Серада, 04 Кастрычнік 2023 09:38

1 кастрычніка 2023 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Міхайлавіча Гайдуковіча (1948), беларускага архітэктара, вучонага

Міхаіл Міхайлавіч Гайдуковіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1948 г. у в. Хлевішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (1971). З 1972 г. працаваў старшым выкладчыкам у гэтай навучальнай установе. Дацэнт (1986). У 1987–1990 гг. – загадчык кафедры архітэктуры БрІБІ.

З 1989 г. – галоўны архітэктар праектаў творчай майстэрні Саюза архітэктараў СССР. У 1991 г. М. М. Гайдуковіч стварыў персанальную творчую майстэрню пры Саюзе архітэктараў Рэспублікі Беларусь, ператвораную ў 2000 г. у прыватнае ўнітарнае праектна-будаўнічае прадпрыемства «Арміг».

Кандыдат архітэктуры (1984). Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры (2005). Член Саюза архітэктараў СССР з 1980 г. У 1998–2002 гг. – старшыня Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза архітэктараў.

Міхаіл Гайдуковіч працаваў над такімі пабудовамі ў г. Брэсце, як парк воінаў-інтэрнацыяналістаў (1981); турыстычны комплекс «Рынькаўка» у в. Цюхінічы Брэсцкага раёна (2003); кварталы індывідуальнай забудовы № 4, № 5, № 7 (2003–2007); жылы дом з офісамі і падземнай аўтастаянкай па вул. Арджанікідзэ – Камсамольскай (2002–2005); квартал па вул. Савецкай – Пушкінскай – Карбышава – Міцкевіча; бізнес-цэнтр «Дзелавы дом» па вул. Савецкай; рэканструкцыя ўнівермага «Дзіцячы свет»; грамадскі будынак па вул. Савецкай (2004–2013); салон мэблі па вул. Савецкіх пагранічнікаў (2011); жылы дом на скрыжаванні вул. Пушкінскай і бульвара Касманаўтаў (2011); Гандлёва-прамысловая палата па вул. Леніна – Гогаля (2012); офісны будынак у грамадскім цэнтры раёна «Усход» (2015); гіпермаркет «ОМА» па Варшаўскай шашы (2017); рэканструкцыя вантавага маста праз раку Заходні Буг на памежным востраве (2002); рэканструкцыя былых казармаў пад Маладзёжны патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці (2015).

Пабудовы М. М. Гайдуковіча ў іншых рэгіёнах: парк 1000-годдзя ў Віцебску (1982), адміністрацыйна-культурны і бытавы комплекс магістральнай станцыі перапампоўкі газу ў г. Курску (1994–2000); гасцінічны комплекс «Жураўліны» у Белавежскай пушчы (2013), будынак Дзяржстраха ў Баранавічах (1977), гандлёвы комплекс «Свяцілаўскі» па Савецкім праспекце ў г. Баранавічы (2013); супермаркет «Родны кут» у г. Драгічыне (2016); гандлёва-адміністрацыйныя будынкі па вул. Лазо і вул. Медыцынскай у г. Віцебску (2013–2014).

У 2011–2012 гг. – кіраўнік аўтарскага калектыву і канцэпцыі гісторыка-культурнага комплексу «Брэст» у межах вонкавых абарончых валаў Брэсцкай крэпасці. Прапаноўвалася стварыць там гістарычныя комплексы розных эпох музейна-пазнавальнага, турыстычнага і рэкрэацыйнага прызначэння з планамерным ператварэннем крэпасці ў гісторыка-культурны цэнтр.

У прыватнасці, на тэрыторыі Валынскага ўмацавання – аднавіць сярэднявечны Берасцейскі замак з рамесным пасадам, карчмой, вадзяным млынам і броварам для выкарыстання ў якасці турыстычнага комплексу, а таксама пабудаваць макет сярэднявечнага Бярэсця, правесці кансервацыю кляштара бернардзінак. На тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання планавалася  пашырэнне Музея абароны крэпасці, адкрыццё комплексу Нацыянальнага музея тэхнікі, а таксама Музея ўзбраенняў, Горада майстроў.

Прадстаўленая канцэпцыя ў цэлым была адобрана ўдзельнікамі пасяджэння Каардынацыйнага савета, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, архітэктары, супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Аднак, на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, канцэпцыя была вернута на дапрацоўку. Дадзеная канцэпцыя распрацоўвалася ў рамках падрыхтоўкі да 1000-годдзя Брэста, якое адзначалася ў 2019 г.

Аўтар 32 навуковых прац, у т. л. манаграфій: «Руководство по проектированию парков» (1980), «Рекомендации по планировке, застройке и преобразовании городов с учетом освоения пойменных и заболоченных территорий» (1981), «Градостроительное освоение пойменных территорий Белорусской ССР» (1986) – усе ў аўтарскім калектыве.

М. М. Гайдуковіч узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР (1971), Залатым медалём ВДНГ (1982), медалём саюза архітэктараў «За адданасць архітэктуры і творчыя дасягненні» (2005). Лаўрэат прэмій конкурсаў Рэспублікі Беларусь на лепшыя архітэктурныя творы года, Пераможца Усесаюзнага конкурсу праектаў забудовы цэнтра г. Душанбэ (1984), пераможца міжнароднага конкурсу пабудоў «Хрустальный кирпич» за архітэктурнае рашэнне гасцінічнага комплексу «Жураўліны» ў Белавежскай пушчы (Люблін, 2014).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Гайдукович Михаил Михайлович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Вабищевич. Минск, 2019. С. 276.
  2. Гайдукович Михаил Михайлович // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник. Минск : Беларусь, 1991. С. 26.
  3. Гайдукович, М. М. Архитектурно-планировочные принципы и методы оптимизации использования и преобразования пойменных территорий при проектировании парков : автореферат диссертации … кандидата архитектуры / Гайдукович Михаил Михайлович ; Ленинградский инженерно-строительный институт. – Ленинград, 1983. – 26 с.
  4. Рубашевский, Ю. Замок или крепость? / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2016. 25 ноября. С. 7.
  5. Гайдукович, М. Михаил Гайдукович: «Человека воспитывает среда» : размышления архитектора о культурной жизни Бреста / Михаил Гайдукович ; беседовала Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2014. 19 декабря. С. 4.
  6. Иринич, И. Станет ли Брестская крепость туристско-развлекательным центром? : [концепция перспективного использования исторического объекта. Автор – М. Гайдукович] / И. Иринич // Обозреватель. 2008. 19 декабря (№ 51). С. 37.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 87 разоў Апошняя змена Серада, 04 Кастрычнік 2023 10:19