Панядзелак, 19 Чэрвень 2023 10:53

2023 г. — 90 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Багародзіцы ў в. Лыскава (Пружанскі р-н; 1933), помніка архітэктуры стылю мадэрн

У цэнтры аграгарадка Лыскава Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці знаходзіцца царква Раства Багародзіцы. Яе ўзнікненне звязана з наступнымі падзеямі. У 1628 г. у Лыскаве быў заснаваны ўніяцкі базіліянскі манастыр, а ў дакументах за 1689 г. упамінаецца праваслаўны жаночы Пакроўскі манастыр.

Пад 1859 г. згадваецца Лыскаўская праваслаўная царква, збудаваная ў 1725 г.

У 1892–1893 гг. яна была разабрана з прычыны састарэласці і адсутнасці сродкаў для рамонту, а царкоўны рыштунак перанесены ў былы

рымска-каталіцкі касцёл. У 1880 г. касцёл згарэў ад удару маланкі, а адбудоўваўся ўжо як праваслаўная царква замест старой Пакроўскай, якая да таго часу пачала парахнець. 11 снежня 1886 г. храм быў асвечаны ў імя Раства Прасвятой Багародзіцы.

 Падчас Першай сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі царкву спярша як шпіталь, а пасля — як склад збожжа. У 1921 г., пры паляках, якія праводзілі палітыку паланізацыі і акаталічвання беларускага насельніцтва, царква была разабрана.

У 1925 г. у Лыскава быў прызначаны новы праваслаўны святар Пётр Радкевіч, які дабіўся ад ўлад дазволу на пабудову новай царквы на старым месцы. А пакуль праваслаўныя вернікі для набажэнстваў выкарыстоўвалі былы рымка-каталіскі касцёл і капліцу на могілках. Узвядзенне храма вялося ў 1930–1933 гг. паводле праекта Станіслава Пятроўскага з Беластока. Будаўніцтва здзейснена на сродкі прыхаджан і ахвяраванні іншых вернікаў.

Гэта была адзіная праваслаўная царква, пабудаваная пры Польшчы на нашых тэрыторыях. Таму і помнік Пятру Пятровічу Радкевічу

(1885–1984), які дабіўся ў польскіх улад дазволу на будаўніцтва, стаіць перад ганкам храма, хаця пахаваны ён насамрэч у Беластоку. Другі помнік на царкоўным пагосце — на магіле былога настаяцеля Лявонція Канькоўскага. Святар хацеў паставіць крыж на брацкай магіле ў Лыскаве, а на месцы расстрэлу гітлераўцамі 58-мі мясцовых жыхароў пабудаваць капліцу. Але ў пасляваенныя часы пачалі барацьбу з рэлігіяй і дзейнасць святара выклікала незадавальненне.

У 1933 г. новая царква Раства Багародзіцы была асвечана архіепіскапам Гродзенскім і Навагрудскім Алексіем (Грамадскім). На цырымоніі прысутнічалі намеснік ваўкавыскага старасты, уладальнік маёнтка Адамкова Быхавец, мясцовыя грамадскія дзеячы.

Будынак храма ўяўляе сабой кубічны зруб з сасновага бруса, да якога з захаду прымыкае трох’ярусная званіца, а з усходу — прамавугольная апсіда з бакавымі рызніцамі. Асноўны аб’ём накрыты вальмавым дахам, у які ўрэзаны магутны васьмігранны светлавы барабан з цыбулепадобным купалам і ліхтаром з макаўкай. Аконныя праёмы – ромбападобныя ў барабане і стральчатыя ў асноўным аб’ёме, у прытворы і рызніцы — у зубчастых ліштвах. Над храмам дамінуе пірамідальная чацвярыковая званіца, завершаная высокім цыбулепадобным купалам са шпілем.

У інтэр’еры залы вылучаецца адкрыты барабан, які трымаецца чатырма слупамі з ветразевай канструкцыяй. Хоры размешчаны на сценах бакавых прытвораў. Алтарная частка з рызніцай аддзелена высокім разьбяным іканастасам на ўсю вышыню храма. Іканастас быў узяты са старога каменнага храма, разабранага ў 1921 г. Тут захоўваецца абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (XVIII ст.). Помнік народнага драўлянага дойлідства, створаны пад уплывам культавай народнай архітэктуры Закарпацця і стылю мадэрн.

Царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы працягвала дзейнічаць і ў савецкі час. У розны час настаяцелямі храма пасля яго асвячэння былі: протаірэй Лявонцій Канькоўскі (1935–1949 гг.), протаіерэй Антоній Юшко (1949–1972 гг.), святар Аляксій Міхалёў (1972–1983 гг.), протаірэй Аляксандр Іванавіч Багдановіч (з 1983 г.).

11 чэрвеня 2023 г. святую літургію правёў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, які прыбыў у Лыскава з нагоды 90-годдзя з дня асвячэння храма Раства Багародзіцы.

Царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь рашэннем Рады 09.10.2002 № 76 13.12.2017 № 11-01-01/13, пастановай Савета Міністраў 14.05.2007 № 578, пастановай Міністэрства культуры 19.03.2019 № 17 і ахоўваецца дзяржавай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.

Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.

Казлоўская Надзея Анатольеўна,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.Лысковская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 46.

2.Лыскаўская царква Раства Багародзіцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 172.

3.Царква ў ногар Ражджаства Прасвятой Багароджзіцы : [в. Лыскава] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 231.

4.Свята-Раства-Багародзіцкая царква : [в. Лыскава] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 117.

5.Церковь Рождества Богородицы : [д. Лысково] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 363.

6.Царква Раства Багародзіцы : [в. Лыскава] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 325.

7.Царква Нараджэння Багародзіцы ў в. Лыскава (Пружанскі раён) // Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 344–345.

8.Царква Раства Божай Маці ў Лыскаве : [Пружанскі раён] // Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915–1940 гг. Вільня : ЕГУ, 2008. С. 70–71.

9.Свята-Раства-Багародзіцкая царква : [в. Лыскава] // Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце : у 4 т. Т. 3, кн. 2 : Другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст. / А. І. Лакотка. Мінск, 2007. С. 237–238.

10.Сядова, І. 40 гадоў у Лыскаўскім прыходзе : [да 90-годдзя асвячэння Свята-Ражства-Багародзічскай царквы ў аг. Лыскава; 40 гадоў служыць протаіерэй Аляксандр Багдановіч] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 3 чэрвеня. С 11.

11.Церахава, В. «Паляцелі ў подыху зямным карагоды гукаў медналістых...» : [гісторыя царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Лыскаве; пра ўнікальныя званы і званароў] / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 24 снежня. С. 15.

12.Церахава, В. Светлыя цені мінулага : храм у Лыскаве адзначыў сваё 85-годдзе / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 10 кастрычніка. С. 6.

13.Вакульская, М. Дзень нараджэння святыні : з нагоды 85-гадовага юбілея царкву Ражства Прасвятой Багародзіцы ў Лыскаве наведаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 20 чэрвеня. С. 6.

14.Церахава, В. Лыскаўскія святыні : [гісторыя царквы ў в. Лыскава] / Вера Церахава // Раённыя буднi. Пружаны, 2007. 27 чэрвеня. С. 6.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1895 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:25