Аўторак, 09 Красавік 2024 10:00

6 жніўня 2024 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Івана Міхайлавіча Алякумава (1924–2023), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Іван Міхайлавіч Алякумаў нарадзіўся 6 жніўня 1924 г. у раённым цэнтры Петрапаўлаўка Варонежскай вобласці ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Бацька, Міхаіл Паўлавіч Алякумаў, у 1930-я гг. быў актыўным удзельнікам будаўніцтва калгасаў, у ліку першых аддаў быкоў і каня. Маці, Марфа Пятроўна, займалася гаспадаркай, а калі ў 1936 г. памёр муж, ва ўзросце 36 гадоў засталася ўдавой з чатырма непаўналетнімі дзецьмі, Івану давялося нароўні са старэйшымі дапамагаць ёй. 10 чэрвеня 1942 г. атрымаў атэстат сталасці, учарашняга школьніка чакала служба ў Чырвонай арміі.

Іван Алякумаў у складзе 108-га асобнага батальёна супрацьтанкавых ружжаў 60-й арміі стаў на абарону Варонежа. «Маім домам стаў франтавы акоп, а адзеннем і ложкам — шэры шурпаты салдацкі шынель. Мая ваенная служба доўжылася трынаццаць гадоў і шэсць месяцаў, у тым ліку тры гады падчас вайны», — узгадваў сам ветэран. Першае баявое хрышчэнне атрымаў у дзень свайго 18-годдзя: трапіў пад артылерыйскі абстрэл праціўнікам пазіцый батальёна.

Вясной 1943 г., калі батальён аказаўся на пярэднім краі Курскага выступу, Іван Алякумаў быў ужо вопытным байцом. Тым больш, што да цяжкай працы ён прывык з дзяцінства, а вайна была такой жа штодзённай працай, толькі суправаджаў яе подых смерці. Іван Міхайлавіч з'яўляўся наводчыкам станковага кулямёта і потым прызнаваўся, што вельмі страшна было з кулямётным разлікам хавацца ў акопе, каб прапусціць міма сябе танкі. «Машына літаральна засыпала нас зямлёй, здавалася, нас хаваюць жывымі. Тым не менш, мы павінны былі ўставаць амаль з таго свету і быць гатовымі да адсячэння пяхоты ад танкаў», — гэта радкі з успамінаў франтавіка.

Пасля Курскай бітвы, якая стала адной з самых буйных у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Іван Алякумаў са сваёй часцю прыняў удзел у вызваленні Украіны. Восенню 1943 г. на жытомірскай зямлі атрымаў скразное кулявое раненне левай паловы грудной клеткі, лячэнне зацягнулася на чатыры месяцы. Пасля шпіталю была вучоба ў авіяцыйнай школе паветраных стралкоў-радыстаў. Івана Алякумава залічылі ў 54-ы пікіруючы бамбардзіровачны авіяцыйны полк 16-й паветранай арміі 1-га Беларускага фронту. Ён ваяваў да таго дня, калі над рэйхстагам узвіўся савецкі сцяг…

Яго ратныя подзвігі адзначаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За отвагу», «За боевые заслуги», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне», «За свободу и независимость Польши».

Пружанчына стала другой Радзімай I. М. Алякумава: ужо ў мірны час сустрэў Іван Алякумаў сваю «палавінку», настаўніцу Лію Мікалаеўну. Разам з ёй выхавалі дзвюх дачок, разам дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Верным заставаўся і выбранай пасля вайсковай службы справе: амаль 40 гадоў працаваў у сістэме ваеннага гандлю (сакавік 1956 г. – ліпень 1989 г.). У яго працоўнай кніжцы каля 80 падзяк.

Іван Міхайлавіч шмат займаўся работай па патрыятычным выхаванні моладзі, дзяліўся ўспамінамі, збіраў літаратуру па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і шэраг каштоўных кніг перадаў у цэнтральную раённую бібліятэку імя М. Засіма. Да апошняга часу прымаў удзел у мерапрыемствах, што праводзіліся ў Пружанах з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспубікі Беларусь і інш. Удзельнічаў у рабоце ветэранскай арганізацыі і працяглы час быў адказным сакратаром раённага савета ветэранаў, удастоены звання «Ганаровы ветэран» (2013).

І. М. Алякумаў памёр 17 кастрычніка 2023 г., пахаваны на могілках у в. Слабудка Пружанскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Пружанскай цэнтральнай раённай

бібліятэкай імя М. Засіма.

Казлоўская Надзея Анатольеўна,

бібліёграф АаіІ

 

  1. Вспомним всех поименно... : солдаты Победы – наши земляки : ветеранам Пружанского района посвящается / [подготовили: Н. Я. Дулько, И. М. Алекумов, В. А. Гаврилович и др. ; главный редактор В. Шпарло]. – Брест, 2010. – 110, [1] с.
  2. Памяці ветэрана : [некралог] / Пружанскі раённы выканаўчы камітэт, Пружанскі раённы Савет дэпутатаў, Пружанскі раённы савет ветэранаў // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 21 кастрычніка. С. 13.
  3. Шпарла, У. Дзякуй вам, ветэраны! : [ветэран Іван Міхайлавіч Алякумаў прымаў віншаванні ад кіраўніцтва раёна] / Уладзіслаў Шпарла // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 8 мая. С. 3. 
  4. Вакульская, М. Падарункі ад ветэрана : [ветэран Вялікай Айчыннай вайны І. М. Алякумаў перадаў кнігі ваеннай тэматыкі цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 30 мая. С. 4.
  5. Вакульская, М. Песні для ветэрана : [з нагоды Дня Перамогі віншаванні і музычныя падарункі атрымаў І. М. Алякумаў] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 13 мая. С. 1.
  6. Вакульская, М. 95 старонак біяграфіі Івана Алякумава / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 14 жніўня. С. 2.
  7. Вакульская, М. Параненая памяць... : да 75-годдзя Курскай бітвы : [І. М. Алякумаў успамінае падзеі Курскай бітвы] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 25 жніўня. С. 2.
  8. Вакульская, М. Сімвалічны візіт ветэрана : [І. М. Алякумаў сустрэўся з супрацоўнікамі Пружанскага раённага аддзела Дэпартамента аховы] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 12 мая. С. 2.
  9. Зялевіч, А. Сюрпрыз ад ветэрана : [ветэран Вялікай Айчыннай вайны І. М. Алякумаў з дабрачыннай акцыяй наведаў дзіцячы садок № 4] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 10 студзеня. С. 5.
  10. Светлая памяць : [некралог] : [на 91-м годзе пайшла з жыцця ветэран педагагічнай працы Лія Мікалаеўна Алякумава] // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 16 верасня. С. 12.
  11. Алякумаў, І. Вайну прапусцілі праз сэрца : [ваенныя ўспаміны жыхара Пружан І. М. Алякумава] / Іван Алякумаў // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 27 ліпеня. С. 4.
  12. Зялевіч, А. З падзякай за мірныя дні : [старшыня райвыканкама М. М. Крэйдзіч павіншаваў 93-гадовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны І. М. Алякумава з Днём Перамогі] / Алёна Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 13 мая. С. 2.
  13. Алякумаў, І. Пасталелі не па гадах : [успаміны пра вайну жыхара Пружан Сямёна Дзмітрыевіча Капітонава] / Іван Алякумаў // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 27 ліпеня. С. 5.
  14. Вакульская, М. Франтавыя старонкі біяграфіі : [І. М. Алякумаў 18-гадовым юнаком абараняў родны Варонеж, удзельнічаў у вызваленні Курска і Львова] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 8 мая. С. 1, 3.
  15. Пашкевіч, К. Справай ратнай, працай мірнай : [ветэран Вялікай Айчыннай вайны І. М. Алякумаў адзначыў 90-гадовы юбілей] / Кацярына Пашкевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2014. 13 жніўня. С. 3.
  16. Алякумаў, І. Хто артымаў перамогу ў Прохараўскай танкавай бітве? : [ветэран вайны І. М. Алякумаў перадаў у фонд Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы iмя М. Засiма кнігу В. Замуліна «Прохоровка – неизвестное сражение великой войны» (Москва, 2005)] / Іван Алякумаў // Раённыя будні. Пружаны. 2010. 17 ліпеня. С. 3.
  17. Панюціч, А. Салдат ішоў дарогай франтавой… : [пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны І. М. Алякумава] / А. Панюціч // Раённыя будні. Пружаны, 1995. 22 красавіка. С. 2.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 53 разоў