Панядзелак, 27 Лістапад 2023 13:30

27 лістапада 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Любові Ціханаўны Мазоль (1923–2007), Героя Сацыялістычнай Працы (1971), Ганаровага грамадзяніна Пінскага раёна (2006)

Любоў Ціханаўна Мазоль нарадзілася 27 лістапада 1923 г. у в. Аснежыца Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер аг. Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і сялян. У гады Вялікай Айчыннай вайны перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. Пасля вайны працавала ў аднаасобнай сялянскай гаспадарцы.

З пачаткам шырокамаштабнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў 1948 г. Любоў Мазоль уступіла ў калгас імя І. В. Сталіна ў роднай вёсцы. На розных палявых працах праявіла стараннасць і ініцыятыўнасць.

Затым перайшла працаваць у льнаводства, якое ў 1950-х гг. атрымала мэтанакіраванае развіццё ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Паспяхова кіравала спецыялізаваным звяном, якоехутка вывела ў лік перадавых у раёне. У кароткі тэрмін здолела ў дасканаласціавалодаць майстэрствам вырошчвання «паўночнага шоўку» ва ўмовах поўнай адсутнасцімеханізацыі, калі ўся праца, нават самая працаёмкая, выконвалася ўручную.Няпростым прыродным умовам ільнаводы на чале з Любоўю Мазоль супрацьпаставілі сваю арганізаванасць і сялянскую кемлівасць, атрымаўшы па 5 ц валакна з га. Гэта быў самы высокі паказчык на Піншчыне.

Па настойлівай просьбе старшыні калгаса Уладзіміра Антонавіча Ралько, Любоў Мазоль у 1955 г. перайшла працаваць на свінагадоўчую ферму ў калгасе і прыняла групу свінаматак. З цікавасцю спасцігала асновы свінагадоўлі, вывучала перадавы вопыт, імкнучыся прымяніць на практыцы ўсё новае і прагрэсіўнае, уважліва прыглядалася да працы больш дасведчаных жывёлаводаў, слухала іх слушныя парады, вучылася правільна складаць рацыёны кармлення свіней, прымаць апарасы, вырошчваць і адкормліваць маладняк.

Упартая праца і акуратнае выкананне правілаў догляду, утрымання і адкорму дазволілі калгасніцы дамагацца стабільна высокіх паказчыкаў па захаванасці маладняку свіней, няўхільнага росту сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе з пачаткам 6 пяцігодкі (1956–1960). За поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1958).

У хуткім часе, калі калгас (з 1963 г. – «Аснежыцкі») узяў курс на спецыялізацыю ў малочна-мясным кірунку і сталі стварацца фермы высокаўдойных кароў, Любоў Ціханаўна разам з сястрой Валянцінай перайшла ў ліку іншых перадавых калгаснікаў на новы адказны ўчастак вытворчасці – працаваць на цэнтральнай малочна-таварнай ферме. Спачатку яна дапамагала іншым даяркам, а потым ёй даверылігрупу кароў. Яна ўважліва прыглядалася да працы больш дасведчаных калгасніц, вучылася правільна складаць рацыёны кармлення жывёл, авалодвала мастацтвам раздоя кароў.

На ферме тады яшчэ адсутнічала механізацыя, не было электрычнасці, усе работы, нават самыя цяжкія, выконваліся ўручную. Дойка пачыналася досвіткам,а ўсяго за статкам даглядалі тройчы на дзень. Даяркі пераносілі вёдры з малаком,якое злівалі ў бітоны. Пры гэтым жанчыны самі нарыхтоўвалі кормы, затым кармілі і паілі жывёл, чысцілі стойлы. Малака ў той час не хапала, і праца патрабавала аджывёлаводаў гранічнай напругі. Усе гэтыя цяжкасці не сталі перашкодай длядаяркі, якая хутка зарэкамендавала сябе як мэтанакіраваная працаўніца.

Са стараннасцю Л. Ц. Мазоль чытала адмысловую літаратуру, гутарыла з заатэхнікам, знаёмілася з досведам майстроў высокіх надояў. Укараненне перадавых метадаў працы, выкананне правілаў догляду, утрымання і дойкі кароў дазволілі Любові Ціханаўне дабіцца ў хуткім часе высокіх (4000 і болей кг) надояў малака ад кожнай з кароў замацаванай за ёй групы, поўнага захавання прыплоду, а ўпартая праца – увайсці ў лік перадавых даярак калгаса і раёна.

У 1965 г. Любоў Ціханаўна атрымала больш за 5000 кг малака ад каровы,выйшаўшы на новую для сябе мяжу. Па выніках сямігодкі за поспехі ў развіцціжывёлагадоўлі яна была ўзнагароджана другім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966). Наперыяд новай, восьмай пяцігодкі (19661970) прыняла абавязацельства атрымаць адкожнай жывёлы па 6000 кг малака і паспяхова яе выканала. У 1970 г. надаіла ад кожнай з 12 кароў па 7439 кг малака.

Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, Л. Ц. Мазоль прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

Перадавая даярка шмат разоў брала ўдзел у рабоце Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі (з 1959 г. – ВДНГ СССР). У 1959 г. была адзначана медалямі і ганаровымі дыпломамі Галоўнага выставачнага камітэта. Л. Ц. Мазоль выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 8-га склікання (1971–1975), мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных. У 1978 г. выйшла на заслужаны адпачынак.

У 2006 г. Пінскім раённым Саветам дэпутатаў Л. Ц. Мазоль было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна».

Любоў Ціханаўна Мазоль памерла 31студзеня 2007 г.

7 лістапада 2020 г. у Пінску (вул. Карла Маркса, 28) адкрыта Дошка ганаровых грамадзян Пінскага раёна. Сярод васьмі Герояў Сацыялістычнай Працы ёсць і партрэт Л. Ц. Мазоль. 16 верасня 2022 г. адбылася перадача Кнігі ганаровых грамадзян Пінскага раёна ў музейны пакой Пінскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.

Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна, гал. бібліёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мозоль Любовь Тихоновна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014.  С. 159.
  2. Мазоль Любоў Ціханаўна //Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 458.
  3. Мозоль Любовь Тихоновна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 436.
  4. Мазоль Любоў Ціханаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 386.
  5. Мазоль Любоў Ціханаўна //Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 535.
  6. Пинщина – край наш Полесский / [сост.: В. Н. Клеша и др.]. – Пинск : Пинская региональная типография, 2007. – 24 с.
  7. Максимович, А. Полесская крестьянка : [очерк о Л. Т. Мозоль] / А. Максимович // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 223–227.
  8. Владимирова, А. Новым улицам имена Почетных граждан / Анна Владимирова // Полесская правда. Пинск, 2022. 1 октября. С. 10.
  9. Орлова, И. Имени почетных земляков / Ирина Орлова // Заря. 2022. 7 сентября. С. 13.
  10. Майская, Е. Награда нашла героев / Екатерина Майская // Полесская правда. Пинск, 2022. 23 июля. С. 2.
  11. Почетные граждане Пинского района // Полесская правда. Пинск, 2020. 17 января. С. 3.
  12. Любовь Тихоновна Мозоль : Почетные граждане Пинского района // Полесская правда. Пинск, 2015. 16 января. С. 4.
  13. Мозоль Любовь Тихоновна : [некролог] // Полесская правда. Пинск, 2007. 3 февраля. С. 3.
  14. Шестакова, Н. Из плеяды «зыездных» : [к 80-летию Л. Т. Мозоль] / Н. Шестакова // Полесская правда. Пинск, 2003. 3 декабря.
  15. Пинщина их знает и помнит : Мозоль Любовь Тихоновна // Пинская неделя. 1997. 11 апреля.
  16. Максимович, А. Полесская крестьянка : [очерк о Л. Т. Мозоль] / А. Максимович // Полесская правда. Пинск, 1979. 19 января.
  17. Максимович, А. Первая среди лучших : [о доярке Л. Т. Мозоль] / А. Максимович // Советская Белоруссия. 1971. 6 марта.
  18. Мозоль Любовь Тихоновна : [краткая биография кандидата в депутаты Верховного Совета БССР по Пинскому избирательному округу № 161] // Полесская правда. Пинск, 1971. 1 июня.
  19. Климентенко, С. Только вперед! : [о доярке колхоза «Оснежицкий» Пинского района Л. Т. Мозоль] / С. Климентенко // Сельская газета. 1969. 30 марта.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 131 разоў