Серада, 13 Сакавік 2024 15:55

2024 г. — 80 гадоў з дня заснавання Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 14 першай катэгорыі (1944)

 

У г. Маларыце Брэсцкай вобласці аптэка была ўжо ў канцы ХІХ ст. У 1897 г. у Маларыце пражывала 1275 чалавек, было 203 двары, сельскае народнае вучылішча, дзве лесапільні, шпалапрапітачны і цагляны заводы, млын і аптэка.

У час Першай сусветнай вайны на асаблівым рахунку знаходзіліся лекавыя і медыцынскія прэпараты, між тым, некаторыя аптэкары прадавалі іх насельніцтву. Урачэбны інспектар Гродзенскага губернскага ўпраўлення 14 лютага 1915 г. даслаў Брэсцкаму павятоваму спраўніку дэпешу: «Урачэбнае аддзяленне просіць вас высветліць, хто ў гэты момант кіруе сельскай аптэкай у вёсцы Маларыта і, калі кіраўніка няма, неабходна абавязаць уладальніка аптэкі спыніць водпуск лекавых сродкаў без рэцэптаў лекараў і практыкуючых асоб».

На што 17 красавіка 1915 г. уладальнік аптэкі Эдмунд Восіпавіч Пароўскі (працаваў аптэкарам больш за 30 гадоў) адказаў, што «отпуск лекавых сродкаў без рэцэптаў лекараў нікому не праводзіўся і не будзе праводзіцца». 13 мая гэтага ж года павятовы лекар дакладвае ў губернскае ўпраўленне аб самавольнай адстаўцы кіраўніка аптэкай у Маларыце аптэкарскім памочнікам Люцыянам Станіслававічам Ратоўскім. Прымаючы пад увагу, што «аптэка без кіраўніка функцыянаваць не можа» і, улічваючы хадайніцтва ўладальніка Пароўскага пра закрыццё аптэкі, Брэсцкае аптэкарскае аддзяленне пастанавіла: «Закрыць аптэку ў вёсцы Маларыта». З лета 1915 г. Маларыта была акупаваная германскімі войскамі.

У 1921–1939 гг. Маларыта ўваходзіла ў склад Польшчы і была цэнтрам гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У гэты час у Маларыцкай гміне зноў адкрываецца аптэка. Паводле перапісу насельніцтва 1931 г. тут пражывала 9129 чалавек, а ў мястэчку Маларыта – 1945.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Маларыта была арэнай барацьбы савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пасля вызвалення ў Маларыце адкрылася аптэка і, згодна з загадам № 34 ад 5 кастрычніка 1944 г. па Брэсцкаму аптэкаўправленню, на пасаду кіраўніка назначана Вера Васільева. Менавіта гэтую дату прынята лічыць пачаткам пасляваеннай гісторыі аптэкі № 14.

Аптэка размяшчалася на вул. Школьная, 4. У 1972 г. аптэка была перанесена ў новы будынак на вул. Савецкая, 42, дзе размяшчаецца і цяпер. З кожным годам попыт на лекі павышаўся. Асабліва ў іх мелі патрэбу пацыенты раённай паліклінікі і бальніцы. У раённай паліклініцы з 1 студзеня 1955 г. адкрываецца аптэчны кіёск, куды даставілі дзясяткі найменняў розных лекаў.

20 чэрвеня 1963 г. кіраўніком Маларыцкай аптэкі прызначаецца Павел Пятровіч Клімук, выпускнік фармацэўтычнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Ён прапрацаваў у фармацыі 39 гадоў, 34 з іх былі аддадзены плённай працы кіраўніка аптэчнай сеткі Маларыцкага раёна. З успамінаў П. П. Клімука: «Пачынаючы з 1963 г., на працягу 33 гадоў, мне давялося працаваць у Маларыцкай аптэцы № 14. У гэты перыяд аптэка яшчэ тулілася ў старым – напалову цагляным, напалову драўляным аднапавярховым доміку. У драўлянай частцы яго размяшчалася аптэчная мыйная, кокторый, матэрыяльная і кватэра для загадчыка, а ў цаглянай – асістэнцкая, гандлёвая зала і бухгалтэрыя.

Аптэчны двор быў абгароджаны шчыльным дашчаным плотам у 2 м вышынёй. Тут жа стаялі два маленькія сарайчыкі: адзін – для запасаў паліва (дровы, брыкет), другі – для захоўвання аптэчнага посуду. У тыя часы яе трэба было шмат – для вырабу розных лекавых формаў і фасовак. Пазней гэты ж хлеў сваімі сіламі падрамантавалі і прыстасавалі для захоўвання перавязачных матэрыялаў і незамярзальных вадкасцяў.

Першае, што тэрмінова спатрэбілася зрабіць, гэта нарыхтаваць паліва на зіму і адрамантаваць адрыны, у якіх працякаў дах. Паліва вылучалася па фондах у пачатку года. Пра аптэку ніхто не турбаваўся. Давялося прасіць дровы ў лясніцтве. Дапамаглі-вылучылі тапорнік ў Замшанскім лесе. Тралёўкай займаўся сам, увесь нядзельны дзень пераносіў дровы да месцаў пагрузкі. У панядзелак афіцыйна замовіў аўтамашыну ў «Сельгастэхніцы» і перавёз дровы на аптэчны двор.

Такія гаспадарчыя навыкі спатрэбіліся і ў будучыні, калі аптэку ў 1972 г. перавялі ў новае памяшканне, размешчанае на першым паверсе пяціпавярховага жылога дома. Даводзілася рабіць розныя гаспадарчыя працы: будаваць стэлажы, праводзіць электраправодку, усталёўваць металічныя рашоткі на вокнах, класці цагляныя перагародкі, абліцавальную плітку, шпаклевать ўсе шчыліны і дзіркі пасля будаўнікоў, абшываць дзверы бляхай, ставіць замкі, бяліць, фарбаваць і т. п.

Пасля фарміравання Маларыцкага раёна пры увядзенні ў строй новага бальнічна-паліклінічнага комплексу ў 1964 г., з'явілася магчымасць адкрыць ўнутрыбальнічную аптэку. Гэта дазволіла падоўжыць існаванне аптэкі, у вельмі сціснутых умовах, аж да 1972 г. Калі ў гэтым жа годзе мы атрымалі новую 17-пакаёвую аптэку, былі, вядома, узрадаваныя. Але праз 10 гадоў нам стала цесна і ў гэтых памяшканнях. Тым больш што была зачынена бальнічная аптэка, і ўсё лекавае забеспячэнне бальніцы легла на аптэку № 14. Дзякуючы ўмяшанню аблздраваддзела і падтрымцы райвыканкама, удалося атрымаць аднапакаёвую сумежную з аптэкай кватэру пад далейшае пашырэнне аптэчных плошчаў. Бальніца заказвала ў вялікай колькасці экстемпоральные лекі і адчувала шматлікія нязручнасці пры іх перавозцы ў свае аддзяленні. Таму з адкрыццём новага будынка раённай паліклінікі, па дамоўленасці з галоўным урачом А. А Дакучыцам, у 1990 г. была разгорнута і зноў адкрыта бальнічная аптэка.

Самыя галоўныя асобы ў аптэцы – рэцэптар, фармацэўт або правізар, які абслугоўвае пакупнікоў. У аснове іміджу ляжыць якасць абслугоўвання, прафесіяналізм, уважлівасць, клопат і спачуванне да хворага. Па меры магчымасці адпаведна і стараўся расставіць кадры, да таго ж у аптэцы № 14 заўсёды панавала калектыўнае меркаванне, існавала калектыўная матэрыяльная адказнасць. І гэта стварала неабходнасць раіцца з калектывам пры прыняцці рашэнняў».

Сёння аптэчная сетка раёна прадстаўлена 6 аптэкамі, з іх: 2 – у сельскай мясцовасці, 4 – у горадзе. У аптэчным калектыве працуе 28 чалавек, з іх 22 – спецыялісты-фармацэўты. З 2005 г. калектыў узначальвае Наталля Іванаўна Ганчарэнка.

У 2010 г. у цэнтральнай раённай аптэцы была праведзена мадэрнізацыя і капітальны рамонт. У выніку якіх пашырана плошча гандлёвай залы да 72 кв. м, устаноўлены кандыцыянер, сістэма аўдыё-відэа-назірання, сучаснае аптэчнае абсталяванне з вылучэннем трох працоўных месцаў спецыялістаў-рэцэптараў. Для наведвальнікаў арганізавана зона адпачынку, устаноўлена крэсла, абсталяванае для вымярэння артэрыяльнага ціску. Змянілася знешняе аблічча аптэкі – абсталяваны пандус з зручнымі поручнямі, устаноўлена светавая шыльда, праведзена азеляненне прылеглай тэрыторыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Система здравоохранения // Города и районы Брестчины : история и современность. / А. А. Горбацкий, О. Н. Иванчина, Р. Ю. Чуль [и др.]. Брест : ОАО «Брестская типография», 2020. С. 469–470.
  2. Народный фотоальбом. Малорита : книга с фотографиями о Малорите и ее жителях : 1566–2019 / [автор текста, составитель В. А. Савастиенок]. Минск : Брестская типография, 2019. С. 204–205.
  3. Аптека: прошлое и настоящее / Малоритская централизованная библиотечная система ; отдел библиотечного маркетинга. – Малорита, 2007. – 29 с. – (История предприятий, организаций и учреждений города Малориты).
  4. Прокопук, Г. Лучший фармацевт области / Галина Прокопук // Голас часу. Маларыта, 2023. 25 кастрычніка. С. 2.
  5. Прокопук, Г. Выбор Елизаветы Починчук / Галина Прокопук // Голас часу. Маларыта, 2023. 1 лютага. С. 4. 
  6. Максимук, С. «Пусть лечат не только лекарства, но и красота» / Светлана Максимук // Голас часу. Маларыта, 2021. 4 верасня. С. 9.
  7. Максімук, С. Лепшая аптэка / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2019. 23 лютага. С. 2.  
  8. Навумчык, М. Аптэчныя спецыялісты / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2015. 29 жніўня. С. 1. 
  9. Навумчык, М. Аптэкарскі бухгалтар / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2013. 6 сакавіка. С. 5.
  10. Охремук, Л. Аптека не простая, а лучшая... / Лариса Охремук // Заря. 2012. 13 марта. C. 6. 
  11. Навумчык, М. Аптэчныя кветкі / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2012. 7 сакавіка. С. 4.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 58 разоў