Серада, 29 Лістапад 2023 16:45

30 снежня 2023 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Рыгоравіча Свергуна (1903–1971), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, удзельніка партызанскага руху

 

Аляксандр Рыгоравіч Свяргун нарадзіўся 30 снежня 1903 г. у в. Гічыцы Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям'і. Вучыўся ў мясцовай царкоўна-прыхадской школе. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я падалася ў бенжанства у глыб Расіі. Аляксандр працаваў рабочым на Маскоўска-Казанскай чыгунцы.

 

У 1918 г. разам з бацькамі пераяздзжае ў Сібір, у Алтайскі край. Працаваў рабочым на маслазаводзе (1920–1923). На радзіму, якая ў 1920 г. апынулася пад польскай уладай, сям’я вяртаецца толькі ў 1923 г. За гады адсутнасці ўся маёмасць была знішчана. Пасяліліся ў чужой паўразбуранай хаце. Аляксандр Свяргун уладкаваўся на працу рабочым вузкакалейкі на станцыі Івацэвічы.

У Заходняй Беларусі, якая была захоплена Польшчай ў час Польска-савецкай вайны (1919–1921), польскай адміністрацыяй быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена ўлада памешчыкаў і капіталістаў. Багацці Беларусі рабаваліся і перапраўляліся ў Польшчу. Дзяржаўнай мовай была аб’яўлена польская. З устаноў звальняліся асобы беларускага паходжання і праваслаўнага веравызнання. Праводзіліся масавыя арышты праціўнікаў польскага рэжыму і дзеячоў беларускага нацыянальнага руху.

Аляксандр Свяргун адразу стаў праводзіць прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. З 1923 г. – арганізатар і сакратар партячэйкі ў в. Гічыцы, з 1925 г. член Косаўскага раённага камітэта КПЗБ. Адзін з арганізатараў выступлення працоўных г. Косава ў абарону Беларускай сялянска-рабочай грамады. 3 лютага 1927 г. на дэманстрацыю пратэсту сабралася больш за 1500 сялян. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала разагнаць мітынг. Калі пасля мітынгу дэманстранты рушылі па вуліцах мястэчка, паліцыя пачала страляць у іх. Былі забіты 6 чалавек і некалькі дзясяткаў паранены.

У 1927 г. Аляксандр Свяргун быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны ў турму. Удзельнік працэсу над 75-цю членамі КПЗБ у Гродне (9–21 чэрвеня 1929 г.). Пры яго актыўным удзеле на судзе былі арганізаваныя дэманстрацыі пратэсту.

У сакавіку 1935 г. выпушчаны з турмы, прыехаў у родную вёску. 31 жніўня 1935 г. па даносу правакатора А. Р. Свяргун зноў быў схоплены паліцыяй, асуджаны на шэсць гадоў турмы. Адбываў пакаранне ў Пружанскай, а потым у Драгабыцкай (Заходняя Украіна) турмах. У 1938 г. да палітзняволеных дайшла звестка аб роспуску КПЗБ.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, Аляксандр Свяргун выйшаў з турмы 4 верасня 1939 г., адразу паехаў у Гічыцы. Дайшлі звесткі аб вызваленчым паходзе Чырвонай арміі. Аляксандр Свяргун быў адным з ініцыятараў арганізацыі ўзброенага атрада (каля 80 чалавек), які раззброіў польскі гарнізон, і які стварыў часовы рэвалюцыйны камітэт у Івацэвічах. 20 верасня ў Івацэвічы прыйшлі першыя савецкія воіны. Неўзабаве Аляксандр Свяргун быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, на якім было прынята гістарычнае рашэнне аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР.

З пачатку Айчыннай вайны Аляксандр Свяргун знаходзіўся ў Чырвонай арміі. З 1943 г. удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. За самаадданую працу па забеспячэнні партызан грузамі А. Р. Свяргун узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Пасля вызвалення Беларусі быў на савецкай рабоце ў Брэсце, потым працаваў на пасадзе старшыні Пружанскага гарвыканкама (1951–1955). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання (1940–1947). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі. Аўтар успамінаў аб рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі «Незабыўныя дні», выдадзеных у калектыўным зборніку «У суровыя гады падполля» (1958).

А. Р. Свяргун памёр 31 жніўня 1971 г. Яго імем названа вуліца ў Пружанах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Маслоўскі Сяргей Віктаравіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Свяргун Аляксандр Рыгоравіч / М. П. Клімец // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 272.
  2. Свяргун Аляксандр Рыгоравіч / Міхаіл Клімец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 267.
  3. Свергун Александр Григорьевич // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 533–534.
  4. Свергун Александр Григорьевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 559.
  5. Свяргун Аляксандр Рыгоравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 545.
  6. Свяргун Аляксандр Рыгоравіч / М. П. Клімец // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 452.
  7. Свяргун, А. Г. Незабыўныя дні / А. Г. Свяргун // У суровыя гады падполля : успаміны былых членаў КПЗБ – актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі / складальнік М. С. Арэхва. Мінск, 1958. С. 168–175.
  8. Дні барацьбы : з успамінай Аляксандра Рыгоравіча Свергуна // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 117.
  9. Змагаліся і ў няволі : з успамінаў А. Р. Свергуна // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 117–118.

 

 

 

 

Чытаць 168 разоў Апошняя змена Серада, 29 Лістапад 2023 16:48