Панядзелак, 29 Май 2023 09:33

2023 г. — 170 гадоў з дня заснавання царквы Узнясення Гасподняга ў в. Ставок (Пінскі р-н; 1853), помніка драўлянага дойлідства

Цэнтрам духоўнага жыцця для жыхароў вёскі Ставок Пінскага раёна Брэсцкай вобласці і навакольных вёсак з'яўляецца праваслаўны храм Узнясення Гасподняга. Першая праваслаўная царква з’явіласся ў Стаўку ў 1504 г., пабудаваная пінскім князем Фёдарам Іванавічам Яраслававічам. Верагодна, у сярэдзіне ХVІІІ ст. была пабудавана новая царква, якая ў сярэдзіне ХІХ ст. была разабрана з-за старасці.

 Маляўнічае месца для пабудовы ў 1853 г. было абрана памешчыкам Францам Пуслоўскім. Вонкавы выгляд царквы, якая была пабудавана ў 1855 г., дзіўна ўрачысты і светлы. Храм трохзрубны. Да асноўнага квадратнага ў плане аб’ёму прымыкаюць нізкія пяцігранны алтарны зруб і выцягнуты прамавугольны ў плане прытвор. Асноўны зруб накрыты палогім чатырохскатным шатром з васьмігранным светлавым барабанам і купалам у цэнтры. Над прытворам пры галоўным уваходзе ўзвышаецца двух’ярусная званіца (чацвярык на чацвярыку), завершаная шатром з гранёнай глаўкай.

Сцены гарызантальна ашаляваны. Вуглы аформлены вузкімі лапаткамі, прамавульныя вокны – ліштвамі. Тры ўваходы падкрэслены аднолькавымі ганкамі ў выгллядзе двухкалонных порціткаў з двухскатнымі дахамі. Царкву складана не заўважыць, з-за ярка-блакітнага фасада і сярэбраных купалоў. Улетку каларытны ўбор царквы падкрэслівае навакольная прырода зеляніна дрэў і травы, блакітныя воды Мерачанкі, празрыстае паветра ставоцкіх далей.

У інтэр’еры чатыры круглыя калонкі падтрымліваюць перакрыццё асноўнага двухсветнага аб’ёма. Цудоўныя роспісы, царкоўныя рэчы, іканастас і, вядома, абразы. Адна з галоўных святыняў – цудатворны абраз Іверскай Божай Маці, день ушанавання якой з’яўляецца знакавай падзеяй для прыхаджан і адзначаецца праваслаўнымі вернікамі 26 кастрычніка.

З вусных сведчанняў якія дайшлі да нашых дзён, вынікае, што ў 1944 г. пры адступленні фашысты жадалі спаліць царкву, сагнаўшы туды ўсіх жыхароў вёскі, нават, абклалі вакол саломай. Заставалася толькі паднесці запалку... Але ні хто не ведае, якая сіла зберагла святыню ад знішчэння. Жыхары вёскі вераць, што менавіта гэты абраз Божай Маці выратаваў іх ад гібелі. З тых часоў яна з'яўляецца заступніцай вёскі, спрыяе яе росквіту. Лічыцца, што яна дапамагае ў хваробах, бедах і прашэннях.

Другая ікона Божай Маці мае цудадзейную сілу, калі дакрануцца да яе, праходзіць усякі боль. Са слоў жыхароў вёскі Ніны Карпаўны Баравік і Соф'і Іванаўны Касько была запісана легенда яе ўзнікнення: «Было гэта вельмі даўно, калі вакол былі толькі адны балоты. Паехаў адзін з жыхароў вёскі Сенін, узімку па дровы. Вядома, што зімовы дзень вельмі кароткі. Пакуль набраў дроў, і вечар надышоў. Вырашыў мужчына пераначаваць у бліжэйшай вёсцы, а раніцай ехаць дадому. Пастукаў у адзін дом – яго і пусцілі. Уначы прачнуўся ён ад таго, што ў пакоі стала вельмі светла. Гэтае святло ішло з-за засланкі, з печы. Мужчына падумаў, што гэта загарэліся дровы, якія гаспадыня прыгатавала на раніцу. Ён устаў, адкрыў печ нічога. Лёг зноў. Зноў у пакоі стала светла.Зноў мужык устаў, адкрыў печ і ўбачыў на засланцы аблічча Божай Маці. Ён хуценька апрануўся, ціхенька выйшаў з хаты і паехаў дадому. Раніцай гаспадар дома ўбачыў, што прапала засланка ад печы, і кінуўся ў пагоню. Хутка ён дагнаў уцекача. Мужчына расказаў яму ўсю праўду і аддаў засланку. Але як толькі гаспадар сеў у свае сані і хацеў павярнуць дадому, яго коні сталі як укапаныя і не варушыліся. Колькі ён не турыў сваіх коней, нічога не атрымалася. Тады гаспадар зразумеў, што засланка з абліччам Маці Божай павінна застацца ў мужыка. Мінула шмат часу з таго дня, а ікона знаходзілася ў мужыка і займала ганаровае месца ў ягоным доме. Перад смерцю ён паклікаў да сябе дачку і сказаў перадаць ікону пасля яго смерці ў Ставоцкую царкву. З таго часу ікона, якую празвалі «Засланкай», засцерагае вёску і ўсіх яе жыхароў».

У час Вялікай Айчыннай вайны храм пацярпеў ад захопнікаў. У студзені 1944 г. калабарацыяністы пашкодзілі храм і царкоўную маёмасць. Цяпер настаяцелем служыць протаіерэй Сергій Каравайчык. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца тры метрычныя кнігі з царквы за 1844–1850 гг. (BY НИАБ ф. 896).Ставоцкая царква Узнясення Гасподняга – помнік палескага народнага драўлянага дойлідства, занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі (шыфр 112Г000581).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.

Касая Вольга Уладзіміраўна, бiблiёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Ставокская Вознесенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : у 7 т. Минск, 2009. Т. 1. С. 368–369.
  2. Царква ў гонар Узнясення Гасподня // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 379–377.
  3. Свята_вазнясенская царква : [в. Ставок] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 186.
  4. Вазнясенская царква : [в. Ставок] // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 526–527.
  5. Вознесенская церковь : [д. Ставок] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область.  Минск, 1990. С. 347.
  6. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: 1504, да 1772, 1853–1855, Ставок. С. 93.
  7. Ставок // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 458–459.
  8. Василевский, Н. Вечно молодой Ставок : [о праздновании 500-летия деревни Ставок] / Николай Василевский // Полесская правда. Пинск, 2004. 22 сентября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 148 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:22