Аўторак, 05 Сакавік 2024 14:23

15 лютага 2024 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча (1919–1987), грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, заслужанага настаўніка БССР

 

Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч нарадзіўся 15 лютага 1919 г. у в. Гулічы Слуцкага павета Мінскай губерні (зараз Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У 1930 г. паступіў вучыцца ў Клецкую беларускую гімназію. У гэтым жа годзе Міша стаў піянерам-падпольшчыкам, разам з сябрамі ён расклейваў лістоўкі, а ў дні рэвалюцыйных святаў вывешваў чырвоныя флагі. За падпольную дзейнасць быў выключаны з гімназіі.

Навучэнец Віленскай беларускай гімназіі Міхаіл Мінкевіч падтрымліваў цесную сувязь з ляхавіцкімі падпольшчыкамі. У 1934 г. прымаў ўдзел у стварэнні ячэек КМЗБ ў Гулічах і Яцкаўшчыне, праводзіў работу па згуртаванню камсамольцаў. Па заданні ЦК КПЗБ прыязджаў на інструкцыйныя нарады актыву Ляхавіччыны. Камуністы і камсамольцы Заходняй Беларусі гуртаваі працоўных у іх барацьбе за палітычныя і эканамічныя правы.

У 1937 г Міхаіл Мінкевіч стаў студэнтам медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта. За ўдзел ў нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі ў 1938 г. быў арыштаваны польскай паліцыяй, дастаўлены ў турму г. Баранавічы. Пераведзены ў Бяроза-Картузскі канцлагер, а затым ў Гродзенскую турму, дзе пазнаёміўся з паэтам Валянцінам Таўлаем. Калі немцы напалі на Польшчу (1939), вязняў сталі штодня расстрэльваць. В. П. Таўлая і М. Г. Мінкевіча выратавала імклівае наступленне Чырвонай арміі.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Міхаіл Мінкевіч працаваў інспектарам аддзела адукацыі Ляхавіцкага часовага ўпраўлення, а затым загадчыкам Ляхавіцкага валаснога аддзела адукацыі. Ужо да пачатку кастрычніка ў Ляхавіцкай воласці пачалі працаваць 30 пачатковых школ. Каб ліквідаваць непісменнасць пры кожнай школе былі створаны курсы для дарослых. У 1940 г. М. Г. Мінкевіч паступіў у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у пачатковай школе в. Перахрэсце Ляхавіцкага раёна. У маі 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную армію.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Міхаіл Мінкевіч у якасці механіка-вадзіцеля танка Т-34 удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у тым ліку і ў баях пад Сталінградам у 1942 г. Двойчы быў ранены, гарэў у танку. Дэмабілізаваны ў 1943 г.

З 1945 г. – член партыі. Працаваў ў Ляхавіцкім раёне загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі райкама КПБ(б). У 1952 г. завочна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна. Працаваў дырэктарам школы ў в. Нягневічы, загадчыкам аддзела народнай адукацыі Навагрудскага райвыканкама. З 1958 г. – старшыня Свіслацкага райвыканкама, другі сакратар Свіслацкага райкама КПБ. З 1962 г. – сакратар парткама Лідскага калгасна-саўгаснага ўпраўлення, першы сакратар Лідскага райкама КПБ.

З мая 1968 г. па сакавік 1985 г. М. Г. Мінкевіч – Міністр асветы Беларускай ССР. Ні адзін міністр асветы не працаваў так доўга. Работа ў міністэрстве – адзін з самых яркіх і паспяховых перыядаў яго дзейнасці як арганізатара і кіраўніка. Падтрымліваў таленавітых настаўнікаў, меў пастаянную жывую сувязь з калектывамі школ, дзіцячых пазашкольных устаноў, педагагічных вучылішчаў і інстытутаў. Менавіта пры ім ў школах былі ўведзены курсы этыкі і сусветнай мастацкай культуры, праводзіліся рэспубліканскія дзіцячыя фестывалі, агляды і конкурсы.

З 1983 г. – ганаровы пенсіянер саюзнага значэння. Пасля выхаду на пенсію некаторы час працаваў у інстытуце ўдасканалення педагагічных кадраў.

Міхаіл Гаўрылавіч узнагароджаны чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Заслужаны настаўнік Беларускай ССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 7-га і 8-га скліканняў. На ХХVІІ з’ездзе КПБ быў выбраны членам ЦК. 

М. Г. Мінкевіч памёр 28 сакавіка 1987 г. у Мінску. У 1988 г. яго імем названа сярэдняя школа ў в. Жарабковічы Ляхавіцкага раёна, на будынку школы ўсталявана мемарыяльная дошка, у школе створаны музейны куток «Яго імя носіць наша школа».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Мінкевіч Міхаіл Гаўрылавіч // Памяць. Ліда. Лідскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 471.
  2. Минкевич Михаил Гаврилович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 425.
  3. Мінкевіч Міхаіл Гаўрылавіч // Белорусская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 423.
  4. Мінкевіч Міхаіл Гаўрылавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 213.
  5. Аўтарытэт, які не пахіснуўся : [пра М. Г. Мінкевіча] // Ёсць край такі.... : гістарычна-літаратурная хроніка. Баранавічы, 2003. С. 412–414.
  6. Сокал, В. За лепшую будучыню : [аб рэвалюцыйнай дзейнасці на Ляхавіччыне ў міжваенны перыяд] / Васіль Сокал // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мiнск, 1989. С. 157–167.
  7. Мінкевіч, М. Успамны пра брата : [пра Уладзіміра Гаўрылавіча Мінкевіча (1910–1982] / Міхаіл Мінкевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 385–388.
  8. Социальное развитие села и школа / [М. Г. Минкевич и др.]. Минск : Народная асвета, 1982. – 56 с.
  9. Минкевич, М. Г. Общеобразовательная школа Белорусской ССР на современном этапе : из опыта работы школ, дошкольных и внешкольных учреждений / М. Г. Минкевич. – Минск : Народная асвета, 1978. – 127 с.
  10. Минкевич, М. Г. Народное образование в Белорусской ССР на современном этапе / М. Г. Минкевич. – Минск : Общество «Знание» БССР, 1977. – 20 с.
  11. Минкевич, М. Г. На пути к всеобщему среднему образованию / М. Г. Минкевич. – Минск : Народная асвета, 1976. – 159 с.
  12. Калядзіч, Н. Адданы справе і людзям / Наталля Калядзіч // Настаўніцкая газета. 2023. 10 сакавіка. С. 17.
  13. Казакевіч, Марыя. Настаўнік настаўнікаў Міхаіл Мінкевіч / Марыя Казакевіч // Ляхавіцкі веснік. 2022. 21 мая. С. 7.
  14. Жалкоўскі, А. Служу народу / Аляксандр Жалкоўскі // Ляхавіцкі веснік. 2004. 18 жніўня. С. 3.

 

 

Чытаць 63 разоў