Панядзелак, 19 Чэрвень 2023 10:59

29 ліпеня 2023 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Васілія Паўлавіча Энгельгардта (1828–1915), астранома, грамадскага дзеяча, мецэната, заснавальніка Астранамічнай абсерваторыі Казанскага ўніверсітэта

Васілій Паўлавіч Энгельгардт нарадзіўся 29 ліпеня 1828 г. у в. Кустовічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду Энгельгардтаў, быў старэйшым сынам у сям'і рускага арыстакрата Паўла Васільевіча Энгельгардта і яго жонкі Соф'і Рыгораўны, народжанай баранэсы фон Энгельгардт. Бацькі марылі ўбачыць сына дыпламатам, аддалі яго ў Імператарскае вучылішча правазнаўства. Пасля заканчэння ў 1847 г. вучылішча служыў

у 1-м і 5-м дэпартаментах Правячага Сената.

У вучылішчы Васілій Энгельгардт блізка сышоўся са сваім аднакласнікам Дзмітрыем Стасавым і, пазней, з яго братам — рускім музыкальным і мастацкім крытыкам Уладзімірам Стасавым. Гэтае сяброўства прайшло праз усё іх жыццё. Любоў да рускай музыкі непарыўна звязвала сяброў.

 Васілій Энгельгардт меў выдатныя музычныя здольнасці, быў піяністам і арганістам высокага класа. Ён быў добра знаёмы з М. І. Глінкай, М. А. Балакіравым, А. С. Даргамыжскім, прымаў удзел у іх хатніх музычных канцэртах. Васілій Паўлавіч вядомы як шчыры прыхільнік і прапагандыст музыкі Міхаіла Глінкі. Пасля смерці вялікага кампазітара В. П. Энгельгардт на ўласныя грошы выдаў партытуры опер «Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла», зборнік яго рамансаў з тэкстамі на трох мовах і перадаў свой найбагацейшы збор рукапісаў М. І. Глінкі Публічнай бібліятэцы ў Пецярбургу. Вялікую каштоўнасць уяўляе таксама перапіска В. П. Энгельгардта з вядомымі дзеячамі культуры.

Гэтак жа горача, як і музыку, Васілій Энгельгардт з юнацкасці палюбіў астраномію, але сур'ёзна заняцца навукай яму ўдалося толькі пасля выхаду ў адстаўку (1853) і ад'езду за мяжу. Пасля некалькіх гадоў падарожжаў ён спыніўся ў Дрэздэне, на ўласныя сродкі пабудаваў невялікі павільён, дзе ўсталяваў прылады для правядзення астранамічных вымярэнняў. Пад кіраўніцтвам прафесара Лейпцыгскага ўніверсітэта К. Х. Брунса пачаў на практыцы вывучаць метады і прыёмы астранамічных вымярэнняў. У 1879 г. пабудаваў Вялікую абсерваторыю з трохпавярховай вежай і мерыдыяльнай залай, якую абсталяваў самымі сучаснымі інструментамі. У гэтай абсерваторыі, якая на той час лічылася адной з лепшых у Еўропе па абсталяванні, прыладах і памерах, В. П. Энгельгардт працаваў адзін, без памочнікаў, амаль два дзесяцігоддзі (да 1897 г.).

Асноўныя працы В. П. Энгельгардта прысвечаны даследаванням камет, астэроідаў, туманнасцяў і зорных скопішчаў. У 1879–1894 гг. ім былі выкананы назіранні 50 камет і 70 астэроідаў. З 1883 г. даследаваў туманнасці і зорныя скопішчы, склаў каталог больш за 400 туманнасцяў. Пачынаючы з 1886 г., назіраў 829 зорак каталога Брадлея ў мэтах выяўлення ў іх

зорак-спадарожнікаў. Працы В. П. Энгельгардта друкаваліся ў вядучых астранамічных часопісах і былі з вялікаю цікавасцю прыняты навуковай грамадскасцю. У аўтарытэтным астранамічным часопісе «Astronomische Nachrichten» было апублікавана больш за 100 артыкулаў вучонага. Вынікам амаль дваццацігадовых астранамічных даследаванняў вучонага стала выданне трох тамоў «Назіранняў» (т. 1–3, 1886, 1890, 1895).

На глебе самаахвярнай адданасці да астраноміі адбылося знаёмства В. П. Энгельгардта і маладога доктара астраноміі з Санкт-Пецярбурга Дзмітрыя Іванавіча Дубягі (у далейшым рэктара Казанскага ўніверсітэта). Знаёмства, спачатку завочнае, па навуковай перапісцы, пазней перайшло ў цеснае сяброўства. На пасяджэнні фізіка-матэматычнага факультэта Казанскага ўніверсітэта Дз. І. Дубяга прадставіў першы том «Назіранняў» на прысуджэнне В. П. Энгельгардту ступені доктара астраноміі без устаноўленага выпрабавання і прадстаўлення дысертацыі.

З канца 1890-х гг. з-за пагаршэння стану здароўя В. П. Энгельгардт адышоў ад практычных назіранняў і перадаў усё абсталяванне Дрэздэнскай абсерваторыі ў дар Казанскаму ўніверсітэту. Дзякуючы цесным навуковым сувязям і асабістаму сяброўству двух выдатных вучоных, за 20 км ад Казані (цяпер п. Акцябрскі Зеленадольскага раёна) была пабудавана новая абсерваторыя, якая па сваёй тэхнічнай абсталяванасці стала адной з самых перадавых у Расіі таго часу і доўгі час была ў шэрагу найбуйнейшых цэнтраў астранамічных назіранняў у Еўропе.

Абсерваторыя Казанскага ўніверсітэта, аснашчаная інструментамі В. П. Энгельгардта, была адкрыта 21 верасня 1901 г. і з 1903 г. па цяперашні час называецца Энгельгардтаўскай. Да канца жыцця Васілій Паўлавіч прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве і арганізацыі работы новай абсерваторыі, а ў завяшчанні перадаў Казанскаму ўніверсітэту ўсю сваю маёмасць і капітал на развіццё абсерваторыі. Вядомы астраном хацеў, каб яго абсерваторыя адрадзілася менавіта ў Расіі, а мэтай свайго жыцця ён лічыў садзейнічанне расійскай навуцы.

За свае працы па астраноміі В. П. Энгельгардт быў удастоены ступені Ганаровага доктара астраноміі Казанскага ўніверсітэта (1889), доктара філасофіі Кільскага ўніверсітэта (Германія), быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук (1890).

В. П. Энгельгардт увайшоў ў гісторыю рускай культуры як калекцыянер: ён на працягу многіх гадоў збіраў матэрыялы па айчыннай гісторыі і перадаваў свае калекцыі Расіі. Пасля спынення актыўнай навуковай дзейнасці Васілій Паўлавіч звяртаецца да свайго даўняга захаплення — увекавечання памяці рускага палкаводца Аляксандра Суворава. Ён сабраў даволі значную калекцыю прыватных рэчаў А. В. Суворава, дакументаў, на ўласныя грошы ўстанавіў помнікі і мемарыяльныя дошкі на шляху паходу Рускай арміі праз Альпы (1799). Матэрыялы, якія атрымалі назву «Сувораўскі зборнік», былі перададзены ў 1902 г. В. П. Энгельгардтам у Сувораўскі музей у Пецярбургу (цяпер Дзяржаўны мемарыяльны музей А. В. Суворава) і сталі адной з трох вялікіх калекцый музея.

Васілій Паўлавіч Энгельгардт памёр 6 мая 1915 г. на сваёй віле і быў пахаваны ў г. Дрэздэне на могілках Святой Тройцы (Trinitatisfriedhof).

Рашэннем XIV-га з'езду Міжнароднага астранамічнага саюза ў 1970 г. імя В. П. Энгельгардта было прысвоена кратару на Месяцы. Сем аб’ектаў Астранамічнай абсерваторыі імя В. П. Энгельгардта ўключаны ў Дзяржаўны ахоўны рэестр неруховымх помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры.

У 1980–1990 гг. у астранамічных колах было ўзнята пытанне пра перапахаванне В. П. Энгельгардта. Цырымонія перапахавання і закладка каменя пад будучы помнік заснавальнікам Астранамічнай абсерваторыі Казанскага ўніверсітэта В. П. Энгельгардту і Д. І. Дубязе былі прымеркаваны да дня заснавання абсерваторыі і да 210-годдзя Казанскага ўніверсітэта. Пры падтрымцы ураду Расіі і Татарстана ўрачыстасць адбылася 21 верасня 2014 г.

Да 120-годдзя з дня адкрыцця Астранамічнай абсерваторыі імя В. П. Энгельгардта ў п. Акцябрскі 25 верасня 2021 г. урачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя ў гонар заснавальнікаў абсерваторыі П. В. Энгельгардта і Д. І. Дубягі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.

Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.Энгельгардт Васіль Паўлавіч / В. А. Гапоненка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 123.

2.Энгельгардт Васіль Паўлавіч // 250 асоб з Беларусi у дыялогах культур : даведачнае выданне. Мінск, 2008. С. 105–106.

3.Тихонова, А. В. [Энгельгардт В. П.] / А. В. Тихонова // Род Энгельгардтов в истории России XVII–XX веков / А. В. Тихонова ; Мин-во образования РФ, Смоленский гос. пед. ин-т. Смоленск, 2001. С. 19, 406.

4.Мирович, Г. И. [Энгельгардт В. П.] / Г. И. Мирович // Музей А. В. Суворова : историко-краеведческий очерк / Г. И. Мирович. Л.: Лениздат, 1981. С. 23, 25, 45–46.

5.Энгельгардт Василий Павлович // Колчинский, И. Г. Астрономы : биографический справочник / И. Г. Колчинский, А. А. Корсунь, М. Г. Родригес. – Киев : Наукова думка, 1986. С. 394–395.

6.[Энгельгардт В. П.] // Колчинский, И. Г. Астрономы : биографический справочник / И. Г. Колчинский, А. А. Корсунь, М. Г. Родригес. Киев, 1977. С. 309–310, 348, 392.

7.Лаврова, Н. Б. [Библиография работ В. П. Энгельгардта] / Н. Б. Лаврова // Библиография русской астрономической литературы 1800–1900 гг. / Н. Б. Лаврова. Москва, 1968. С. 32, 181–183, 186, 187, 250, 257, 266, 295, 297–306, 310, 329, 340, 346.

8.Стасов, В. В. [Письма к Энгельгардту В. П.] / В. В. Стасов // Письма к деятелям русской культуры / В. В. Стасов. Москва, 1967. С. 205, 211, 225, 237.

9.Воронцов-Вельяминов, Б. А. Очерки истории астрономии в России / Б. А. Воронцов-Вельяминов. – Москва : Физматгиз, 1956.

10.Энгельгардт Васілій Паўлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 168–169.

11.125 гадоў з дня нараджэння В. П. Энгельгардта (1898) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2020–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 98.

12.Лебедев, А. Новый взгляд на звезды : [на территории Астрономической обсерватории им. В. Энгельгардта состоялось открытие скульптурной композиции в честь основателей обсерватории Д. Дубяго и В. Энгельгардта] / А. Лебедев // Республика Татарстан. Казань, 2021. 28 сентября.

13.Лебедев, А. Имена «отцов» казанской обсерватории увековечат : [Казанский университет намерен учредить международную премию им. В. Энгельгардта и Д. Дубяго в области астрономии] / А. Лебедев // Республика Татарстан. Казань, 2021. 23 апреля.

14.Белов, Д. Судьбы переплелись в Кустовичах : [биографии древнего рода баронов Энгельгардтов и великого украинского поэта Тараса Шевченко тесно связаны с д. Кустовичи Кобринского района] / по информации историко-краеведческого музея Октябрьского детского сада-средней школы подготовил Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. 2020. 2 верасня. С. 6.

15.Лебедев, А. Благодаря ему мы стали ближе к звездам : [перезахоронение останков видного российского ученого В. Энгельгардта состоялось в Астрономической обсерватории в Зеленодольском районе] / А. Лебедев // Республика Татарстан. Казань, 2014. 23 сентября.

16.Лебедев, А. Как и было завещано : [в Казань из Дрездена доставлен гроб с прахом ученого-астронома В. Энгельгардта] / А. Лебедев // Республика Татарстан. Казань, 2014 . 9 сентября. С. 5.

17.Мартынов, Д. Я. Василий Павлович Энгельгардт : к 150-летию со дня рождения / Д. Я. Мартынов // Земля и вселенная. 1978. № 4. С. 42–48.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 140 разоў