Пятніца, 04 Жнівень 2023 10:09

26 жніўня 2023 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васільевіча Шапецюка (1958–1980), ваеннага лётчыка, воіна-інтэрнацыяналіста

Уладзімір Васільевіч Шапяцюк нарадзіўся 26 жніўня 1958 г. у в. Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці, Марыя Нікандраўна — пенсіянерка, бацька, Васілій Аляксандравіч, — загінуў у аўтакатастрофе ў 1975 г. У сям’і засталіся пяцёра дзяцей, Валодзя быў старэйшым. Давялося дапамагаць маці, усе мужчынскія справы ў доме і на двары выконваў сам. Вельмі клапаціўся аб малодшых сёстрах і братах. У 1975 г. Уладзімір скончыў Лелікаўскую сярэднюю школу. З дзяцінства марыў пра самалёты і верталёты, таму цвёрда вырашыў паступаць у авіяцыйнае вучылішча. 

З 1976 г. Уладзімір Шапяцюк вучыўся ў Саратаўскім авіяцыйным вучэбным цэнтры, у 1978 г. стаў курсантам Вязнікаўскага авіяцыйнага цэнтра ДТСААФ. У 1979 г. скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, атрымаў сярэднюю ваенна-спецыяльную адукацыю пілота-тэхніка. Служыў у Грузінскай ССР.

З кожным годам усё далей ад нас вайна ў Афганістане, аднак не гасне ў памяці вечны боль ад страт, якія не абмінулі і Кобрыншчыну. У Афганістан Уладзімір Шапяцюк трапіў у маі 1980 г. Здзейсніў 115 баявых вылетаў, ажыццяўляючы суправаджэнне транспартных верталётаў і агнявую падтрымку з паветра мотастралковых падраздзяленняў.

18 кастрычніка 1980 г. баявы верталёт «Ми-24» быў збіты ў час атакі на апорны пункт праціўніка і пацярпеў катастрофу ў 52-х кіламетрах на поўнач ад Джэлалабада. Экіпаж з трох чалавек, у складзе якога быў лётчык-аператар лейтэнант У. В. Шапяцюк, загінуў.

Пахаваны на могілках у в. Лелікава. На магіле героя побач з мармуровым помнікам узвышаецца лопасць шрубакрылай машыны, якая сімвалізуе апошні палёт лейтэнанта. На лопасці — ахоўны знак.

У 1981 г. лейтэнант У. В. Шапяцюк узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна). Наш зямляк дастойна выканаў свой доўг перад Радзімай, паступіў так, як павінен паступаць афіцэр. У складаных умовах савецкія воіны праяўлялі стойкасць, мужнасць і сілу духа.

У Лелікаўскай сярэдняй школе створаны куток памяці Уладзіміра Шапецюка, яго імя прысвоена піянерскаму атраду школы. З 2004 г. школа носіць імя У. В. Шапецюка. У 2006 г. на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

На дарогах Кобрынскага раёна і вуліцах Кобрына ў 2002 г. можна было ўбачыць аўтобус, на якім буйнымі літарамі напісана «Владимир Шепетюк», а вышэй, меншымі, што гэты аўтобус названы ў гонар нашага земляка — ваеннага лётчыка, які загінуў у небе Афганістана, і зроблены з металічнага лому, сабранага піянерамі Кобрыншчыны.

У Кобрыне на вул. Леніна створаны сквер воінскай славы, дзе 15 лютага 2010 г. адкрыты памятны знак — верталёт Ми-8 на пастаменце, прысвечаны землякам воiнам-iнтэрнацыяналістам. 15 лютага 2020 г. побач адкрыты помнік героям (скульптар Генадзь Сямёнавіч Абрамаў).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай 

раённай бiблiятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, 

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.Шапяцюк Уладзімір Васільевіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. Мінск, 2002. С. 447–448.

2.Шапяцюк Уладзімір Васільевіч // Памяць. Афганістан. Мінск, 1991. С. 470–471.

3.Суворов, А. М. Воины-интернационалисты Кобринского района / А. М. Суворов // На линии огня воины-интернационалисты Брестской области в Афганской войне / А. М. Суворов. Брест, 2010. С. 174–177, 210, 244–247.

4.Гісторыя вёскі ў асобах. Шапяцюк Уладзімір Васільевіч // Малой радзімы прыцяжэнне : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 475-годдзя з часу першага згадвання ў пісьмовых крыніцах вёсак Лелікава, Павіцце Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2021. С. 29–30.

5.65 гадоў з дня нараджэння У. В. Шапяцюка (1958) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 97.

6.Помнікі воінам-інтэрнацыяналістам. Лелікава. Мемарыяльная дошка Шапецюку У. В. Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста У. В. Шапецюка. Помнік з лопасцю шрубакрылай машыны, сімвалізуючай апошні палёт Уладзіміра Шапецюка // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 134–135.

7.Гордость и боль (воины-интернационалисты Кобринщины) : дайджест / Кобринская центральная районая библиотека, отдел библиотечного маркетинга. – Кобрин, 2012. – 6 с.

8.Бялоў, Д. Ушанавалі памяць герояў : [у в. Лелікава шануюць памяць аб загінуўшым воіне-інтэрнацыяналісце У. Шапяцюку] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. 2017. 18 лютага. С. 2.

9.Буховская, Я. Увы, погибших не вернуть : [память о подвиге офицера В. В. Шепетюка, погибшего в Афганистане, бережно хранит родная деревня Леликово] / Янина Буховская, Юлия Вазнюк // Кобрин-информ. 2014. 20 февраля. С. 6.

10.Казакова, А. Если бы он был жив... : [воспоминания матери погибшего воина-интернационалиста Владимира Шепетюка Марии Никандровны / Анна Казакова] // Кобрин-информ. 2014. 13 февраля. С. 4.

11.В честь воина-афганца : [имя земляка-афганца В. Шепетюка будет носить Леликовская средняя школа] // Кобрынскі веснік. 2006. 15 красавіка.

12.Мельник, Р. Без права на забвение : [о воинах-интернационалистах Кобринщины, упоминается В. Шепетюк] / Роман Мельник // Кобрынскі веснік. 2006. 18 лютага. С. 1.

13.Пустовой, Е. Афганская повесть : [о герое афганской войны В. Шепетюке, уроженце д. Леликово] / Е. Пустовой // Кобрин-информ. 2005. 17 февраля. С. 2.

14.Балка, М. День памяти : [о воине-интернационалисте из Леликово В. Шепетюке, погибшем в Афганистане] / М. Балка // Кобрынскі веснік. 2004. 3 лістапада. С. 2.

15.Харламаў, А. Памяці земляка : [аўтобус «Уладзімір Шапяцюк» зроблены ў гонар земляка-інтэрнацыяналіста з в. Лелікава] / А. Харламаў // Настаўніцкая газета. 2002. 23 сакавіка. С. 1.

16.Бурдыка, В. «Владимир Шепетюк» снова в строю : [в Кобрине вышел на линию автобус «Владимир Шепетюк», изготовленный из металлолома, собранного пионерами Кобринщины] / Владимир Бурдыка // Заря. 2002. 5 марта. С. 2.

17.Хільчук, М. Памяць, удзячнасць, вера : [на дарогах раёна і вуліцах горада курсіруе аўтобус «Уладзімір Шапяцюк»] / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2002. 27 лютага. С. 1.

 

 

 

Чытаць 113 разоў