Серада, 02 Жнівень 2023 15:21

14 сакавіка 2023 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Міхайлавіча Талкачова (1918–2012), заслужанага ўрача БССР (1966), Ганаровага грамадзяніна г. Косава

Уладзімір Міхайлавіч Талкачоў нарадзіўся 14 сакавіка 1918 г. у в. Ветухны Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1933 г. закончыў школу калгаснай моладзі, працаваў у калгасе, у 1934 г. паступіў вучыцца на фельчара ў Магілёўскі медпалітэхнікум. У 1937 г. стаў студэнтам Мінскага медыцынскага інстытута. Пасля заканчэння двух курсаў быў прызваны ў Чырвоную армію.

Вялікая Айчынная вайна застала Уладзіміра Талкачова ў Лідскім акруговым ваенным шпіталі, дзе служыў фельчарам. У першыя дні вайны шпіталь быў разгромлены варожай авіяцыяй. 24 чэрвеня 1941 г. яго назначылі суправаджаючым эвакуіраваных на аўтамашыне сямей каманднага саставу шпіталя. На другія суткі наблізіліся да Мінска, рашылі ехаць на Барысаў. І тут іх машына была затрымана двума старшымі палітрукамі. Праверылі дакументы, а ў суправаждаючага іх не было. Ваенныя загадалі расстраляць Талкачова. Але жанчыны змаглі пераканаць палітрукоў, што ён не дэзерцір, а выконвае заданне старшых.

Яго адправілі ў зборны батальён, які фарміраваўся з адстаўшых чырвонаармейцаў. У хуткім часе Уладзімір Талкачоў трапіў у акружэнне ў раёне Смалявіч, быў захоплены акупантамі ў палон. Прайшоў перасыльныя лагеры для ваеннапалонных у гарадах Смалявічы, Маладзечна, Ліда, Граяво, Сувалкі, затым – Гаммерштэйн у Германіі. У лагерах быў санітарам, як мог, дапамагаў хворым і раненым таварышам. 5 чэрвеня 1942 г. яму ўдалося ўцячы з палону.

Дабраўся ў родныя краі, дзе 17 жніўня стаў партызанам, начальнікам санітарнай службы атрада імя М. Ф. Сільніцкага брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага. Калі трэба было, браў вінтоўку і ішоў у бой. У лістападзе 1942 г. удзельнічаў у знішчэнні фашысцкага гарнізона ў в. Ламавічы ў Акцябрскім раёне, быў паранены. Таксама прымаў удзел у баявых дыверсійных аперацыях на чыгунцы. Лячыў не толькі байцоў, але і мірных жыхароў, а тады на акупаваных тэрыторыях лютаваў сыпны тыф. Нават рабіў складаныя хірургічныя аперацыі: рваў зубы, прымаў роды, ампуціраваў ногі па поваду газавай гангрэны. Восенню 1943 г. атрад перабазіраваўся ў Косаўскі раён, спыніўся ля Жытліна. Уладзіміра выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі атрада.

Пасля вызвалення Івацэвіччыны ў ліпені 1944 г. У. М. Талкачова накіравалі ў райцэнтр Косава для арганізацыі аддзела аховы здароўя, з ім перадалі маёмасць партызанскага медпункта. Будынак Косаўскай бальніцы, пабудаваны ў 1922 г., быў спалены падчас бою партызан з нямецкім гарнізонам 2 жніўня 1942 г. Пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела аховы здароўя Андрэя Якаўлевіча Грынгаўса ў Косаве была арганізавана бальніца на 25 ложкаў. Уладзімір Міхайлавіч працаваў санітарным урачом.

Адчуваў, што трэба болей ведаў, таму ў канцы 1944 г. паехаў у Мінск працягваць вучобу. Пасля заканчэння Мінскага медыцынскага інстытута (1947) з чырвоным дыпломам вярнуўся ў Косава, працаваў загадчыкам амбулаторыі. У красавіку 1948 г. быў назначаны загадчыкам Косаўскага ўрачэбнага ўчастка. З 1952 г. — галоўны ўрач, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення, урач-тэрапеўт Косаўскай бальніцы.

Уладзімір Міхайлавіч вёў вялікую работу сярод насельніцтва па ліквідацыі эпідэмій і хвароб. Невялікі калектыў медработнікаў, які ён узначальваў, змог ліквідаваць успышкі эпідэмій сыпнога тыфу, балотнай ліхаманкі, дыфтэрыі, малярыі. Лячэнне арганізоўвалася на месцах, адначасова медыкі вялі вялікую санітарна-асветніцкую работу.

Па ініцыятыве У. М. Талкачова і яго непасрэдным кіраўніцтве ў Косаве метадам народнага будаўніцтва былі ўзведзены бальніца на 100 ложкаў (1963), паліклініка і 12-кватэрны жылы дом для медыцынскага персаналу.

У 1966 г. Уладзіміру Міхайлавічу было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны ўрач Беларускай ССР». Разам з ім працавалі вопытныя, улюбёныя ў сваю прафесію калегі: Вера Васільеўна Краўцэвіч, Клаўдзія Данілаўна Барзова, Васіль Адамавіч Касьмін. У 1973 г. пакінуў пасаду галоўнага ўрача, застаўся працаваць урачом-ардынатарам да 1990 г.

Уладзімір Міхайлавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, неаднаразова выбіраўся дэпутатам Косаўскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Ужо на пенсіі чатыры гады кіраваў медыцынскай камісіяй раённага савета ветэранаў вайны.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За боевые заслуги», «Партизану Отечественной войны» ІІ ступені, «За доблестный труд в Великой Отечественной войне», «За победу над Германией», шэрагам юбілейных медалёў, нагрудным знакам «Отличник здравоохранения», ганаровымі граматамі. Удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Косава».

У. М. Талкачоў памёр 11 снежня 2012 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака.

Маслоўскі Сяргей Віктаравіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Толкачев Владимир Михайлович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 35.
  2. Толкачев Владимир Михайлович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2005 : [у 2 т.]. Минск, 2005. Т. 2. С. 341.
  3. Талкачоў Уладзімір Міхайлавіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 446.
  4. Заслужаны ўрач Беларускай ССР : 1966 : У. М. Талкачоў  // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 519.
  5. Стан аховы здароўя : [Косава] // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 92–93.
  6. Зайка А. Косава / Алесь Зайка // Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2012. С. 189.
  7. Уладзімір Міхайлавіч Талкачоў : [некралог] // Івацэвіцкі веснік. 2012. 14 снежня. С. 3.
  8. Касперович, Л. Жизнь и судьба доктора Толкачева / Любовь Касперович // СБ. Беларусь сегодня. 2010. 21 июля. С. 5.
  9. Толкачев, В. М. О становлении медицины района / Владимир Толкачев // Івацэвіцкі веснік. 2010. 18 чэрвеня.
  10. Толкачев, В. М.С 90-летием, Владимир Михайлович / В. М. Толкачев ; [беседовал ВикентийИванавич Мороз] // Івацэвіцкі веснік. 2008. 14 сакавіка. С. 2.
  11. Мароз, В. Доктар Талкачоў : [пра заслужанага ўрача БССР У. М. Талкачова] / Вікенцій Мароз // Івацэвіцкі веснік. 2003. 16 верасня. С. 2.
  12. Толкачев, В. М. Здравоохранение района начиналось с Коссовской больницы : [об истории Коссовской больницы] / Владимир Толкачев // Івацэвіцкі веснік. 1998. 14 студзеня.
  13. Бакіевіч, Р. Цана жыцця : нарыс : [пра галоўнага ўрача Косаўскай бальніцы У. М. Талкачова] / Рыгор Бакіевіч // Звязда. 1971. 11 сакавіка.
Чытаць 120 разоў Апошняя змена Серада, 02 Жнівень 2023 15:28