Пятніца, 15 Сакавік 2024 16:16

10 сакавіка 2024 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Іосіфавіча Дыдышкі (1949), беларускага спартсмена (шахматы), міжнароднага гросмайстра

 

Вячаслаў Іосіфавіч Дыдышка нарадзіўся 10 сакавіка 1949 г. у в. Ліпск Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вячаслаў пачаў гуляць у шахматы дома. З пяці братоў будучага майстра, двое – Міхаіл і Уладзімір – былі першаразраднікамі па гульні ў шахматы.

У дванаццаць гадоў Вячаслаў Дыдышка прыняў удзел ў Рэспубліканскіх шахматных спаборніцтвах сярод школьнікаў. Шахматную тэорыю ведаў горш за аднагодкаў, але ўжо і на той час вылучаўся сваім асаблівым стылем.

За гады вучобы ў Рэспубліканскай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце спартыўнага профілю (Мінск) ён хутка прагрэсіраваў. У 16 гадоў Вячаслаў Дыдышка стаў чэмпіёнам БССР сярод дарослых і пасля гэтага яшчэ чатыры гады заваёўваў гэта званне.

Шахматыст Вячаслаў Дыдышка дасягнуў першага поспеху ў таварыскім матчы беларусаў супраць ГДР (1965), дзе стартаваў з трох радавых перамог.

У 1973 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, атрымаў спецыяльнасць «матэматык-праграміст».

Адзінаццаціразовы чэмпіён Беларусі сярод мужчын па гульні ў шахматы: 1965, 1971, 1973, 1979, 1980, 1982, 1992 гг. Пераможца Усесаюзных турніраў майстроў з удзелам шахматыстаў Прыбалтыкі і Беларусі 1973 і 1974 гг. Лепшыя вынікі ў міжнародных турнірах: Бангалор (Індыя; 1981) – 6-е месца; Мінск (1982) – 8–9-е месцы; Паланіца-Здруй (Польша; 1983) – 1-е месца. Вячаслаў Іосіфавіч Дыдышка з’яўляецца адным з мацнейшых майстроў Савецкага Саюза.

Майстар спорту СССР (1968), міжнародны майстар спорту (1995). У 1994 г. В. І. Дыдышка атрымаў малы залаты медаль ХХХI Сусветнай шахматнай Алімпіяды ў Маскве, за лепшы індывідуальны вынік. Пераможца міжнароднага турніру «Берлінскае лета» (1995) і інш.

Аўтар кнігі «Логика современных шахмат» (1989). Змест кнігі пабудаваны з улікам як для малавопытных, так і болей падрыхтаваных шахматыстаў. Раскрываецца шэраг важных праблем: выбар ходу, ацэнка пазіцыі, узаемадзеянне фігур і інш.

У 2022 г. убачыла свет яшчэ адна кніга Вячаслава Дыдышкі «Интеллектуальные шахматы». Змест кнігі прысвечаны пазіцыйнай гульні і тэхніцы выбара хода. Значная частка матэр’ялу з’яўляецца новай і адсутнічае ў іншых крыніцах. Прапаноўваецца для шырокага кола чытачоў, трэнераў і кваліфікаваных шахматыстаў.

З 1992 г. В. І. Дыдышка працаваў спартсменам-інстуктарам нацыянальнай зборнай па шахматах. Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь (2013) выхаваў многіх вядомых шахматыстаў, у т. л. двухкратную чэмпіёнку свету, жаночага міжнароднага гросмайстра (2012) Настассю Зязюлькіну. Трэніраваў дзяцей у Мінскай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву № 11.

Рэкардсмен па колькасці перамог у чэмпіянатах Беларусі. У 2006 г. у 11-ы раз стаў чэмпіёнам Беларусі. Паспяхова выступаў у ветэранскіх чэмпіянатах свету. У 2010 г. стаў прызёрам турніру сеньёраў.

Вячаслаў Іосіфавіч сціплы, але вельмі цікавы суразмоўца. На сённяшні час жыве ў Мінску. Зрэдку бывае ў родным Ліпску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Дыдышка Вячаслаў Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 275.
  2. Дыдышко Вячеслав Иосифович // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 188.
  3. Дыдышко Вячеслав Иосифович // Шахматы : энциклопедический словарь. Москва : Советская энциклопедия, 1990. С. 118.
  4. Дыдышко, В. И. Интеллектуальные шахматы : учебник позиционной игры / В. И. Дыдышко. – Минск : Жилкомиздат, 2022. – 240 с. : ил.
  5. Дыдышко, В. И. Логика современных шахмат / В. И. Дыдышко. – Минск : Полымя, 1989. – 430, [1] с. : ил.
  6. Международный шахматный турнир «Минск – 82» [сост. В. Д. Купрейчик, В. И. Дыдышко, Е. В. Мочалов, С. Н. Юферов]. – Минск : Полымя, 1984. – 160 с. : ил.
  7. Куркач, А. Б. Ляховичский край спортивный : нам есть чем гордиться / Андрей Куркач. – Минск : А. Н. Вараксин, 2019. – Са зместу: [В. Дыдышко]. С. 32–33.
  8. Жук, В. Шахматный талант / Виктор Жук // Заря. 2021. 15 мая. С. 9.
  9. Нікіціна, М. Гросмайстарскі ход Дыдышкі / Марына Нікіціна // Ляхавіцкі веснік. 2019. 3 красавіка. С. 5.
  10. Хоровец, Э. Последний из могикан : [об участии В. Дыдышко в чемпионате Беларуси] / Эльмира Хоровец // Прессбол. 2006. 17 марта. С. 14.
  11. Хоровец, Э. Тот самый Дыдышко / Эльмира Хоровец // Прессбол. 2006. 1 июня. С. 15.
  12. Кузнецова, И. Вячеслав Дыдышко : «В жизни должно быть побольше динамики» / И. Кузнецова // Спортивная панорама. 1998. 7 августа. С. 7.

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 53 разоў