Панядзелак, 19 Чэрвень 2023 11:04

23 ліпеня 2023 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Кацярыны Парфіраўны Ляснічай (1933–2022), жывёлавода, Героя Сацыялістычнай Працы (1966), Ганаровага грамадзяніна Пінскага раёна (2006)

Кацярына Парфіраўна Ляснічая (у дзявоцтве Белавус) нарадзілася 23 ліпеня 1933 г. у в. Аснежыца Пінкавіцкай гміны Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Маці Кацярыны памерла, калі дзяўчынцы было ўсяго шэсць месяцаў. Неўзабаве пасля гэтага бацька ажаніўся другі раз. Бацька і мачыха не забывалі маленькую Кацю, якая з маленства жыла ў бабулі Зосі на іншым канцы вёскі, усяляк падтрымлівалі, асабліва ў суровыя гады нямецкай акупацыі (1941–1944).

Кацярына Белавус хадзіла ў мясцовую пачатковую школу. Нягледзячы на нягоды пасляваеннага часу, скончыла школу на «выдатна». Але вучыцца дзяўчынцы больш не давялося. З малых гадоў яна спасцігала сялянскую навуку ў полі і на лузе. Разам з сяброўкамі стала выходзіць на палявыя работы ў мясцовым калгасе імя І. В. Сталіна, які арганізаваны ў 1948 г. З шаснаццаці гадоў Кацярына была занята на розных работах у паляводстве, паспяхова працавала ў калгасе нароўне з дарослымі.

 У 1951 г. Кацярына Белавус па просьбе загадчыцы фермы Настассі Позняк перайшла працаваць на цэнтральную малочнатаварную ферму. Спачатку дапамагала іншым даяркам, а потым ёй даверылі групу з 9

кароў-першацёлак. У цяжкія хвіліны на дапамогу прыходзілі больш дасведчаныя калгасніцы, якія падтрымлівалі і падбадзёрвалі дзяўчыну: Марыя Ляпешка, Вера Алізарэвіч, Любоў Ясюковіч, Ганна Палешка. Прыглядаючыся ўважліва да іх працы, слухала парады, вучылася правільна складаць рацыёны кармлення жывёл, авалодвала мастацтвам раздою кароў.

На ферме тады адсутнічала механізацыя, не было электрычнасці, усе работы, нават самыя цяжкія, выконваліся ўручную. Дойка пачыналася досвіткам, а ўсяго за статкам даглядалі тройчы ў дзень. Апухлымі і агрубелымі ад працы рукамі даяркі пераносілі вёдры з малаком, якое злівалі ў бідоны. Пры гэтым самі нарыхтоўвалі кармы, кармілі і паілі жывёл, чысцілі стойлы. Усе гэтыя цяжкасці не сталі перашкодай для маладой даяркі, якая хутка зарэкамендавала сябе як працавітая і ініцыятыўная работніца.

На гэтай жа ферме да прызыву ў Савецкую армію працаваў пастухом дойнага статка Афет Васільевіч Ляснічы, які потым стаў мужам перадавой даяркі, надзейным паплечнікам у яе працоўных здзяйсненнях. Звольніўшыся ў запас, Афет Ляснічы вярнуўся на працу ва ўзбуйнены калгас імя І. В. Сталіна (з 1961 г. — «Аснежыцкі»), якім з 1950 па 1992 гг. кіраваў таленавіты арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Антонавіч Ралько (1922–2006). У калгасе штогод атрымлівалі высокія ўстойлівыя ўраджаі ўсіх культур, гаспадарка з'яўлялася буйным пастаўшчыком дзяржаве мяса і малака.

Немалы ўклад у росквіт калгаса ўнеслі муж і жонка Ляснічыя. Першым поспехам даяркі К. П. Ляснічай стала дасягненне мяжы 1500 кг малака ад кожнай каровы. Аднак надоі ў групе кароў, якую яна абслугоўвала, раслі спачатку павольней, чым у іншых даярак. Вырашыўшы значна павялічыць паказчыкі па ўдоях, Кацярына Ляснічая занялася самаадукацыяй. І гэта нягледзячы на напружаны працоўны дзень, загружанасць сямейнымі справамі. Увечары ж чытала спецыяльную літаратуру па пытаннях жывёлагадоўлі. Настойліва вывучала перадавы вопыт, усё новае і прагрэсіўнае імкнучыся прымяніць на практыцы. Упартая праца і акуратнае выкананне правілаў догляду, утрымання і дойкі кароў дазволілі маладой даярцы дабівацца стабільна высокіх надояў малака ад кароў замацаванай за ёй групы, поўнага захавання і далейшага павелічэння прыплоду. Так у хуткім часе яна стала прызнаным майстрам сваёй справы.

У 1964 г., апошнім годзе сямігодкі (1959–1964), Кацярына Ляснічая давяла сярэдні надой ад каровы да 5521 кг, самага рэкорднага па рэспубліцы. У 1965 г. замацавала дасягнуты вынік, атрымаўшы самы высокі ў раёне надой ад каровы — 7555 кг малака ў сярэднім ад кожнай каровы. У тым жа годзе стала членам КПСС.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадукцыі К. П. Ляснічая ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

Адначасова высокае званне атрымала даярка калгаса «Аснежыцкі» Таіса Васільеўна Шпакоўская (1936–2005) — сяброўка па працы і саперніца па сацыялістычным спаборніцтве.

Пацвярджаючы высокае званне, Кацярына Ляснічая ў 1966 г. надаіла па 6578 кг малака ў сярэднім ад кожнай каровы. Застаючыся ў ліку правафлангавых працаўнікоў калгаса, К. П. Ляснічая сваёй самаадданай працай задавала тон у сацыялістычным спаборніцтве даярак цэнтральнай фермы і ўсяго калгаса. У 1968 г. яна перасягнула васьмітысячную мяжу, пры гэтым штодзённы сярэдні надой дасягнуў 19–20 кг. Дзякуючы яе ўдарнаму пачыну ў калгасе з'явілася шмат даярак-чатырохтысячніц і пяцітысячніц.

Па стане здароўя ў 1972 г. перадавая калгасніца перайшла на пасаду ўчотчыка на той жа ферме. Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна (2006).

А. В. Ляснічы (1936–2021) 32 гады загадваў малочнатаварнай фермай. Вёў селікцыйную работу, удасканальваў метады кармлення жывёл, дабіваўся высокай працоўнай дысцыпліны ў калектыве і ўвядзення машыннага даення. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР (1985). Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1973), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), медалём «За трудовую доблесть», залатымі і сярэбранымі мадалямі і дыпломамі ВДНГ СССР. У 1976 г. быў прэміраваны аўтамабілем «Москвич-412». Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна. Ляснічыя выгадавалі дачку Валянціну і сына Васіля.

К. П. Лясничая памерла 10 студзеня 2022 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.

Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.

Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна,

гал. бібліёграф адзела абслугоўвашшя і інфармацыі.

 

1.Лесничая Екатерина Порфирьевна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник / сост. И. Н. Кулан [и др.]. Минск, 2014. С. 139.

2.Ляснічая Кацярына Парфіраўна // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 458.

3.Лесничая Екатерина Порфирьевна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 369.

4.Ляснічая Кацярына Парфіраўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Минск, 1981. Т. 5. С. 670.

5.Ляснічы Афет Васільевіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 480.

6.«Аснежыцкі» : [калгас Пінскага раёна] // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1969. Т. 1. С. 519.

7.Пинщина – край наш Полесский / [сост.: В. Н. Клеша и др.]. – Пинск : Пинск. регион. тип., 2007. – 24 с.

8.Сценарий чествования на дому Е. П. Лесничей, Героя Социалистического Труда, в день ее 70-летия // Справочно-информационный бюллетень / Управление по труду и социальной защите Пинского райисполкома. Пинск, 2004. С. 66–68.

9.Лебедев, Е. И. Счастливая судьба : [о Е. Лесничей] / Е. И. Лебедев // Земные звёзды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. – Минск : Беларусь, 1978. С. 161–166.

10.Азгур, З. Е. Лесничая : скульптурный портрет : [фото] / З. Азгур // Елатомцева, И. Очерки по истории белорусской советской скульптуры / И. Елатомцева. Минск, 1974. С. 78.

11.У нас в «Оснежицком» : [колхоз «Оснежицкий» Пинского района : сборник статей / лит. запись А. Максимовича, П. Спиридонова]. – Минск : Ураджай, 1972. –39, [1] с. : ил. – (Решения XXIV съезда КПСС – в жизнь!).

12.Ралько, В. А. Занимается новый маяк : [о Е. Лесничей] / В. А. Ралько // Всего достигаешь, если любишь труд / В. А. Ралько. Минск : Урожай, 1966. С. 29–38.

13.Владимирова, А. Новым улицам – имена Почетных граждан / Анна Владимирова // Полесская правда. Пинск, 2022. 1 октября. С. 10.

14.Орлова, И. Имени почетных земляков / Ирина Орлова // Заря. 2022. 7 сентября. С. 13.

15.Майская, Е. Награда нашла героев / Екатерина Майская // Полесская правда. Пинск, 2022. 23 июля. С. 2.

16.Лесничая Екатерина Порфирьевна : [некролог] / Пинский районный исполнительный комитет, Пинский районный Совет депутатов // Полесская правда. Пинск, 2022. 12 января. С. 4.

17.Почетные граждане Пинского района : Лесничая Екатерина Порфирьевна // Полесская правда. Пинск, 2020. 17 января. С. 3.

18.Орлова, И. Ответственность в наследство : [об электромонтере нефтеперекачивающей станции «Пинск» Максиме Лесничем, внуке Героя Социалистического Труда Е. П. Лесничей] / Ирина Орлова // Заря. 2019. 31 августа. С. 13.

19.Курец, А. Оснежицкие люди легенды : [о трудовой деятельности Екатерины Лесничей и её мужа Афета Лесничего из аг. Оснежицы Пинского района] / Александр Курец // Сельская газета. 2017. 4 ноября. С. 9.

20.Ляснічая Кацярына Парфіраўна : почетные граждане Пинского района // Полесская правда. Пинск, 2015. 16 января. С. 4.

21.Яцура, Н. Галоўнае багацце Кацярыны Ляснічай / Н. Яцура // Народная трыбуна. 2012. 6 студзеня (№ 2). С. 3.

22.Кот, В. Екатерина Лесничая: «Было бы мне пятьдесят…» : [о Герое Социалистического Труда Е. П. Лесничей, бывшей доярке колхоза «Оснежицкий»] / Виктория Кот // Полесская правда. Пинск, 2010. 27 июля.

23.Пинщина их знает и помнит : Лесничая Екатерина Порфирьевна // Пинская неделя. 1997. 7 марта.

24.Фёдараў, С. Прыз знатнай даяркі : [Героя Сацыялістычнай Працы К. П. Ляснічай прысуджаны аператару машыннага даення саўгаса «Парахонскі» М. Р. Ляўшы] / С. Фёдараў // Звязда. 1981. 10 лістапада.

25.Лебедев, Е. Счастливая судьба : [о Е. П. Лесничей из колхоза «Оснежицкий»] / Е. Лебедев // Полесская правда. Пинск, 1978. 13 сентября.

26.Ляснічая, К. Поспех нараджаецца ў працы : [аповяд даяркі калгаса «Аснежыцкі» Пінскага раёна] / Кацярына Ляснічая // Звязда. 1969. 4 лютага.

27.Лесничая, Е. Истоки большого молока : [доярка об опыте работы] / Екатерина Лесничая // Заря. 1969. 30 января.

28.Прыгодзіч, З. Чыстыя зоры : [пра даярку К. Ляснічую] / З. Прыгодзіч // Звязда. 1966. 17 красавіка.

29.О присвоении звания Героя Социалистического Труда передовикам животноводства Белорусской ССР : Указ Президиума Верховного Совета СССР, 22 марта 1966 г. : [в т. ч. Е. П. Лесничей, Т. В. Шпаковской] // Сельская газета. 1966. 26 марта.

30.Лесничая, Е. Успех рождается в труде : [доярка делится своим опытом] / Екатерина Лесничая // Заря. 1965. 17 декабря.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 145 разоў