Серада, 04 Кастрычнік 2023 10:13

9 кастрычніка 2023 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Фамы Сямёнавіча Дзем’янюка (1898–1968), вучонага-тэхнолага, доктара тэхнічных навук, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі РСФСР

Фама Сямёнавіч Дзем’янюк нарадзіўся 9 кастрычніка 1898 г. у в. Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1926 г. скончыў механічны факультэт Маскоўскага механіка-машынабудаўнічага інстытута імя М. Э. Баўмана. Адзін з першых выпускнікоў савецкіх ВНУ.

Пасля інстытута Фама Дзем’янюк пачаў працаваць на заводзе АМА (з 1931 г. – аўтазавод імя І. В. Сталіна, з 1956 г. – Маскоўскі аўтамабільны завод імя І. А. Ліхачова (АМА ЗІЛ)). Прайшоў шлях канструктара, начальніка бюро рэканструкцыі механазборачных цэхаў, начальніка механазборачнага цэха, памочніка начальніка вытворчасці, галоўнага тэхнолага, галоўнага інжынера завода. Па накіраванні ўрада двойчы быў у замежных камандзіроўках: у 1928 г. вывучаў працу завода «Мерседес-Бенц (Mercedes-Benz)» у Германіі, у 1930 г. стажыраваўся ў Нью-Ёрку (ЗША).

У 1930-я гг. падчас рэканструкцыі аўтазавода імя І. В. Сталіна (ЗІС) Ф. С. Дзем’янюк вырашыў шэраг складаных арганізацыйна-тэхналагічных задач па бесперабойнаму пераводу вытворчасцi на новы від прадукцыі паточным метадам. У 1933 г. начальнік механа-зборачнага аддзела Ф. С. Дзем’янюк за паспяховую арганізацыю і засваенне вытворчасці ўзнагароджаны ордэнам Леніна. З сакавіка 1937 г. па снежань 1938 г. – галоўны інжынер завода № 28 НКАП. Потым працаваў намеснікам галоўнага інжынера, галоўным тэхнолагам на Маскоўскім аўтазборачным заводзе імя КІМ.

У студзені 1942 г. адкамандзіраваны на ЗІС, дзе да студзеня 1950 г. займаў пасады галоўнага тэхнолага і галоўнага інжынера. Вялікі асабісты ўклад Ф. С. Дзем’янюк унёс у арганізацыю струменева-масавай і аўтаматызаванай вытворчасці на ЗІС і іншых аўтазаводах галіны.Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам былі распрацаваны і ўкаранёны тэхнічныя і працоўныя праекты пераводу на паток вырабу грузавых аўтамабіляў яшчэ ў гады даваенных пяцігодак і ў гады Вялікай Айчыннай вайны – многіх вырабаў ваеннага прызначэння. Працуючы галоўным тэхнолагам аўтазавода, Ф. С. Дзям’янюк паспяхова ўжываў вопыт авіяцыйных заводаў – штампаванне дэталяў з алюмініевага ліста на штампах з цынкавага сплаву. Па гэтай тэхналогіі былі выраблены дэталі кузава легкавога аўтамабіля ЗІС-101. У 1944 г. за паспяховую арганізацыю паточнай вытворчасці абароннай тэхнікі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У пасляваенны перыяд Ф. С. Дзям’янюк кіраваў распрацоўкай праекта пераходу аўтазавода імя І. В. Сталіна на новыя мадэлі без спынення выпуску мадэляў-папярэднікаў. У 1947 г. Ф. С. Дзям’янюк абараніў кандыдацкую дысертацыю. У тым жа годзе за распрацоўку і ўкараненне новых тэхналагічных працэсаў і хуткаснае засваенне вытворчасці аўтамабіля «ЗІС-110» Фаме Сямёнавічу прысуджана Сталінская (Дзяржаўная) прэмія I ступені. З 1947 г. па 1950 г. Фама Сямёнавіч быў дэпутатам Маскоўскага гарадскога Савета працоўных.

У 1948 г. упершыню ў свеце паспяхова ажыццявіў бесперабойны перавод вытворчасці на выпуск новай мадэлі (ЗІС-150). За гэтую працу Ф. С. Дзем’янюк узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ўдастоены Сталінскай (Дзяржаўнай) прэмііII ступені.

З 1952 г. Ф. С. Дзям’янюк – супрацоўнік Інстытута машыназнаўства АН СССР і шэрагу тэхнічных ВНУ. У 1956 г. абараніў доктарскую дысертацыю, у 1957 г. яму было прысвоена званне прафесара.

З 1961 г. па 1968 г. прафесар Ф. С. Дзем’янюк загадваў кафедрай «Тэхналогія машынабудавання» МАМІ (у 2004 г. кафедры прысвоена імя Ф. С. Дзем’янюка). Пры ім прыкметна актывізавалася навуковая праца, ён стаяў ля вытокаў і спрыяў развіццю шматлікіх новых навуковых напрамкаў на кафедры. Дзякуючы Ф. С. Дзем’янюку ўмацавалася матэрыяльная база кафедры, пачаліся абароны доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, стала выдавацца вялікая колькасць падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, пачалі афармляцца аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы.

Нягледзячы на даволі высокае службовае і грамадскае становішча, Фама Сямёнавіч быў цалкам пазбаўлены фанабэрыстасці. Аднолькава ўважліва ставіўся да людзей, якія займаюць розныя пасады, старэйшым па ўзросце і маладым. Асабліва беражліва прафесар адносіўся да моладзі, падтрымліваў усё новае, што ўзнікала ў розумах маладых аспірантаў, даваў штуршок новым напрамкам даследаванняў.

Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для ВНУ. У 1956 г. выдаў манаграфію «Технологические основы производства», якая атрымала шырокую вядомасць у СССР і за мяжой і актуальная да цяперашняга часу. Шырока вядомы і папулярны падручнік для ВНУ «Технологические основы поточно-автоматизированного производства». Апублікаваныя навуковыя працы прафесара перакладаліся на нямецкую, англійскую, кітайскую, японскую і іншыя мовы.

Ф. С. Дзем’янюк – прафесар, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, двойчы лаўрэат Сталінскай прэміі (Дзяржаўнай прэміі СССР), быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі.

Памёр Фама Сямёнавіч Дзем’янюк 22 сакавіка 1968 г. Пахаваны на Навадзявочых могілках г. Масквы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

ПрацыФ. С. Дзем’янюка

  1. Автоматизация процессов машиностроения / Ф. С. Демьянюк [и др.] ; под общ. ред. А.И. Целикова, Ф.С. Демьянюка ; Акад. наук. СССР, Ин-т машиноведения. – Москва, 1956.
  2. Метод определения экономичности изготовления деталей / Ф. С. Демьянюк. – Москва : [б. и.], 1958. 34 с.
  3. Перевод поточного производства автомобилей на выпуск новой модели без прекращения выпуска машин / Ф. С. Демьянюк. – Москва, 1950. – 45 с. : черт.
  4. Перевод поточного производства машин на новую модель без прекращения выпуска / Госплан СССР. Ин-т техн.-экон. Информации ; Ф. С. Демьянюк. – Москва, 1949.
  5. Современное состояние и направления развития технологии машиностроения и приборостроения / Ф. С. Демьянюк. – Москва, 1960.
  6. Технический прогресс в машиностроении / Ф. С. Демьянюк ; ред. Т. Ф. Исланкина. – Москва : Знание, 1956.
  7. Технoлoгические oснoвы пoтoчнo-автoматизирoваннoгo прoизвoдства : [учебное пособие для машиностроительных вузов] / Ф. С. Демьянюк. – 3-е изд., испр. – Москва : Высшая школа, 1968. – 253 с., 2 л. черт. : ил.
  8. Увеличение производительности многопозиционных токарных и агрегатных полуавтоматов / Ф. С. Демьянюк, А. И. Дащенко, Е. Г. Нахапетян. – Москва : [б. и.], 1959. 141 с. : 5 л. ил.

 

 

Аб жыцці і дзейнасці Ф. С. Дзем’янюка

  1. История Московского автозавода им. И. А. Лихачева : [к 50-летию завода] / Н. В. Адфельдт [и др.] ; редкол.: Д. А. Баевский [и др.]. Москва : Мысль, 1966. 647 с. : ил.
  2. Леонтьева, Т. К. Лихачев : [Илья Алексеевич, директор автозавода завода им. И. В. Сталина] / Тамара Леонтьева. – Москва : Молодая гвардия, 1979. – 256 с., [9] л. ил. – (Жизнь замечательных людей).
  3. 120 гадоў з дня нараджэння Ф. С. Дзем’янюка (1898) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 84.
  4. Дзем’янюк Фама Сямёнавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 35–36.
  5. Заслужаныя работнікі-землякі іншых дзяржаў : Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР : Дзем’янюк Фама Сямёнавіч// Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 142.
  6. Фома Семенович Демьянюк // Автомобильная промышленность. 1984. № 10. С. 38.
  7. Коротин, Н. Пять лауреатов с автозавода : [в списке лауреатов Сталинской премии – Ф. С. Демьянюк] / Н. Коротин // Вечерняя Москва. 1947. 11 июня. С. 1.

 

Чытаць 82 разоў