Аўторак, 12 Верасень 2023 16:09

27 лістапада 2023 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Васільевіча Пашкевіча (1963), мастака

Аляксандр Васільевіч Пашкевіч нарадзіўся 27 лістапада 1963 г. у п. Першамайскі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. З дзяцінства праявіў здольнасці ў выяўленчым мастацтве. Закончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. В. Ахрэмчыка (1982), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1989). Вучыўся ў народнага мастака Беларусі Г. Х. Вашчанкі.

Аляксандр Пашкевіч удзельнічае ў мастацкіх выстаўках з 1987 г. Працуе ў вобласці манументальна-дэкаратыўнага (вітражы, фрэскі, мазаікі) і станковага жывапісу. У 1991 г. быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР (Беларускі саюз мастакоў). Працаваў на брэсцкім мастацкiм камбінаце «Мастацтва». З 1994 г. узначальвае «Творчую майстэрню А. Пашкевіча».

Асноўныя творы: мазаіка «Спорт» і «Прыгажосць выратуе свет» у спарткомплексе г. Бяроза Брэсцкай вобласці; роспіс «Гімн Ноўгараду» ў сталовай Ноўгарадскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (Расія); жывапісныя кампазіцыі «Браслаўшчына», «Мутанты», «Увесь свет акцёры», «Сімяон Полацкі», «Кіска на стале», «Загінуўшая мішэнь», «Угледзься ў чорны адлятаючы квадрат», «Чатыры гады таму. Партрэт маладога чалавека»; трыпціх «Апафеоз У. Караткевіча».

Аляксандр Пашкевіч быў адным з нямногіх (напрыклад, Марат Рыгоравіч Клімаў, Уладзімір Аляксандравіч Нікалаеў), хто браўся за вітражы. Падрыхтоўка да стварэння тэматычнага вітража была складанай. Спачатку мастацкі камбінат аб’яўляў конкурс на лепшы эскіз, які мастак прадстаўляў перад камісіяй. Далей неабходна было выканаць свой праект у колеры, у натуральную велічыню на кардоне. Пасля канчатковага зацвярджэння праекта, можна было прыступаць да яго ажыццяўлення. Кожны тэматычны вітраж – гэта карпатлівая работа мастака, у якую ён укладвае часцінку душы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя

М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела

краязнаўства

 

1.Александр Пашкевич : [репродукция «Вознесение Христа»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск : А. Климов, 2002. С. 90–91.

2.Пашкевіч Аляксандр Васільевіч : [рэпрадукцыя «Увесь свет акцёры»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 420.

3.Александр Пашкевич : [репродукция «Весь мир актеры»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск : Хелмон, 1997. С. 70–71.

4.Аляксандр Пашкевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 649–650.

5.Тульский, Н. Когда художник становится предпринимателем, его муза не остается безработной : [о творческой мастерской художника А. Пашкевича в Бресте] / Н. Тульский // Брестский курьер. 1993. № 34. С. 6.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 230 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Верасень 2023 16:13