Аўторак, 09 Красавік 2024 14:18

10 мая 2024 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Аляксея Васільевіча Грышкоўскага (І904–1990), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёра артылерыі

Аляксей Васільевіч Грышкоўскі нарадзіўся 10 мая І904 г. у в. Мярніца Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сям’я складалася з сямі чалавек, мела невялікі надзел зямлі.У 1915 г. Аляксей скончыў чатырохкласную сельскую школу ў суседняй в. Мацы. Вельмі любіў чытаць і да 11 гадоў перачытаў усе кнігі, якія былі ў мясцовай хаце-чытальні.

У час Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанцах у Расіі. Па дарозе на адным з прыпынкаў Аляксей адстаў ад цягніка, і родныя, якія даехалі да Тамбова, доўгі час не мелі аб ім ніякіх звестак і лічылі загінуўшым. Аляксея тым часам падабралі часці войск Чырвонай арміі, дзе ён стаў сынам палка і палкавым пісарам.

Жыццё ва ўмовах грамадзянскай вайны з яе суровым ваенным побытам і вызначыла выбар ваеннай прафесіі. У Чырвоную армію юнак уступіў 3 лістапада 1918 г. ва ўзросце 15 гадоў. Быў чырвонаармейцам 7-га запаснога батальёна ў г. Лебядзянь Тамбоўскай вобласці. З красавіка па верасень 1919 г. знаходзіўся ў складзе 74-га стралковага палка 9-й стралковай дывізіі 13-й арміі Паўднёвага фронту, а з верасня 1919 г. па люты 1922 г. —чырвонаармеец 23-га стралковага палка 3-й Казанскай стралковай дывізіі Крымскага фронту.

У 1922–1923 гг. Аляксей Грышкоўскі — курсант 64-х Феадасійскіх пяхотных камандных курсаў, якія ажыццяўлялі падрыхтоўку сярэдняга і малодшага каманднага і палітычнага саставу. Пасля вучобы прызначаны камандзірам аддзялення ў 7-м стралковым палку 3-й Казанскай стралковай дывізіі.

Са снежня 1923 г. А. В. Грышкоўскі камандаваў вучэбным узводам 3-га артпалка 3-й Крымскай стралковай дывізіі, затым камандзірам батарэі артылерыйскага дывізіёна 9-га стралковага палка. У чэрвені 1932 г. быў прызначаны камандзірам 5-й асобнай Кіеўскай аўтароты. Дарэчы, пазней камандзірам Крымскай стралковай дывізіі стаў зямляк — Максім Антанюк, генерал-лейтэнант, ураджэнец в. Мацы.

Шлях тых, хто імкнуўся стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, ляжаў праз артылерыйскія курсы ўдасканалення камсаставу і праз артылерыйскую акадэмію. Са снежня 1932 г. па студзень 1937 г. Аляксей Грышкоўскі вучыўся ў Ваеннай артылерыйскай акадэміі імя Ф. Э. Дзяржынскага (цяпер Ваенная акадэмія ракетных войск стратэгічнага назначання імя Пятра Вялікага).

У 1937 г. у краіне пачалася хваля рэпрэсій. Дбайную праверку праходзіў і Аляксей Грышкоўскі. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР правяраліся і «польскія карані» сям’і Грышкоўскіх. Дзякуючы гэтаму сваякі нарэшце даведаліся, што Аляксей жывы.

У 1939 г. А. В. Грышкоўскі ўпершыню за доўгія гады патрапіў у родныя мясціны.Але да моманту яго прыезду бацькі ўжо памерлі, сустрэлі яго толькі брат і дзве сястры. Пасля вяртання з водпуску яго чакала новае прызначэнне на пасаду начальніка штаба палка 138-га артпалка РГК у Растоў-на-Доне, да сакавіка 1941 г. ён быў выконваючым пасаду камандзіра палка.

Вялікую Айчынную вайну маёр А. В. Грышкоўскі пачаў камандзірам артылерыйскага палка пад Ленінградам. Са снежня 1941 г. баявы шлях праходзіў у складзе 353-й стралковай дывізіі 56-й асобнай арміі Паўднёвага фронту. За абарону Данбаса, Растова, Краснадарскага краю і Каўказа атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі (8.10.1942). У снежні 1942 г. прысвоена званне палкоўніка.У баях з нямецкімі захопнікамі на Кубані быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.У сакавіку 1943 г. прызначаны камандуючым артылерыяй 22-га стралковага корпуса 18-й арміі, якая вяла напружаныя баі на бердзічаўскім кірунку на поўдзень ад Жытоміра. За паспяховае правядзенне аперацыі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (3.01.1944).

У канцы красавіка 1944 г. А. В. Грышкоўскі прызначаны часова выконваючым абавязкі камандуючага артылерыяй 2-й арміі Войска Польскага, якая з 19 сакавіка 1944 г. увайшла ў склад 1-га Украінскага фронту пад камандаваннем І. С. Конева. Улетку 1944 г. прымаў удзел у вызваленні заходніх раёнаў Украіны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, у жніўні 1944 г. — ордэнам Суворава II ступені. Удзельнічаў у вызваленні Чэхаславакіі. Вайну закончыў у Германіі камандуючым артылерыяй 18-й арміі ў чыне генерал-маёра. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (21.02.1945), Чырвонага Сцяга (27.06.1945).

З красавіка 1948 г. па красавік 1949 г. вучыўся ў Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Я. Варашылава ў Маскве. Камандаваў артылерыяй у Прыморскай і Паўночна-Каўказскай ваенных акругах.

У сакавіку 1956 г. у Акадэміі імя Л. А. Говарава (пазней Харкаўскі ваенны ўніверсітэт) створаны факультэт спецыяльнай тэхнікі (наземнага і бартавога электраабсталявання зенітных ракет), начальнікам якога быў прызначаны генерал-маёр артылерыі А. В. Грышкоўскі. Акадэмія рыхтавала першых савецкiх спецыялістаў-ракетчыкаў. У 1961 г. выйшаў у запас з правам нашэння ваеннай формы адзення. Да 1964 г. узначальваў саўгас у Харкаўскай вобласці.

А. В. Грышкоўскі памёр 5 сакавіка 1990 г., пахаваны на Другiх воінскіх могілках г. Харкава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Грышкоўскі Аляксей Васільевіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 432.
  2. Гришковский Алексей Васильевич // Долготович, Б. Д. Командный состав Красной армии в годы Великой Отечественной войны (1941–1945): генералы-адмиралы – белорусы и уроженцы Беларуси / Б. Д. Долготович, Д. А. Козел. Минск : БНТУ, 2018. С. 43.
  3. Известные люди : Гришковский Алексей Васильевич // Азбука моей малой родины : 505-летию Стригово посвящается / ГУК «Стриговская публичная библиотека», ГУО «Стриговский детский сад – средняя школа», ГУК «Стриговский центр культуры и досуга» ; под ред. С. Д. Курачук. Кобрин, 2018. С. 11.
  4. 120 гадоў з дня нараджэння А. В. Грышкоўскага (1904) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 119–120.
  5. Сузор’е кобрынскіх вёсак : рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс да 450-годдзя з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах вёсак Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2013. С. 102–103.
  6. #Равнение на героев. Генерал из народа : [о генерале А. В. Гришковском, уроженце д. Мерница Кобринского района] / подготовила Жанна Елизарова по материалам личного архива семей Сыч-Тунчик // Кобрынскі веснік. 2023. 23 верасня. С. 14–15.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 45 разоў