Аўторак, 20 Люты 2024 09:29

23 сакавіка 2024 г. — 155 гадоў з дня нараджэння Леаніда Ціханавіча Левіна (1869–1944), савецкага отарыналарынголага, прафесара, заслужанага дзеяча навукі РСФСР

 

Леанід Ціханавіч (Леон Танхелевіч) Левін нарадзіўся 23 сакавіка 1869 г. у г. Высока-Літоўску Гродзенскай губерніі (цяпер г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Гадаваўся ў небагатай сям’і настаўніка старажытнаяўрэйскай мовы (па іншых дадзеных – адваката). Сярэднюю адукацыю Леанід Левін атрымаў у Брэст-Літоўскай прагімназіі (чатыры класы) і Прылуцкай гімназіі, якую скончыў у 1889 г. з залатым медалём. У тым жа годзе паступіў на медыцынскі факультэт Кіеўскага імператарскага ўніверсітэта Святога Уладзіміра, які скончыў у 1894 г.

У 1895 г. у якасці экстэрна Леанід Левін навучаўся на хірургічным аддзяленні Кіеўскай гарадской (Александроўскай) бальніцы пад кіраўніцтвам дацэнта Мікалая Маркіянавіча Валковіча. Імкненне ўдасканальваць свае веды па абранай спецыяльнасці падахвочвае яго ў 1895 г. пераехаць у Пецярбург, дзе ў 1896 г. здаў экзамен на ступень доктара медыцыны пры Ваенна-медыцынскай акадэміі і праходзіў спецыялізацыю ў Клінічным інстытуце.

З 1897 г. у мэтах далейшага вывучэння отарыналарынгалогіі Л. Ц. Левін на працягу пяці гадоў набываў практычныя і тэарэтычныя веды за мяжой: ва ўніверсітэцкай клініцы ў Гале (цяпер Універсітэт Марціна Лютэра, Германія); атыятрычным аддзяленні пры шпіталі ўсіх Святых у Браславе (цяпер г. Вроцлаў, Польшча); вушной клініцы ў г. Грацы (Аўстрыя). Набыў не толькі тэарэтычныя і практычныя веды, але асвоіў метады лабараторных даследаванняў і навыкі навуковай дзейнасці.

У 1902 г. Л. Ц. Левін абараніў дысертацыю «Аб стане слыхавога органа пры дыфтэрыі». Дысертацыя, заснаваная на вывучэнні вялікай колькасці фактычнага матэрыялу і гісталагічных даследаваннях, з’яўляецца да цяперашняга часу адным з найбольш поўных і глыбокіх прац.

Вярнуўшыся ў Расію, Л. Ц. Левін адразу ж сутыкнуўся з неймавернымі цяжкасцямі. Айчынная отарыналарынгалогія знаходзілася ў зачаткавым і цяжкім стане. Вучоны не змог мірыцца з непрывабным становішчам отарыналарынгалогіі. Неабходна было падняць прэстыж, аб’яднаць усіх рускіх спецыялістаў. Стварыў школу отарыналарынголагаў пераважна хірургічнага кірунку. Дзякуючы ініцыятыве і арганізатарскім здольнасцям Л. Ц. Левіна ў 1906 г. было створана Пецярбургскае навуковае отарыналарынгалагічнае таварыства.

У 1906 г. пачалося выданне першага ў Расіі спецыяльнага отарыналарынгалагічнага часопіса «Ежемесячник ушных, носовых и горловых болезней», які пазней пераназваны ў «Русскую отариналарингологию». Леанід Левін з першых дзён выдання стаў актыўным членам яго рэдкалегіі.

Прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і скліканні I Усерасійскага з’езда отарыналарынгалогіі (1908), які паклаў пачатак усім наступным форумам прадстаўнікоў спецыяльнасці. З 1908 г. – дацэнт Клінічнага інстытута ўдасканалення ўрачоў у Пецярбургу. З 1914 г. – прафесар Псіханеўралагічнага інстытута. З 1917 г. – загадчык кафедры отарыналарынгалогіі Ленінградскага інстытута ўдасканалення ўрачоў, дзе працаваў да канца жыцця.

Недахоп спецыялістаў адчуваўся ў краіне надзвычай рэзка, таму падрыхтоўка лекараў стала самым галоўным у дзейнасці Л. Ц. Левіна і калектыву кафедры. Педагагічнай працы Леанід Ціханавіч аддаваў шмат часу і сіл. Яго лекцыі выкладаліся зразумелай мовай, цікавыя па зместу і выдатна аформленыя, заўсёды прыцягвалі поўную аўдыторыю. Школа Л. Ц. Левіна стварыла цэлы шэраг новых методык выкладання, а шэраг хірургічных метадаў да цяперашняга часу застаюцца найбольш распаўсюджанымі і эфектыўнымі.

У 1923 г. Л. Ц. Левін выступіў ініцыятарам аднаўлення на базе сваіх клінік Навуковага отарыналарынгалагічнага таварыства, нязменным старшынёй якога быў да 1930 г., І Усесаюзнага з’езда отарыналарынголагаў (1924). У 1940 г. абіраўся ганаровым старшынёй Ленінградскага таварыства отарыналарынгалогіі. Пад кіраўніцтвам Л. Ц. Левіна падрыхтавана вялікая колькасць высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія набылі важкае імя ў расійскай навуцы. У клініцы і лабараторыях, якімі кіраваў вучоны, выканана больш за 600 навуковых работ.

Аўтар больш за 70 навуковых прац. Ім распрацаваны арыгінальны метад агульнаполасцевай радыкальнай аперацыі вуха, мадыфікаваны спосаб выкрыцця лабірынта і прапанаваны шэраг інструментаў для выканання гэтых аперацый. Стварыў капітальнае 3-томнае кіраўніцтва па хірургічных хваробах вуха (у 3-х выданнях: 1928, 1936–1937, 1948), якое атрымала сусветную вядомасць і стала настольнай кнігай кожнага рускага атыятра. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі. Заслужаны дзеяч навукі РСФСР (1935).

Вялікая Айчынная вайна і блакада Ленінграда ўнесла карэктывы ў дзейнасць Л. Ц. Левіна. 5 лістапада 1941 г. у выніку траплення бомбы асноўны будынак клінікі разбурыўся. Вучоны вымушаны быў пакінуць Ленінград і эвакуявацца ў Ташкент, дзе ў цяжкіх умовах працягваў педагагічную, лячэбную і грамадскую працу.

З вялікай увагай Леанід Ціханавіч сачыў за дзейнасцю сваіх вучняў і супрацоўнікаў, якія знаходзіліся ў Ленінградзе і на франтах. Навуковец рыхтаваўся да вяртання ў Ленінград. Але 7 чэрвеня 1944 г. на пасяджэнні Вучонага савета Ташкенцкага медыцынскага інстытута, на якім Л. Ц. Левін выступаў апанентам на абароне доктарскай дысертацыі, раптоўна памёр. У 1981 г. астанкі перапахаваны на Сестрарэцкіх могілках у Ленінградзе.

Імя Л. Ц. Левіна было прысвоена клініцы отарыналарынголагаў Ленінградскага дзяржаўнага інстытута для ўдасканальвання ўрачоў, які ў 2011 г. рэарганізаваны ў Санкт-Пецярбургскую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, 

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы Л. Ц. Левіна

  1. Хирургические болезни уха / Л. Т. Левин, Я. С. Темкин. – Москва, 2002. – 428 с. – (Классика медицины).
  2. Хирургические болезни уха и их оперативное лечение. – 2-е изд., перераб. и значительно доп. / Л. Т. Левин. – Москва – Ленинград : Образцовая тип. в Москве, 1936.
  3. Практическое руководство по хирургическим болезням уха и их оперативному лечению / Л. Т. Левин. – Ленинград – Москва : Коминтерн, 1928. – ХVI, 608 с.
  4. Труды 1-го Всероссийского ото-ларингологического съезда в Санкт-Петербурге. (26–30 декабря 1908 г.) / под редакцией приват-доцента Л. Т. Левина и доктора медицины А. Р. Ильиша. – СПб., 1909. – II, 207 с.
  5. О состоянии слухового органа при дифтерии : клинические и патолого-анатомические исследования : диссертация на степень доктора медицины Л. Т. Левина. – СПб. : тип. Х. Брауде, 1902. – 135 с. ; 1 л. ил.

 

Аб жыцці і дзейнасці Л. Ц. Левіна

  1. Левин Леонид Тихонович // Большая медицинская энциклопедия. Москва, 1980. Т. 12. С. 361.
  2. Линьков, В. И. Профессор Леонид Тихонович Левин: жизненный путь и научная школа / В. И. Линьков. СПб. : АННТ-Принт, 2007. – 24 с.
  3. Сборник научных трудов, посвященный 100-летию со дня рождения заслуженного деятеля науки профессора Л. Т. Левина / Ленингр. гос. ин-т для усовершенствования врачей им. С. М. Кирова. Ленингр. науч.-исслед. ин-т по болезни уха, горла, носа и речи. Ленингр. отд-ние Всерос. науч. о-ва вачей-оториноларингологов. – Ленинград, 1969. – 350 с. : ил., 1 л. портр.
  4. Материалы научной конференции, посвященной 100-летию со дня рождения заслуженного деятеля науки профессора Леонида Тимофеевича Левина. 8–10 октября / М-во здравоохранения СССР. Ленингр. гос. ин-т усовершенствования врачей им. С. М. Кирова. – Ленинград, 1969. – 78 с.
  5. Сборник научных работ, посвященный сорокапятилетию врачебной, научно-педагогической и общественной деятельности заслуженного деятеля науки орденоносца профессора Л. Т. Левина, 1894–1939 / Гос. ордена Ленина ин-т усовершенствования врачей им. С. М. Кирова. – Ленинград, 1940. – 114 с., 1 л. портр.
  6. Бомаш, М. Я. Сорок лет врачебной, научно-педагогической и общественной деятельности профессора Л. Т. Левина / М. Я. Бомаш // Сборник трудов, посвященный профессору Л. Т. Левину. Ленинград, 1925. С. 9.
  7. Артюшкин, С. А. К 100-летию объединенной кафедры оториноларингологии Северо-Западного государственного медицинского университета им. И. И. Мечникова. 1914–2014 : исторические заметки / С. А. Артюшкин. – СПб. : Полифорум Групп, 2014. – 328 с.
  8. Лихачев, А. Г. Заслуженный деятель наук: профессор Л. Т. Левин и его школа / А. Г. Лихачев // Вестник оториноларингологии. 1948. № 1. С. 84.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 76 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Люты 2024 09:33