Чацвер, 15 Люты 2024 08:38

17 сакавіка 2024 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Збігнева Кабаты (1924–2014), удзельніка Другой сусветнай вайны, вучонага-іхтыёлага

  

Збігнеў Кабата нарадзіўся 17 сакавіка 1924 г. у в. Яромічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і польскага афіцэра. Вучыўся ў дзяржаўнай гімназіі імя М. Радзевіч у Кобрыне, якую закончыў у 1937 г.

 

Пасля заканчэння гімназіі ва ўзросце 13 гадоў Збігнеў Кабата паступіў у Кадэцкую ваенную акадэмію імя Пілсудскага ў г. Львове, быў кадэтам 2-га корпуса. Але закончыць акадэмію не паспеў у сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны.

Сям’я пераехала ў г. Кельце (Польшча). У 1939 г. Збігнеў Кабата далучыўся да руху Супраціву. З’яўляўся ўдзельнікам дыверсійных акцый, рэдактарам, друкаром, разносчыкам падпольнай прэсы «Odwet», аўтарам партызанскіх песень і вершаў. Вядомы як паэт, аўтар неафіцыйнага гімна руху Супраціву, папулярнага пазней і ў сацыялістычнай Польшчы. Пасля вайны напісаў успаміны «Дзённік Польшчы – дзённік салдата».

У 1945 г. З. Кабата апынуўся спачатку ў Італіі, дзе далучыўся да Другога корпусу Арміі Краёвай. У 1946 г. разам са сваім корпусам быў перамешчаны ў Вялікабрытанію (г.Абярдзін, Шатландыя), дзе пасля заканчэння шасцімесячных курсаў рыбакоў працаваў на камерцыйных рыбалоўных судах у Паўночным моры. Палюбіў мора і стаў паспяховым студэнтам у вобласці марской біялогіі, а затым атрымаў доктарскую ступень ва Універсітэце Абярдзіна. Там жа сустрэў сваю будучую жонку Мэры Мантгомеры, у шлюбе з якой нарадзіліся дачка і сын.

Пасля заканчэння ўніверсітэта З. Кабата працаваў у марской лабараторыі Шатландскага аддзела сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ў Абярдзіне. У 1951–1955 гг. вывучаў біялогію, абараніў доктарскую навуковую працу «Паразіталогіі марскіх рыб». У 1966 г. яму прысвоена званне доктара біялагічных і філасофскіх навук. Чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Індыі.

З 1967 г. З. Кабата жыў у Канадзе. На працягу 15 гадоў быў членам Міжнароднай камісіі па заалагічнай наменклатуры. У 1984 г. стаў заснавальнікам і прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі капепадалогаў. Вучоны прысвяціў больш за 50 гадоў работам па сістэматыцы і цыклам паразітычных капепод – паразітычных ракападобных. Як прызнанне заслуг, яго імем названа некалькі дзясяткаў марскіх істот.

Збігнеў Кабата апублікаваў шмат навуковых прац. Яго фундаментальная праца «Parasitic Copepoda of British Fishes» (Ray Society Publications, 1979) утрымоўвае больш 2000 арыгінальных, праўдзіва мастацкіх і заалагічна падрабязных малюнкаў паразітычных ракаў. Іншыя яго вядомыя кнігі: «Copepods Parasitic on Fishes: Keys and Notes for Identification of the Species (Synopses of the British fauna)» (Backhuys Publishers, 1992), «Parasites and Diseases of fishes cultured in the tropics» (Taylor & Francis, 1985) і каля 150 артыкулаў у навуковых часопісах таксама запатрабаваны навуковай супольнасцю.

Сумесна з Л. Марголісам Збігнеў Кабата распрацаваў дыягностыку статкаў прамысловых рыб з выкарыстаннем выглядаў паразітаў як маркераў. Гэтым быў адкрыты новы накірунак у менеджменце біярэсурсаў мора, які паспяхова развіваецца і ў нашы дні. Важнай заслугай навукоўца былі пераклады рускай паразіталагічнай літаратуры і іх папулярызацыя сярод маладых англамоўных паразітолагаў. Адзін з вучняў З. Кабаты прафесар Джэфры Боксшэл адзначаў, што ён быў выгадаваны на працах рускіх паразітолагаў і Збігнева Кабаты.

За прафесійную і грамадскую дзейнасць З. Кабата адзначаны шматлікімі медалямі, сярод якіх узнагароды Канадскага грамадства заолагаў, Польскага паразіталагічнага грамадства. У 1996 г. навукоўцу быў уручаны Вялікі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (Grand Commander Cross of Polonia Restituta) і прысвоена званне Ганаровага доктара сельскагаспадарчага ўніверсітэта ў Шчэціне. У 1995 г. З. Кабата быў аднагалосна абраны ганаровым членам Паразіталагічнага таварыства пры Расійскай акадэміі навук (цяпер Міжрэгіянальная грамадская арганізацыя Паразіталагічнага таварыства). У 2002 г. ён быў абраны ганаровым прэзідэнтам Кангрэса паразітолагаў у Ванкуверы, у 2003 г. за выдатныя дасягненні ў галіне акіянаграфічных даследаванняў удастоены Прыза выдатнага паразітолага (Eminent Parasitologist Award) Амерыканскага грамадства паразітолагаў.

З. Кабата быў членам рэдкалегій міжнародных паразіталагічных часопісаў. Дэвід Гібсан, галоўны рэдактар «Systematic Parasitology», адзначаў яго выключныя рысы як рэцэнзента: ён быў у вышэйшай ступені добразычлівы і заўсёды гатовы дапамагчы аўтарам.

Сястра З. Кабаты Аліна Кабата-Пендыяс (1929, Баранавічы – 2019) – сусветна вядомы вучоны ў галіне глебазнаўства і біягеахіміі, аўтар класічных манаграфій аб мікраэлементах у навакольным асяроддзі, прафесар.

Выбітны польскі, брытанскі і канадскі паразітолаг Збігнеў Кабата памёр 4 чэрвеня 2014 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, 

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.      Доктор Збигнев Кабата (Dr. Zbigniew Kabata) // Паразитология. 2015. Т. 49, № 1. С. 72–74.

2.      Знакамітыя выпускнікі школы. Кабата Збігнеў // Самая «першая» : інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне да 110-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Курачук. Кобрын, 2020. С. 25–26.

3.      Кабата Збігнеў // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 55–56.

4.      100 гадоў з дня нараджэння З. Кабаты (1924) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 122.

5.      Ермаков, В. В. Профессор Алина Кабата-Пендиас (1929–2019) / Ермаков В. В., Переломов Л. В. // Труды XI Международной биогеохимической школы, посвященной 120-летию со дня рождения Виктора Владиславовича Ковальского : в 2 т. / Тульский государственный педагогический университет им. Л. Н. Толстого ; Институт геохимии и аналитической химии им. В. И. Вернадского Российской академии наук (ГЕОХИ РАН). 2019. Т. 2. С. 281–282.

6.      Кабата-Пендиас, А. Микроэлементы в почвах и растениях / Кабата-Пендиас А., Пендиас X. – Москва : Мир, 1989. – 439 с.

7.      Кабата-Пендиас, А. Проблемы современной биогеохимии микроэлементов // Российский химический журнал (Журнал Российского химического общества им. Д. И. Менделеева). 2005. Т. XLIX, № 3. С. 15–19.

8.      Курачук, С. Імёны на карце Кобрыншчыны : [да Сусветнага дня навукі прымяркавана выданне Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі біябібліяграфічнага даведніка «Людзі навукі нашага краю» з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны»] / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. 2017. 11 лістапада. С. 3.

9.      Курачук, С. Портреты интеллекта. Учёные Кобринщины : знакомьтесь – биобиблиографический справочник об ученых нашего края / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2017. 9 ноября. С. 33.

10.  Курачук, С. Кобринское слово сказано и в науке : [центральная районная библиотека начинает работу над очередным проектом «Славутыя имёны Кобрыншчыны», первый этап которого – база данных «Людзі навукі нашага краю»] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2017. 20 июля. С. 5.

11.  Курачук, С. Людзі навукі нашага краю / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. 2017. 5 красавіка. С. 3.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 85 разоў