Серада, 12 Ліпень 2023 14:27

18 жніўня 2023 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Леаніда Кандрацьевіча Грэбня (1888–1980), вучонага ў галіне сялекцыі сельскагаспадарчых жывёл, Героя Сацыялістычнай Працы

Леанід Кандрацьевіч Грэбень нарадзіўся 18 жніўня 1888 г. у сяле Крынкі Воўчынскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і земскага доктара. Экстэрнам здаў экзамен за курс рэальнага вучылішча ў г. Рагачоў Магілёўскай губерні, працаваў рахункаводам казначэйства (1901–1909). У 1910 г. прызваны ў Рускую армію, служыў у Забайкаллі, скончыў Віленскае ваеннае вучылішча (1913).

У гады Першай сусветнай вайны Леанід Грэбень удзельнічаў у баявых дзеяннях з 17 верасня 1914 г. Капітан 2-га Сібірскага сапёрнага батальёна, малодшы афіцэр 1-й сапёрнай роты. 18 лістапада 1914 г. быў паранены ў г. Лодзь і адпраўлены на лячэнне ў Варшаўскі шпіталь, які пакінуў у студзені 1915 г. Узнагароджаны ордэнамі Св. Ганны i Св. Станіслава, удастоены Георгіеўскай зброі за знішчэнне моста каля в. Алеснікі, што засведчана ў загадзе 12-й арміі № 160 ад 13.02.1917 г.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. пакінуў армію і вярнуўся на радзіму. З 1918 г. працаваў настаўнікам у школе ў в. Верычава Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. З 1919 г. — у Чырвонай арміі, удзельнік Грамадзянскай вайны.

У 1921 г. Леанід Грэбень паступіў у Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію (з 1923 г. — Сельскагаспадарчая акадэмія імя К. А. Ціміразева) у Маскве, пасля заканчэння якой у 1924 г. атрымаў прафесію агранома-жывёлавода. На фарміраванне яго поглядаў вялікі ўплыў аказалі выбітныя карыфеі заатэхнікі — прафесары Е. А. Багданаў, М. Ф. Іваноў, П. М. Куляшоў. З 1924 па 1925 гг. працаваў выкладчыкам агранаміі Каломенскай школы сялянскай моладзі Маскоўскай вобласці.

Са студзеня 1925 г. Л. К. Грэбень пад кіраўніцтвам прафесара М. Ф. Іванова наладжвае даследчую працу на заатэхнічнай вопытнай племянной станцыі Асканія-Нова (цяпер Біясферны запаведнік «Асканія-Нова» імя Ф. Фальц-Фейна ў Херсонскай вобласці). Навуковы супрацоўнік, намеснік загадчыка станцыі (1925–1930). З першых дзён знаходжання ў Асканіі-Нова праводзіць глыбокі аналіз векавой гісторыі авечкагадоўлі для таго, каб вызначыцца з прыярытэтамі яго развіцця на блізкую і далёкую перспектыву.

З 1930 г. працаваў у г. Омску — прафесар, загадчык кафедры авечкагадоўлі Сібірскага ветэрынарна-заатэхнічнага інстытута. Нароўні з выкладаннем разгортвае першыя ў Заходняй Сібіры селекцыйныя работы па стварэнні парод полутанкаруннай авечкагадоўлі.

У канцы 1934 г. па просьбе М. Ф. Іванова Л. К. Грэбень вярнуўся ў Асканію-Нова, дзе ў 1932 г. узнік Усесаюзны навукова-даследчы інстытут акліматызацыі і гібрыдызацыі жывёл, і ўзначаліў навуковую частку. Працаваў намеснікам дырэктара па навуковай частцы, загадчыкам лабараторыі свінагадоўлі (1934–1944). Доктар сельскагаспадарчых навук (1936). У 1938 г. пачаў работу па вывядзенні хуткаспелай пароды свіней, добра прыстасаванай да мясцовых кліматычных умоў, у тым ліку пасьбе.

Навуковыя даследаванні набіралі тэмп, але ў 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна, набліжалася акупацыя поўдня Украіны. На плечы Леаніда Кандрацьевіча лягла адказнасць па выратаванні генафондных, пародных статкаў і дзікіх жывёл заапарка. У абстаноўцы недахопу рухомага саставу на чыгунцы, яму давялося асабіста арганізоўваць эвакуацыю жывёл сваім ходам. Шлях пралёг на Паўночны Каўказ, у Прыволжскія, Калмыцкія стэпы. Прафесар Л. К. Грэбень быў побач з простымі жывёлаводамі, падбадзёрваў, патрабаваў, дысцыплінаваў, вёў да вызначанай мэты: захаванню генафонду жывёл для далейшага развіцця племянной справы, забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Толькі яго жалезная воля, выдатныя арганізатарскія здольнасці дазволілі выканаць задачу на магчыма аптымальным узроўні.

Пасля вызвалення Асканіі-Нова ў 1944 г. Леанід Кандрацьевіч вяртаецца і пачынае наладжваць паўнавартасную даследчую працу. Гэты працэс быў няпростым з прычыны разбуранай аналітычнай базы. Запаведнік быў цалкам знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, музей разрабаваны, навуковая бібліятэка спалена. Вучоны паглыбіўся ў пытанні лінейнай гадоўлі, кансалідацыі пародных генатыпаў, арганізацыі племянной працы. На розных стадыях завяршэння пад яго непасрэдным кіраўніцтвам былі выведзеныя групы новых генатыпаў мяса-шэрсных авечак.

З 1944 па 1953 гг. Л. К. Грэбень з’яўляўся загадчыкам аддзела свінагадоўлі, з 1953 па 1980 гг. — старшы навуковы супрацоўнік-кансультант па свінагадоўлі і авечкагадоўлі. Акадэмік УАСГНІЛ (1948) і АН УССР (1948). Аўтарытэт вучонага быў на вышэйшым узроўні, а створаная школа — больш за 50 дактароў і кандыдатаў навук — адрозніваецца грунтоўнасцю і прыхільнасцю навуковым ідэям. Навуковыя працы Л. К. Грэбеня прысвечаны ўдасканаленню асканійскай танкаруннай пароды авечак і ўкраінскіх стэпавых белых свіней, вывядзенню новай пароды ўкраінскіх стэпавых рабых свіней. Аўтар метаду вывядзення ліній з двума родапачынальнікамі. Ім апублікаваны 250 манаграфій, 13 кніг і навучальных дапаможнікаў, мноства артыкулаў, якія ўяўляюць вялікую навуковую каштоўнасць.

Леанід Кандрацьевіч Грэбень — Герой Сацыялістычнай Працы (17.08.1968), заслужаны дзеяч навукі Украінскай ССР (1973), узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1936, 1949, 1968), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1948, 1958), ордэнам «Знак Почёта» (1966), шматлікімі медалямі, залатым медалём № 1 імя М. Ф. Іванова УАСГНІЛ (1971), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета УССР (1965).

Побач з Л. К. Грэбнем усё сваё творчае жыццё ў Асканіі-Нова была родная сястра, Алена Кандрацьеўна Грэбень — кандыдат сельскагаспадарчых навук, таленавіты даследчык-свінавод. У іх сааўтарстве выйшлі кнігі «Українська степова бiла порода свиней» (1946), «Украинские степные рябые свиньи» (1961).

Л. К. Грэбень памёр 10 ліпеня 1980 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай

бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы Л. К. Грэбня

1.Система овцеводства в степной зоне Украины / под ред. акад., Героя Соц. Труда Л. К. Гребня. – Москва : Колос, 1972. – 264 с. : ил.

2.Государственная племенная книга свиней украинской степной белой породы / Мин-во сель. хоз-ва Укр. ССР ; ред. Л. К. Гребень. – Киев : Урожай, 1969. – 751 с. : ил.

3.Украинская степная порода белых свиней / Л. К. Гребень. – Киев : Госсельхозиздат УССР, 1962. – 254 с. : ил.

4.Украинские степные рябые свиньи / Л. К. Гребень, Е. К. Гребень ; Укр. науч.-исслед. ин-т животноводства степных районов им. М. Ф. Иванова «Аскания-Нова». – Киев : Госсельхозиздат УССР, 1961. – 91 с.

5.Академик М. Ф. Иванов и его работы по выкедению новых пород животных. – 2-е изд. / Л. К. Гребень. – Москва : Учпедгиз, 1956. – 125 с.

6.Тонкорунне вівчарство на Українi / Л. К. Гребень. – Київ ; Харків, 1952.

7.Племенная работа с тонкорунными овцами асканийской породы / Л. К. Гребень ; Всесоюз. науч.-исслед. ин-т гибридизации и акклиматизации животных Аскания-Нова им. акад. М. Ф. Иванова. – Москва : Сельхозиздат, 1951. – 112 с.

8.Українська степова бiла порода свиней / Л. К. Гребень, О. К. Гребень. – Київ ; Харкiв, 1946. – 104 с.

9.Нова порода овець асканiйський меринос рамбульє / Л. К. Гребень, А. А. Нурiнов, Б. Гнiдаш. – Киïв ; Харкiв, 1936. – 55 с.

10.Овцеводство в Западной Сибири / Л. К. Гребень. – Новосибирск, 1935. – 80 с.

11.Организация овцеводства в колхозах / Л. К. Гребень. – Москва ; Ленинград, 1931. – 112 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці Л. К. Грэбня

1.Гребень Леонид Кондратьевич // Советский энциклопедический словарь. Москва, 1990. С. 340.

2.Гребень Леон. Кондр. // Советский энциклопедический словарь. Москва, 1979. С. 341.

3.Гребень Леонид Кондратьевич // Ежегодник Большой советской энциклопедии, 1969. Москва, 1969. С. 582.

4.Гребень Леонид Кондратьевич // Большая советская энциклопедия : [в 50 т.]. 2-е изд. Москва, 1952. Т. 12. С. 479.

5.Леоинд Кондратьевич Гребень / [сост. Ф. К. Невядомская, Е. П. Тимофеев]. – Москва : ЦНСХБ, 1980. – 32 с. – (Материалы к биобиблиографии деятелей с.-х. науки).

6.Курган, В. Украинский научно-исследовательский институт животноводства степных районов ордена Трудового Красного Знамени имени М. Ф. Иванова («Аскания-Нова») : [упоминается Л. К. Гребень] / В. Курган // Сельскохозяйственная энциклопедия : [в 6 т.]. Москва, 1975. Т. 6. Стб. 352–353.

7.Глазов, В. Леонид Гребень : научная и жизненная селекция академика из Крынок / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. 26 марта (№ 13). С. 20.

8.Лаўранчук, Т. Акадэмік з Крынак / Т. Лаўранчук // Навіны Камянеччыны. 2014. 22 лютага. С. 22. 

9.Пастухоў, І. Акадэмік з вёскі Крынкі / І. Пастухоў // Ленінец. Камянец, 1988. 26 сакавіка. С. 4.

 

 

Чытаць 138 разоў