Панядзелак, 27 Лістапад 2023 13:50

21 верасня 2023 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Людмілы Карпаўны Шлег (1948), кампазітара, мастака, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне»

Людміла Карпаўна Шлег нарадзілася 21 верасня 1948 г. у г. Баранавічы (цяпер Брэсцкай вобласці). Бацька, Карп Сцяпанавіч Шлег, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, маці, Сафія Адольфаўна Цішкевіч, – удзельніцай партызанскага руху. Дзед, Сцяпан Яўменавіч Шлег, быў спалены фашыстамі ў ліку 265 жыхароў в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Людміла закончыла Баранавіцкую дзіцячую музычную школу (цяпер № 1), Брэсцкае музычнае вучылішча з адзнакай (1967).

Як кампазітар працавала ў Брэсцкім абласным тэатры лялек і кансультантам пры абласным Доме народнай творчасці. Працягвала музычную адукацыю – закончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага па класу кампазіцыі прафесара Д. Б. Смольскага (1972) і асістэнтуру-стажыроўку Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава пад кіраўніцтвам прафесара С. М. Слонімскага (1980).

Выкладала музычна-тэарэтычныя дысцыпліны і кампазіцыю ў Мінскай дзіцячай музычнай школе № 2. Як музыказнаўца публікавалася ў часопісах «Советский композитор», «Советская музыка», «Мастацтва Беларусі», газеце «Літаратура і мастацтва». Член Саюза кампазітараў БССР (Беларускага саюза кампазітараў) з 1974 г.

Адна з першых беларускіх кампазітараў-жанчын, мае цвёрды характар і гатоўнасць адстойваць свае перакананні, актыўна адстойвала сваё права на прафесію. Яе сачыненні 1970–1980-х гадоў і сёння вызначаюць твар беларускай музыкі ў тых жанрах, у якіх яна працавала. Актыўна працавала ў жанрах аркестравай, вакальна-сімфанічнай, камернай музыкі, найперш праявіла сябе ў харавой музыцы і музыцы для цымбал. Упарта шукала свой уласны шлях.

Адметнай рысай творчасці кампазітара з’яўляецца актыўнае выкарыстанне элементаў сучасных кампазітарскіх тэхнік, яркасць нацыянальнага каларыту. На працягу многіх гадоў Людміла Шлег пастаянна звяртаецца да фальклорнай тэматыкі, звязанай з аднаўленнем архаічных вобразаў, язычных абрадаў і рытуалаў, пеўчых традыцый праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Людміла Карпаўна знайшла свой шлях у мастацтве, свой стыль, сваю манеру выказвання, звязаную з сінтэзам «старога» і «новага».

Асноўныя творы кампазітара: радыёопера для дзяцей «Тараканішча» на словы Карнея Чукоўскага (1972), опера «Каваль – залатыя рукі» (1980), народная опера «Калядкі» (1975), араторыі «Славіца» на вершы беларускіх паэтаў (1977), «Сказ пра Ігара» паводле «Слова аб палку Ігаравым» у перакладзе Янкі Купалы (1985), рэквіем «Памятайце!» па матывах кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі» (1982), кантаты «Трава-мурава» на беларускія народныя тэксты (1979), «Дударык» на словы Васіля Віткі (1975), сімфанічная паэма «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа (1981) і інш.

Пісала музыку на вершы беларускіх паэтаў Цёткі, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага і інш., апрацоўкі беларускіх народных песень. З пачатку 1990-х гг. яе інтарэсы сталі хіліцца да рэлігіі і духоўнай музыкі. Асноўныя духоўныя творы: араторыя «Іканастас», «Аркестравая фрэска па іконе Андрэя Рублёва «Троіца» у гонар Сергія Раданежскага», канцэртны трыпціх «Stabat Mater», канчэрта-рэтра «Алиллуя», кантавы сшытак «In memoriam». За вялікі ўклад у развіццё царкоўна-пеўчай культуры ўдастоена прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (4 студзеня 2000 г.).

У школьнай праграме па вучэбнаму прадмету «Музыка» творчасць Л. К. Шлег прадстаўлена ў 1 класе «Маршам» і «Колыбельной матери» з сюіты-казкі «Покати-горошек»; у 2 класе – песняй «Куркі» на словы А. Вярцінскага; у 4 класе – апрацоўкамі духоўных кантаў «Новая радость стала», «Скиния златая», «Дар ныне пребогатый» і творам «Ave Maria».

Людміла Шлег з дзяцінства любіла маляваць. Ужо ў сталым узросце атрымала мастацкую адукацыю – закончыла Дзяржаўны завочны народны ўніверсітэт мастацтваў (Масква) па спецыяльнасці «станковы жывапіс і графіка». Займаецца жывапісам, іконапісам. Таленавітая мастачка правяла персанальныя выставы сваіх твораў у Брэсце, Мінску. Яе іконы знаходзяцца ў цэрквах і манастырах Мінска, Брэста, Салігорска і інш.

Пасля смерці бацькі Людміла Карпаўна пераехала з Мінска ў Брэст, каб даглядаць састарэлую маці. Працягвае пісаць харавую музыку, у асноўным на царкоўныя і біблейскія тэксты. Устанавіла творчыя стасункі з Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжам імя Р. Р. Шырмы, перадала ў дар 10 жывапісных твораў, у тым ліку партрэт Р. Р. Шырмы.

Узнагароджана Ганаровымі граматамі Прэзідіўма Вярхоўнага Савета УССР, Міністэрства культуры БССР, прэміяй Епархіяльнага савета Мінскай епархіі. Лаўрэат ІІІ Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў у Мінску, рэспубліканскіх конкурсаў імя Ф. Скарыны. Як педагог атрымала Гран-пры на міжнародным конкурсе «Я – кампазітар» у Санкт-Пецярбургу (1997). Займала прызавыя месцы ў міжнародных конкурсах і фестывалях у Мінску і Гродна.

З 12 верасня па 31 кастрычніка 2018 г. у зале нотных і аўдыёвізуальных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшла юбілейная выстава «Свет духовной музыкі», прысвечаная жыццю і творчасці Л. К. Шлег. 12 мая 2022 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбыўся канцэрт харавой музыкі Людмілы Шлег «Святый Ангеле», таксама былі выстаўлены карціны. 27 кастрычніка 2022 г. у Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. І. Глінкі адкрыта мастацкая прастора – «Музычная галерэя», дзе прадстаўлены карціны Л. К. Шлег, адбыўся канцэрт яе духоўнай харавой музыкі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

 

Творы Л. К. Шлег

  1. Библейская страничка: цикл инструментальных пьес для фагота и фортепиано / Людмила Шлег. Минск, 1994. 7 с.
  2. Саркастычныя песні ; Комплекс непаўнацэннасці ; Абыякавасць ; Няма дурных : [вакальны цыкл на вершы А. Вярцінскага] / Людмила Шлег. – Мінск : Беларусь, 1983. – 16 с.
  3. Лубочек : детские пьесы для трубы и фортепиано / Людмила Шлег ; редактор А. Кнайфель. – Ленинград : Советский композитор, 1979. – 18 с.
  4. Белорусская тетрадь : сюиты для баяна / Л. К. Шлег. – Минск : Беларусь, 1979. – 23 с.
  5. Шляхі пошуку : [пра дзейнасць дзіцячага музычнага тэатра-студыі «Казка» пры Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі] / Людміла Шлег // Мастацтва. 1992. № 9. С. 56–58.
  6. Калі музы маўчаць… : [да праблемы прапаганды беларускай музыкі] / Людміла Шлег // Мастацтва Беларусі. 1988. № 9. С. 63–64.
  7. Ці ж заўсёды памятаем пра дзяцей? : [аб праблемах музычна-эстэтычнага выхавання дзяцей] / Людміла Шлег // Літаратура і мастацтва. 1988. 29 студзеня. С. 12.
  8. Штрыхі да партрэта восені / Людміла Шлег // Літаратура і мастацтва. 1987. 27 лістапада.

 

Аб жыцці і творчасці Л. К. Шлег

  1. Шлег Людміла Карпаўна / Р. Н. Аладава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 435.
  2. Шлег Людмила Карповна/ Р. Н. Аладова // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 471.
  3. Шлег Людмила Карповна / Р. Н. Аладова // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 606–607.
  4. Шлег Людмила Карповна// Современное искусство Республики Беларусь : справочник персоналий. Минск, 2018. С. 422–423.
  5. Шлег Людмила Карповна // Мдивани, Т. Г. Композиторы Беларуси / Т. Г. Мдивани, В. Г. Гудей-Каштальян. Минск, 2014. С. 258–262.
  6. Шлег Людмила Карповна// Кто есть кто в Республике Беларусь. 2001. Т. 2. Минск, 2001. С. 167.
  7. Шлег Людміла Карпаўна // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 617–618.
  8. Шлег Людмила Карповна// Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела. Минск, 1999. С. 147–148.
  9. Шлег Людміла Карпаўна // Кампазiтары Беларусi / Т. Г. Мдзівані, Р. І. Сергіенка. Мінск, 1997. С. 179–185.
  10. Шлег Людміла Карпаўна // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 769.
  11. Шлег Людміла Карпаўна / Дз. М. Жураўлёў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 578.
  12. Шлег Людмила Карповна// Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 697.
  13. Шлег Людміла Карпаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 667.
  14. Шлег Л. К. // Журавлев, Д. Н. Союз композиторов БССР : краткий биобиблиографический справочник / Д. Н. Журавлев. Минск : Беларусь, 1978. С. 283–285.
  15. Аладова, Р. Н. Людмила Шлег : [буклет] / Р. Аладова. – Минск, 1981.
  16. Осипова, Г. Г. Ленинградская «новая фольклорная волна» в белорусской проекции : фольклорное направление в хоровом творчестве Людмилы Шлег / Г. Г. Осипова // Белорусский сборник. Санкт-Петербург, 2015. Вып. 6. С. 152–157.
  17. Шлег Людмила // Хоровой класс : учебное пособие / С. П. Бубен, С. С. Кунцевич, Н. В. Доменикан. Минск, 2012. Ч. 1. С. 138.
  18. Климанов, С. Жанрово-тематические особенности кантатно-ораториальных сочинений Л. Шлег / Семен Климанов // Научные труды Белорусской государственной академии музыки. Минск, 2011. Вып. 25. С. 14–21.
  19. Бунцэвіч, Н. Анёльская музыка : [пра аўтарскую вечарыну «Святы анёле» кампазітара Л. Шлег] / Надзея Бунцэвіч // Культура. 2022. 28 мая (№ 22). С. 13.
  20. Кононович, Н. Светоносная сень крепостных валов : [в художественном музее г. Бреста открыли выставку «Светоносная сень» художника, композитора Л. Шлег] / Наталья Кононович // Брестский вестник. 2021. 15 апреля (№ 15). С. 18.
  21. Ковальская, О. Иконопись Людмилы Шлег : [в музее «Спасённые художественные ценности» открыли персональную выставку композитора и художника Л. Шлег «Светоносная сень»] / Ольга Ковальская // Брестский вестник. 2019. 16 мая (№ 20). С. 13.
  22. Павлова, Л. Семь нот в тишине : [о творческом вечере композитора и художника Л. К. Шлег в Брестском музыкальном колледже] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2015. 26 марта (№ 13). С. 22.
  23. Воронова, С. С. Opusmtmoriamв творчестве Л. Шлег: психологические аспекты / С. С. Воронова // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2014. № 24. С. 41–44.
  24. Литвинович, А. [Шлег Людмила Карповна (1948)] / Александр Литвинович // Наш край. Барановичи, 2012. 22 сентября. С. 4.
  25. Дышыневіч, В. Веліч вечнай прыгажосці : [пра аўтарскі канцэрт твораў Л. Шлег у зале Мінскага Епархіяльнага Упраўлення Беларускай Праваслаўнай царквы] / В. Дышыневіч // Настаўніцкая газета. 1992. 25 лістапада.
  26. Шлег, Л. Агучаны жывапіс / Людміла Шлег ; гутарыла Т. Смоляк // Звязда. 1987. 1 снежня.
  27. Вітка, В. Традыцыі, пошук, эксперымент / Васіль Вітка // Літаратура і мастацтва. 1984. 24 лістапада.
  28. Шлег, Л. Помніць… / Людміла Шлег ; [гутарыла] Л. Макаранка // Літаратура і мастацтва. 1984. 9 сакавіка. С. 10–11.
  29. Юденич, Н. Н. Доброго пути! / Н. Н. Юденич // Советская музыка. 1983. № 8.
  30. Ракава А. Мелодыя спявае ў сэрцы / А. Ракава // Літаратура і мастацтва. 1976. 16 студзеня.
  31. Братушэнка, С. Роднага краю напевы / С. Братушэнка // Работніца і сялянка. 1973. № 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 221 разоў