Панядзелак, 28 Жнівень 2023 14:55

20 ліпеня 2022 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Георгія Андрэевіча Волкава (1922–2000), акцёра, тэатральнага рэжысёра, народнага артыста БССР (1967)

Георгій Андрэевіч Волкаў нарадзіўся 20 ліпеня 1922 г. у Маскве ў сям’і рабочага. Удзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці. У МХАТе пабачыў спектаклі «Синяя птица» і «Анна Каренина» і назаўсёды захапіўся тэатрам. У 1941–1944 гг. вучыўся ў Маскоўскім гарадскім тэатральным вучылішчы.

У час Вялікай Айчыннай вайны Георгій Волкаў, не ўзяты ў армію па стану здароя, пайшоў у апалчэнне: капаў процітанкавыя равы пад Масквой, тушыў на дахах фашысцкія «зажыгалкі», быў начальнкіам аб’екта ППА, за што ўзнагароджаны медалём «За оборону Москвы». Тэатральнае вучылішча ў 1942 г. было рэаргінізавана ў тэатр-студыю. Георгій Волкаў не губляў сувязь са студыйцамі, часта выступаў перад вайскоўцамі, рабочымі, у шпіталях.

У кастрычніку 1945 г. на базе выпускнікоў Маскоўскага тэатра-студыі быў створаны Брэсцкі тэатр імя Ленінскага камсамола Беларусі. Сярод тых, хто прыехаў у Брэст, быў і Георгій Волкаў. Стаяў ля вытокаў станаўлення Брэсцкага тэатра: рыхтаваў новыя спектаклі, рамантаваў памяшканне, абсталёўваў сцэну. З 1945 г. – акцёр, з 1951 г. – акцёр і рэжысёр, у 1965–1979 гг. – галоўны рэжысёр Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя Ленінскага камсамола Беларусі. Скончыў Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатральным інстытуце імя А. Астроўскага (1951).

Вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхалагічным аналізам і лірызмам вылучалі Волкава-акцёра. З лепшых роляў: Лапшын («У пошуках радасці» В. Розава), Павел Карчагін («Як гартавалася сталь» паводле М. Астроўскага), Сяргей Цюленін («Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К. Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вегі), барон Урангель («Фінал» П. Строгава).

Як рэжысёр Георгій Волкаў арганічна адчуваў акцёра, імкнуўся да глыбокай унутранай трактоўкі твора, каб перадаць яму выразную сцэнічную форму. У работах пазнейшага часу імкнуўся больш шматпланава паказаць жыццё і людзей, паглыбіцца ў інтэлектуальны змест твора. Першая самастойная рэжысёрская пастаноўка: «Вераб’іныя горы» А. Сімукова (1950). Сярод пастановак: «Юность отцов» Б. Гарбатава (1952), «В добрый час» В. Розава (1955), «Аргонавты» Ю. Эдліса (1963), «День тишины» М. Шатрова (1966), «Кремлёвские куранты» М. Пагодзіна (1967), «Мещане» М. Горкага (1971), «Третье поколение» М. Мірашнічэнкі (1977).

Ажыццявіў пастаноўкі твораў беларускай драматургіі: «Выбачайце, калі ласка!» (1953) і «Зацюканы апостал» (1972) А. Макаёнка, «Сэрца на далоні» паводле І. Шамякіна (1966), «Брэсцкі мір» К. Губарэвіча (1969), «Усяго адно жыццё» А. Маўзона (1970), «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Наследнік» (1976) М. Матукоўскага.

Да 50-годдзя ўтварэння СССР Георгій Волкаў, захаваўшы тое добрае, што зрабіў у спектаклі «Брэсцкая крэпасць» Кастуся Губарэвіча першы пастаноўшчык Аляксандр Міронскі, шмат у чым палепшыў спектакль, узмацніў гераічную лінію і наблізіў да сучаснасці. Пад назвай «Людзі і камяні» (1968) спектакль аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці працягваў жыць на сцэне.

Народны артыст Беларускай ССР (1967). У 1979–1985 гг. загадчык кафедры акцёрскага майстэрства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, да 1987 г. – выкладчык.

Г. А. Волкаў памёр 15 сакавіка 2000 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя

М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела

краязнаўства

 

1.Волкаў Георгій Андрэевіч // Беларуская энецыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 264.

2.Волкаў Георгій Андрэевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 384–385.

3.Волкаў Георгій Андрэевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 220–221.

4.Волкаў Георгій Андрэевіч / Т. Дз. Арлова // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 673.

5.Волков Георгий Андреевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 121.

6.Волкаў Георгій Андрэевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 129–130.

7.Волкаў Георгій Андрэевіч / Т. Дз. Арлова // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 153.

8.Народныя артысты Беларусі : Волкаў Георгій Андрэевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 621.

9.Бакіевіч, Р. М. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. С. 169–179.

10.Брэсцкi драматычны тэатр : 50 гадоў. 1944–1994 / [укл. З. I. Дудзюк]. – Гродна, 1995. – 64 с. : іл.

11.Волчецкий Л. П. Годы, спектакли, роли… : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра имени Ленинского комсомола Белоруссии / Леонид Волчецкий. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1974. – 172 с.; [6] л. ил. – Из содерж.: [Г. Волков]. С. 15, 21, 23, 25, 29, 31, 49, 54, 58, 68, 79, 80, 81, 97, 108, 109, 121, 123, 130, 135, 139, 155.

12.Перепелица, К. И. Галера святых и грешных : [воспоминания] / К. И. Перепелица. Минск, 2012. – 263 с., [5] с. ил. – Из содерж.: [Г. А. Волков]. С. 152.

13.Перепелица, К. И. Галера святых и грешных... : [воспоминания] / К. И. Перепелица. – Брест : С. Б. Лавров, 2002. – 321 с. – Из содерж.: [Г. А. Волков]. С. 128.

14.Стэльмах, У. Георгій Волкаў / У. Стэльмах // Майстры беларускай сцэны : [зборнік артыкулаў]. Мінск, 1978. Кн. 3. С. 54–57.

15.Волков, Г. А. Вступая в новый сезон / Г. А. Волков ; записал И. Аграновский // Заря. 1976. 9 октября.

16.Волкаў, Г. Галоўны герой – сучаснік / Г. Волкаў // Чырвоная змена. 1974. 30 лістапада.

17.Волков, Г. Тридцать творческих лет / Г. Волков // Заря. 1974. 29 ноября.

18.Волков, Г. А. На авансцэне – молодость / Г. А. Волков ; записала Э. Аграновская // Знамя юности. 1974. 9 апреля.

19.Волчецкий, Л. Грани современной темы / Л. Волчецкий, Г. Волков // Заря. 1973. 2 октября.

20.Влчецкий, Л. Перед открытием занавеса / Л. Волчецкий, Г. Волков // Заря. 1972. 7 октября.

21.Волков, Г. Молодежь театра держит экзамен / Г. Волков // Заря. 1972. 6 апреля.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 68 разоў