Панядзелак, 27 Лістапад 2023 13:37

24 кастрычніка 2023 г. — 80 гадоў з дня выхаду першага нумара падпольнай газеты «Савецкі патрыёт» (1943), якая заклала пачатак ляхавіцкіх СМІ

У гады Вялікай Айчыннай вайны жыхары часова акупаванага Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці з вялікай цікавасцю сачылі за кожным друкаваным словам, якое зыходзіла ад камуністычнай партыі, клікала на барацьбу супраць фашыцкіх прыгнятальнікаў. У Машукоўскім лесе, дзе дыслацыраваўся партызанскі атрад імя С. Лазо, у верасні 1943 г. з’явілася дастаўленая з Вялікай зямлі партатыўная друкарская машынка з запасам шрыфтоў, паперы і друкарскай фарбы.

У сярэдзіне кастрычніка 1943 г. Ляхавіцкі падпольны райкам КП(б)Б прыняў рашэнне аб выданні газеты «Савецкі патрыёт». Знайшліся партызаны, якія ведалі друкарскую справу. 24 кастрычніка 1943 г. выйшаў першы нумар «Савецкага патрыёта». Адкрываўся нумар зваротам Урада БССР і ЦК КП(б)Б, які заклікаў беларускі народ бязлітасна вынішчаць нямецкіх акупантаў, нападаць на нямецкія абозы, знішчаць іх усюды, дзе б яны ні з’яўляліся. Былі таксама змешчаны зводка Саўінфармбюро, карэспандэнцыя пра баявыя дзеянні партызан. Трэці нумар падпольнай газеты быў прысвечаны 26-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі.

Кіраваў выданнем газеты сакратар Ляхавіцкага падпольнага райкама партыі Сцяпан Канстанцінавіч Дзесюкевіч (1913–1979). Першыя рэдактары: Я. Л. Шэвелеў (да 18 снежня 1943 г.), П. С. Вярбіцкі (да 17 мая 1944 г.), В. І. Бурло. Тыражы газет былі рознымі, залежалі ад наяўнасці паперы. Іншы раз газету друкавалі на разгорнутых аркушах школьных сшыткаў, якія дастаўлялі сувязныя з Баранавіч. За час акупацыі выйшлі 35 нумароў газеты. Апошні раз у падполлі газета выйшла 3 ліпеня 1944 г., незадоўга да вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Наступны нумар «Савецкага патрыёта» з’явіўся ўжо на свабоднай Ляхавіччыне.

З самага пачатку ў рэдакцыі працаваў Вікенцій Ільіч Бурло. Крыху пазней да гэтай справы быў прыцягнуты Уладзімір Паўлавіч Коўчур, а пазней – Павел Сцяпанавіч Вярбіцкі. Акрамя карэспандэнцый і заметак В. І. Бурло і У. П. Коўчур змяшчалі ў газеце свае вершы. Шмат зрабіў для газеты камандзір атрада імя С. Лазо, а пасля вайны – рэдактар Аляксандр Фядотавіч Астапаў (1911–1978). Імёнамі С. К. Дзесюкевіча і А. Ф. Астапава названы вуліцы райцэнтра.

Новым рэдактарам стаў Вікенцій Юльевіч Шталь, які прысвяціў раёнцы без малога тры дзесяцігоддзі. Гэта быў цудоўны чалавек, выдатны журналіст, і каманда ў яго была выдатная: Васіль Праскураў, Віктар Гардзей, Ісаак Бярковіч, Іосіф Карпыза і інш. Упершыню газету з новым загалоўкам «Будаўнік камунізму» чытачы атрымалі 5 мая 1962 г. Іосіф Цімафеевіч Карпыза змяніў на пасадзе В. Ю. Шталя. Выдатны настаўнік, строгі, аб’ектыўны, дабрыня – мудрая, аўтарытэт – непахісны…

У 1989 г. тыраж выдання склаў 7294 экземпляры. Першы раз пад назвай «Ляхавіцкі веснік» газета выйшла 1 студзеня 1991 г. Дзесяцітысячны нумар «Ляхавіцкага весніка», органа Ляхавіцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, выйшаў у свет 29 лістапада 1994 г. Яго тыраж склаў 5580 экземпляраў.

У 2003 г. на пасаду галоўнага рэдактара была назначана Вольга Пятроўна Барадзіна. Адказная ва ўсім, Вольга Пятроўна ўнесла вялікі ўклад у работу раёнкі. Яе публікацыі ўвайшлі ў зборнікі «Брэстчына вачамі журналістаў» (2005), «Диалектика журналистской души» (2007), друкуецца ў карпаратыўным часопісе «Журналист». У 2017 г. выйшаў яе першы паэтычны зборнік «Март».

«Ляхавіцкі веснік» шмат разоў быў узнагароджаны дыпломамі розных прафесійных конкурсаў. Пераможца VIII (2012), лаўрэат V (2009), VI (2010), VII (2011), XV (2019), XVI (2020) Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая ліцера», пераможца абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый раённых і гарадскіх газет (2013, 2008, 2007, 2005).

10 кастрычніка 2019 г. раённую газету ўзначаліла Маргарыта Аляксееўна Кухта-Маслоўская. Маладая, таленавітая, улюблённая ў сваю справу, за невялікі прамежак часу яна змагла падняць газету на новы, яшчэ большы ўзровень.

У маі 2023 г. рэдакцыя «Ляхавіцкага весніка» стала пераможцай у абласным конкурсе СМІ ў намінацыі «Рэдакцыі раённых і гарадскіх газет». У чэрвені 2023 г. раённая газета за сумесны з аддзелам па адукацыі райвыканкама праект «Школьны дзённік» узнагароджана Гран-пры XIX Нацыянальнага конкурсу «Залатая ліцера».

Камплекты газет «Савецкі патрыёт» (1943–1962), «Будаўнік камунізму» (1962–1990), дакументы рэдакцыі (загады рэдактара, штатны расклад, планы, справаздачы, ведамасці) захоўваюцца ў Занальным дзяржаўным архіве г. Баранавічы (фонд 782).

За 80 гадоў існавання ляхавіцкая раёнка непазнавальна змянілася. Баявы лісток фармату А4 па-раннейшаму баявы, але пра лісток размова даўно не ідзе. Старонкі друкаванага выдання аператыўна і змястоўна дапаўняюцца навінамі на інтэрнэт-сайце раёнкі. Свае чытачы знаходзяцца на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках «Одноклассники» і «ВКонтакте». Пашырае кола падпісчыкаў стужка ў Iнстаграме, каналы «ЛВ» у Тэлеграме і ТіkТоk, на YouTube. Газета мяняецца разам з чытачом і дае яму магчымасць не толькі быць у курсе падзей, але падштурхоўвае мяняцца: разважаць, рабіць высновы, далучацца да стваральных спраў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы.

Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Бородина, О. П. «Ляхавiцкi веснiк» / О. П. Бородина // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 54.
  2. «Савецкі патрыёт» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 551.
  3. Баявы арганізатар : з успамінаў А. Ф. Астапава : [пра выданне падпольнай газеты «Савецкі патрыёт»] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С 243–246.
  4. Напрэеў, Г. Л. Друк падпольны / Г. Л. Напрэеў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 200–201.
  5. Краўчанка, І. С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / І. С. Краўчанка // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 12–17.
  6. Сцяпан Канстанцінавіч Дзесюкевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 227–228.
  7. Десюкевич Степан Константинович // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 184–185.
  8. Астапов Александр Федорович // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 39.
  9. Дулебо, А. И. Мемориальная доска в честь партизанского отряда имени С. Г. Лазо : [д. Гайнинец] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 282.
  10. Павлова, С. А. Подпольная печать Барановичской области в годы Великой Отечественной войны / С. А. Павлова // Библиотеки и музеи в современной образовательной и социокультурной среде: сохранение традиций и перспективы развития : в 2 ч. Минск, 2019. Ч. 2. С. 154–159.
  11. Юбілей у коле сяброў // Ляхавіцкі веснік. 2023. 28 кастрычніка.С. 2.
  12. Кухта-Маслоўская, М. У кожнага з нас свой «Ляхавіцкі веснік» / Маргарыта Кухта-Маслоўская // Ляхавіцкі веснік. 2023. 21 кастрычніка. С. 12.
  13. Бурвель, А. 80! Раёнка: ёсць што ўспомніць / Ала Бурвель // Ляхавіцкі веснік. 2023. 21 кастрычніка. С. 1, 4, 9.
  14. Канько, Г. Наш «веснікавец» – шаноўны юбіляр / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2023. 5 жніўня. С. 4.
  15. Раёнка аб’ядноўвае пакаленні // Ляхавіцкі веснік. 2023. 17 чэрвеня. С.1, 4.
  16. Кухта-Маслоўская, М. Гран-пры «Залатая Ліцера» ў «Школьнага дзённіка» / Маргарыта Кухта-Маслоўская // Ляхавіцкі веснік. 2023. 7 чэрвеня.С. 1–2.
  17. Кухта-Маслоўская, М. Дзякуй за давер/ Маргарыта Кухта-Маслоўская // Ляхавіцкі веснік. 2023. 27 мая. С. 2.
  18. Кухта-Маслоўская, М. Праўда – інструмент беларускай журналістыкі // Маргарыта Кухта-Маслоўская // Ляхавіцкі веснік. 2022. 2 лістапада. С. 2.
  19. Кухта, М. Больш, чым проста «Оскар» / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. 2021. 8 мая. С. 2.
  20. Барадзіна, В. На фоне Грушаўкі здымаецца сямейства / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2018. 22 верасня. С. 2.
  21. Барадзіна, В. Ва ўсю Іванаўскую! : [нататкі, замалёўкі, фота з XXV Дня беларускага пісьменства] / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2018. 5 верасня. С. 4–5.
  22. Барадзіна, В. Тысяча «квадратаў» прэсы : [«Ляхавіцкі веснік» стаў лаўрэатам  XIV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая ліцера» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі»] / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2018. 5 мая. С. 2.
  23. Кузьміч, І. Ёсць такая прафесія – пра навіны распавядаюць / Ірына Кузьміч // Ляхавіцкі веснік. 2014. 27 верасня. С. 4.
  24. Перапечка, Н. Свята сяброўства [«Ляхавіцкі веснік» на X Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур] / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2014. 11 чэрвеня. С. 2.
  25. Двойчы ў «яблычак», ці Увага: здымаю! : [Сяргей Варановіч – адзін з пераможцаў конкурсу на лепшы фотаздымак у катэгорыі «прафесіяналы»] // Ляхавіцкі веснік. 2013. 7 жніўня. С. 2.
  26. Таболіч, С. Рыцары пяра : [пра газету «Ляхавіцкі веснік» і калектыў рэдакцыі] / С. Таболіч // Народная трыбуна. 2009. 2 мая. С. 1–2.
  27. Скрыцкі, А. Прывітанне, мая раёнка! : [успаміны аб рабоце ў рэдакцыі «Ляхавіцкага весніка»] / А. Скрыцкі // Ляхавіцкі веснік. 2008. 22 кастрычніка. С. 4.
  28. Карпыза, І. Эра Шталя : [намеснік старшыні камісіі па стварэнню кнігі «Памяць», галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка»] / І. Карпыза // Ляхавіцкі веснік. 2008. 27 жніўня. С. 4.
  29. Так мы пачыналі : [аб гісторыі газеты з успамінаў былых супрацоўнікаў Вікенція Ільіча Бурло, Ісаака Зелікавіча Бярковіча] // Ляхавіцкі веснік. 1993. 23 кастрычніка.
  30. Якавенка, В. Чужога гора не бывае / В. Якавенка // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1990. 27 снежня. С. 3.
  31. Іванова, А. Абмяняліся вопытам : [рэспубліканскі семінар дырэктароў раённых цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм] / А. Іванова // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1990. 1 студзеня. С. 2.
  32. Лапіч, А. Народжаная ў баях : [аб гісторыі газеты] / А. Лапіч // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1981. 1–8 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 119 разоў