Чацвер, 01 Люты 2024 14:01

26 снежня 2024 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Іванавіча Цубера (1939–2022), мастака, майстра па роспісе

 

Дзмітрый Іванавіч Цубер нарадзіўся 26 снежня 1939 г. у г. Давыд-Гарадку Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. Дзед і бацька займаліся сталярнай справай. У школу пайшоў адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ ў школьныя гады пачаў маляваць «цікеткі» – драўляныя эцікеткі (плакеткі) для сямян, якімі гарадчукі гандлявалі на рынках розных гарадоў Савецкага Саюза. Майстэрству работы з фарбамі вучыўся ў самабытнага мастака Барыса Іванавіча Сысы, які жыў па суседству. Таксама звяртаўся да заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, самадзейнага мастака і разьбяра драўляных скульптур Канстанціна Кандратавіча Казёлкі (1915–1991). Спрабаваў сябе ў графіцы, рабоце з акварэллю, гуашшу, алеем. 

Росквіт давыд-гарадоцкай размалёўкі прыпаў на 1960–1970-я гг. і гэты перыяд звязаны найперш з творчасцю Дзмітрыя Цубера. Ён давёў плакатна-схематычны варыянт «цікеткі» да ўзроўню станковага жывапіснага твора. Яго здольнасць вырасла з багатай традыцыямі глебы палескай народнай творчасці. Кветкавае багацце – асноўны матыў творчасці Дзмітрыя Цубера. У «цікетках» Дзмітрыя Іванавіча ёсць і вытанчанасць пісьма, і маляўнічая гармонія сакавітых фарбаў, і адначасна дакументальная трапнасць. Мастак выканаў больш за сотню сюжэтаў «цікетак». Камплект «Агародніна» складаецца з 40 відаў, а камплект «Кветкі» ўключае каля 70.

З 1972 г. супрацоўнічаў з Пінскай фабрыкай мастацкіх вырабаў. Працаваў як надомнік, выконваў план па роспісу кухонных дошак ці шкатулак, але гэта не спрыяла сапраўднай творчасці. Каб выканаць план, працаваць даводзілася «канвеерам»: спачатку замалёўваў адзін колер на ўсіх дошках, потым – другі, ніякіх адступленняў у той ці іншы бок ад зацверджанага ўзору. Бывала, ствараў узоры для роспісу вырабаў фабрыкі, мастацкі савет аднагалосна ўхвальваў работу, але яна так і заставалася ў адзіным экземпляры, бо растыражаваць складаную работу таксама няпроста. Распрацаваў больш дзясятка новых сувеніраў, якія былі зацверджаны на мастацка-тэхнічным савеце Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР.

Дзмітрый Іванавіч быў добра дасведчаным у дасягненнях народнага мастацтва Беларусі, Расіі, Украіны. Чытаў розную літаратуру па выяўленчым мастацтве, наведваў выставы. Вывучаў еўрапейскі нацюрморт, мастацтва палехскіх і жостаўскіх майстроў.

Распісныя дошкі, падносы, дэкаратыўныя талеркі, пано, шкатулкі Дзмітрыя Цубера з’явіліся на выставах i фестывалях народнай творчасці ў Мінску, Маскве, Вільнюсе. Яго работы выгадна вылучаліся і майстэрствам роспісу, і мажорнай каларыстыкай. Аб таленавітым гарадчуку пісалі газеты «Комсомольская правда», «Неделя», «Голас Радзімы», часопісы «Советский Союз», «Нёман», «Мастацтва» і інш.

Па заказах калекцыянераў і мастацтвазнаўцаў намаляваў шмат твораў, дзе кветкі вырашаюцца ак цэласны, сіметрычна скампанаваны нацюрморт. Работы Дзмітрыя Цубера захоўваюцца ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі, музеі Беларускага Палесся ў Пінску, выстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі Брэсцкага мастацкага музея, музея гісторыі г. Давыд-Гарадка.

Д. І. Цубер памёр 14 лютага 2022 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Цубер Дзмітрый Іванавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 523.
  2. Починова, Н. В. Белорусская народная декоративная роспись : учеб. пособие для уч-ся учрежд. проф.-тех. образования / Н. В. Починова. – Минск : Вышэйшая школа, 2005. – 175 с. : ил. – Из содерж.: Д. Цубер. С. 17–19. Давид-городокская роспись. С. 68–93.
  3. Сахута, Я. Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва / Я. Сахута. – Мінск : Беларусь, 1996. – 110 с. : іл. – Са зместу: [Д. Цубер. Дэкаратыўная талерка : фота]. С. 76.
  4. Лявонава, А. К. Размалёўка па дрэве : [узгадваюцца В. Тукін, Дз. Цубер, Б. Сыса з Давыд-Гарадка] / А. К. Лявонава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 468–469.
  5. Лосич, П. «Цiкетка» – яркий привет из прошлого : [о художнике Д. Цубере из Давид-Городка] / Павел Лосич // Рэспублiка. 2016. 4 лiстапада. С. 8–9.
  6. Раманюк, М. Віртуоз давыд-гарадоцкае размалёўкі [Дзмітрый Цубер] / Міхась Раманюк // Мастацтва. 1995. № 1. С. 32–35.
  7. Сахута, Я. Чароўныя краскі Палесся : [пра мастака Д. Цубера з Давыд-Гарадка] / Яўген Сахута // Голас Радзімы. 1992. 6 жніўня. С. 7.
  8. Глушаков, В. Росписи Погорынья : [о мастерах Давид-Городка, о мастере декоративной росписи Д. Цубере] / Владимир Глушаков // Нёман. 1986. № 11. С. 170–173.
  9. Дромін, Е. Каб чалавек не страціў душу : [пра выставу «Майстры Століншчыны» ў Доме самадзейнай творчасці Белсаўпрофа, дзе былі прадстаўлены работы Д. Цубера] / Е. Дромін // Навіны Палесся. Столін, 1986. 9 мая.
  10. Дромін, Е. Каб чалавек не страціў душы… : [пра выставу «Майстры Століншчыны» ў Доме самадзейнай творчасці Белсаўпрофа, дзе былі прадстаўлены работы Д. Цубера] / Е. Дромін // Літаратура і мастацтва. 1986. 25 красавіка. С. 16.
  11. Ступак, А. Мастак з Давыд-Гарадка [Д. І. Цубер] / А. Ступак // Навіны Палесся. Столін, 1984. 21 лютага.
  12. Зиновьев, А. Росписи Давид-Городка : [о художнике Д. Цубере и его сотрудничестве с Пинской фабрикой художественных изделий] / А. Зиновьев // Знамя юности. 1984. 19 февраля.
  13. [Интерес к народным художественным промыслам… : о творчестве художника Д. Цубера из Давид-Городка] // Советский Союз. 1973. № 2. С. 11.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 99 разоў