценка Магілёўскай губерні (цяпер Магілёўскі раён Магілёўскай вобласці). Скончыў 7 класаў сярэдняй школы.Сваю працоўную дзейнасць пачаў у 13 гадоў матарыстам на швейнай фабрыцы імя Валадарскага ў Магілёве.

 Юнакоў 1930-х гг. вабіла служба ў Чырвонай арміі, а самыя смелыя марылі аб прафесіі лётчыка. Яшчэ ў школе Іван пачаў наведваць Магілёўскі аэраклуб. У 19 гадоў закончыў вучобу ў аэраклубе, затым быў залічаны ў Барысаглебскую Чырванасцяжную ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў імя У. П. Чкалава. З 1938 г. у Чырвонай арміі.У 1941 г. прайшоў 4-х месячныя курсы камандзіраў звенняў пры 29-й авіядывізіі Далёкаўсходняга фронту.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны малодшы лейтэнант Іван Заморын у дзеючай арміі. Да чэрвеня 1942 г. ваяваў у складзе 168-га знішчальнага авіяцыйнага палка, з чэрвеня 1942 г. па студзень 1944 г. камандаваў 2-й эскадрылляй 18-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка.

18-ы полк праславіўся тым, што ваяваў разам са славутым французскім авіяпалком «Нармандыя – Нёман». Нашаму герою давялося правесці шмат паветраных баёў разам з французскімі лётчыкамі, поплеч з імі змагацца супраць фашысцкіх захопнікаў. Не раз асабісты прыклад лётчыка-знішчальніка І. А. Заморына станавіўся ўрокам вядзення паветранага бою для французаў.Ужо адзін факт дачынення Івана Заморына да вядомага палку робіць яго асобу легендарнай. Імя І. А. Заморына згадвае французскі пісьменнік Франсуа дэ Жоффр у сваёй пасляваеннай кнізе ўспамінаў, якая выдавалася і ў СССР; а ў тытрах дакументальна-мастацкага фільма «Нармандыя – Нёман» паказана: «лётчык Іван Заморын – артыст Зыкаў».

Іван Заморын віртуозна валодаў тэхнікай пілатавання, страляў па-снайперску, у баі дзейнічаў разважліва. Лятаць з ім лічылася вялікім гонарам і добрай школай. За час вайны ён асвоіў некалькі тыпаў баявых самалётаў, у тым ліку і нямецкі Ме-109.

Усяго за гады вайны лётчык-знішчальнік Іван Заморын правёў 342 паспяховых баявых вылетаў, 9 варожых самалётаў было збіта ім асабіста і 12 – у групе. Па словах камандзіра 303-й знішчальнай дывізіі, Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра авіяцыі Г. Н. Захарава, лётчык І. А. Заморын меў каля 20 асабістых перамог, але з-за сваёй сціпласці ніколі не настайваў на занясенні многіх збітых самалётаў праціўніка на свой асабісты рахунак.У пытаннях асабістага рахунку лётчык быў да крайнасці педантычны: лічыў збітымі толькі тыя самалёты, што ўпалі на яго вачах і чыё месца падзення ён мог бы дакладна паказаць на карце.

У жніўні 1942 г.у адным з цяжкіх баёў самалёт Івана Заморына быў падбіты, лётчыка напаўжывым выцягнулі з самалёта, ён атрымаў вялікія апёкі твару, рук і ног. Некалькі месяцаў правёў у шпіталях. Медыцынская камісія хацела спісаць яго з лётнай работы, аднак І. А. Заморын настойліва, пераадольваючы боль, распрацоўваў свае пашкоджаныя рукі і дабіўся свайго. Праз некалькі месяцаў вярнуўся ў свой полк, на новых баявых машынах зноў падняўся ў неба і правёў яшчэ шмат выдатных паветраных баёў.

Знакамітага лётчыка Івана Заморына двойчы прадстаўлялі да прысваення звання Героя Савецкага Саюза, якое ён так і не атрымаў. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў паветраных баях на Курскай дузе, капітан І. А. Заморын быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак на другі дзень у адным з баявых вылетаў загінуў першы камандзір французскай эскадрыллі Жан Цюлян (камандаваў сумесным палётам Іван Заморын). З-за гібелі Жана Цюляна прадстаўленне не адбылося.

Другі раз аб узнагароджанні Івана Заморына высокім званнем хадайнічаў камандзір палка падпалкоўнік Анатоль Голубаў. Хадайніцтва падтрымалі камандзір дывізіі генерал-маёр Г. Захараў, камандуючы 1-й паветранай арміі генерал-лейтэнант М. Громаў, камандуючы Заходнім фронтам генерал арміі В. Сакалоўскі. Аднак і на гэты раз І. А. Заморыну не пашанцавала. Гісторыя – амаль аналагічная той, што была з французамі. Толькі цяпер загінуў Леанід Хрушчоў – сын члена Палітбюро Мікіты Хрушчова.

І. А. Заморын меў шмат урадавых узнагарод. Франтавы шлях лётчыка-знішчальніка адзначаны 20 падзякамі Вярхоўнага Галоўна-камандуючага І. В. Сталіна, пяць з іх лётчык атрымаў за вызваленне Беларусі. У студзені 1944 г. І. А. Заморын стаў штурманам дывізіі, лятаў у пары з генералам Г. Захаравым. З лютага 1944 г. па студзень 1945 г. ён быў штурманам 303-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі. Многія паветраныя баі, праведзеныя з удзелам лётчыка Івана Заморына, увайшлі ў летапіс гісторыі савецкай авіяцыі.

Закончыў вайну І. А. Заморын падпалкоўнікам, камандзірам 523-га знішчальнага Аршанскага Чырванасцяжнага ордэнаў Суворава, Кутузава і Аляксандра Неўскага авіяцыйнага палка. У хуткім часе 523-ці авіяполк перавялі з Усходняй Прусіі ў Кобрын, дзе Іван Аляксандравіч правёў два апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця.Стройны, падцягнуты, ветлівы, сціплы і нешматслоўны – не кожны з першага погляду прызнаваў у гэтым чалавеку героя Вялікай Айчыннай вайны. I толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках Іван Аляксандравіч апранаў парадны мундзір палкоўніка авіяцыі – і тады кожны жыхар нашага горада, заўважыўшы шматлікія ўзнагароды на грудзях ветерана і сляды апёкаў на твары і руках, разумеў, што гэты чалавек шмат чаго перанёс у сваім жыцці.

На пенсіі легендарны лётчык займаўся вялікай патрыятычна-выхаваўчай работай, за што атрымаў Ганаровую грамату Савецкага камітэта ветэранаў. Ён сустракаўся з моладдзю, часта бываў у школах, дзе расказваў падрастаючаму пакаленню аб былых баях, вучыў іх быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы.

У Кобрыне Іван Аляксандравіч жыў разам з жонкай. Наведаць бацькоў нярэдка прыязджала з Калінінграда дачка з унукамі. Ветэран не губляў сувязі з франтавымі сябрамі, савецкімі і французскімі, ездзіў у Маскву на сустрэчы ў юбілеі Вялікай Перамогі.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях у гады Вялікай Айчыннай вайны І. А. Заморын узнагароджаны ордэнам Леніна (29.06.1945), трыма ордэнамi Чырвонага Сцяга (10.12.1942, 19.02.1944, 06.11.1944), ардэнамі Аляксандра Неўскага (27.08.1943), Айчыннай вайны ІІ ступені (27.02.1943), Айчыннай вайны І ступені (11.03.1985), двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Пасля вайны беларускі лётчык Іван Заморын быў узнагароджаны французскім «Ваенным крыжом» (20.05.1945) і ўдастоены ордэна Ганаровага легіёна (21.11.1984) – вышэйшай узнагароды Францыі. Яе Івану Аляксандравічу асабіста ўручыў прэзідэнт Францыі Франсуа Мітэран у Крамлі ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне.

І. А. Заморын памёр 4 студзеня 1993 г., пахаваны на гарадскіх могілках. Легендарны лётчык знайшоў вечны спакой на кобрынскай зямлі, назаўжды ўпісаўшы свае слаўнае імя ў яе гісторыю.8 мая 2005 г. на доме № 1 па вул. Пушкіна, дзе жыў І. А. Заморын, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Ініцыятарам увекавечання памяці славутага франтавога лётчыка стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны А. М. Сушчук.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Заморын Іван Аляксандравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 242, 264.
  2. Жоффр, Ф. Нормандия – Неман : воспоминания летчика / Франсуа де Жоффр ; пер с франц. Г. П. Загревского ; [предисл. Г. Захарова]. – 2-е изд. – Москва : Воениздат, 1982. – 176 с., [4] л. ил.
  3. Лукашин, В. И. Против общего врага : [очерк о французском авиационном полке «Нормандия – Неман» и 18-м гвардейском истребительном авиационном полке] / В. И. Лукашин. – 2-е изд., перераб. и доп. – Москва : Воениздат, 1976. – 192 с., [16] л. ил.
  4. Андреев, С. П. Крылом к крылу: [воспоминания военного летчика] / Сергей Павлович Андреев ; [лит. запись А. Г. Лебедева и В. И. Наумова]. – Москва : Знание, 1962. – 95 с. : ил.
  5. Мемарыяльная дошка Заморыну І. А. // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 158.
  6. Бурдыко, В. Истребитель : [о военном лётчике И. Заморине] / Вячеслав Бурдыко // Заря. 2021. 8 мая. С. 7 :
  7. Бурдыко, В. «Самолёт Хрущёва буквально рассыпался у меня на глазах» : [о военном лётчике И. Заморине] / Вячеслав Бурдыко // Сельская газета. 2017. 20 мая. С. 31.
  8. Бурдыка, В. Знішчальнік : [пра ваеннага лётчыка І. А. Заморына] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2016. 16 снежня (№ 51). С. 9.
  9. Микулич, А. Однополчане упокоились на Кобринщине : [летчики-истребители И. Заморин и В. Запаскин похоронены на кобринской земле] / Александр Микулич // Кобрынскі веснік. 2016. 7 мая. С. 3.
  10. Шепетюк, Н. Кобрин в судьбе героя : [причастность И. Заморина, много лет прожившего в Кобрине, к полку «Нормандия-Неман» делает его личность легендарной и вписывает славную страницу в историю нашего города] / Наталья Шепетюк, В. Л. Омельянюк // Кобрин-информ. 2007. 2 августа. C. 3.
  11. Пянко, А. Мы помним : [об открытии мемориальной доски участнику Великой Отечественной войны И. А. Заморину] / Алексей Пянко // Кобрынскі веснік. 2005. 14 мая. С. 2.
  12. Васюк, Н. Это надо не мертвым, это надо живым : [на доме № 1 по ул. Пушкина установлена мемориальная доска памяти лётчика-фронтавика И. А. Заморина] / сост. Н. Васюк // Кобрин-информ. 2005. 12 мая (№ 19). С. 1.
  13. Сущук, А. Каштан лётчика «Нормандия – Неман» : [два последних десятилетия своей жизни легендарный лётчик И. А. Заморин прожил в Кобрине] / Алексей Сущук // Кобрин-информ. 2004. 18 ноября. С. 4.
  14. Сущук, А. Кавалер ордена Почетного легиона : [о И. А. Заморине] / А. Сущук // Мы и время. 1998. 4–10 мая. С. 4.
  15. Сушчук, А. Кавалерордэна Ганаровага легіёна : [пра І. А. Заморына] / А. Сушчук // Кобрынскі веснік. 1993. 17 красавіка. С. 2.
  16. Сущук, А. Кавалер ордена Почетного легиона : [о И. А. Заморине] / А. Сущук // Заря. 1993. 8 мая. С. 2.
  17. Бурдыка, В. Узлётная паласа : [пра лётчыка-знішчальніка І. А. Заморына] / В. Бурдыка // Камуністычная праца. Кобрын, 1985. 21 лютага; 23 лютага; 26 лютага.
  18. Шиманов Н. В небесах мы летали одних… : [авиаполк «Нормандия – Неман»]/ Н. Шиманов // Военно-исторический журнал. 1971. № 4. С. 81–86.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 173 разоў Апошняя змена Серада, 12 Красавік 2023 14:50