Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:33

18 кастрычніка 2015 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Філіпа Аляксеевіча Гупянца (1910–1981), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, поўнага кавалера ордэна Славы

Піліп Аляксеевіч Гупянец нарадзіўся 18 кастрычніка 1910 года ў вёсцы Воўчын Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і селяніна. Скончыў пачатковую школу.

З 1922 года Піліп Гупянец працаваў па найму. У 1931–1933 гадах служыў у Польскай арміі. Член КПЗБ з 1932 года. У 1935 годзе за палітычную дзейнасць судом буржуазнай Польшчы прыгавораны да пяці гадоў турэмнага зняволення. З 1939 года, скончыўшы курсы трактарыстаў, працаваў участковым механікам Высокаўскай машынна-трактарнай станцыі.

З першых дзён фашысцкай акупацыі Піліп Гупянец дапамагаў партызанам. На фронце са жніўня 1944 года ў якасці камандзіра кулямётнага разліку 280-га стралковага палка 185-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронта.

Малодшы сяржант П. Гупянец асобна вызначыўся ў баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Быў тройчы паранены і кожны раз заставаўся на полі бою. 26 студзеня 1945 года ў баі за населены пункт Задке (зараз Садкі, Польшча) П. Гупянец знішчыў два агнявыя пункты праціўніка і 12 гітлераўцаў, забяспечыў наступленне нашай пяхоты. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, загадам № 021 па 185-й стралковай дывізіі ад 4 лютага 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Славы III ступені (№ 261527).

20 сакавіка 1945 года на подступах да ракі Одэр агнём з кулямёта адбіў варожую контратаку, знішчыў пры гэтым больш 20 гітлераўцаў і ў ліку першых выйшаў да ракі Одэр у раёне горада Шчэцін (Польшча). За гэты подзвіг загадам № 107 па 47-й арміі ад 12 красавіка 1945 года адважны баец удастоены ордэна Славы II ступені (№ 18473).

20 красавіка 1945 года ў баях за горад Бернаў Піліп Гупянец знішчыў два агнявыя пункты і 17 гітлераўцаў. Быў прадстаўлены да ордэна Славы I ступені. Маршал Г. Жукаў асабіста падпісаў узнагародны ліст. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года быў узнагароджаны ордэнам Славы I ступені (№ 909).

Старшына Піліп Гупянец пакінуў аўтограф на павергнутым рэйхстагу. Пасля дэмабілізацыі з кастрычніка 1945 года працаваў на радзіме ў калгасе імя Жданава трактарыстам, старшынёй калгаса.

Памёр Піліп Аляксеевіч Гупянец 16 верасня 1981 года. Пахаваны ў вёсцы Воўчын Камянецкага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Долготович, Б. Д. Гупенец Филипп Алексеевич // Твои сыновья, Беларусь. Кавалеры ордена Славы : биограф. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2014. С.29.

  2. Гупенец Филипп Алексеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 307.

  3. Гупенец Филипп Алексеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2006. Т. 3. С. 281–282.

  4. Гупянец Піліп Аляксеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 535.

  5. Гупянец Піліп Аляксеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 175.

  6. Яфімовіч, У. Поўны кавалер ордэнаў Славы : [П. А. Гупінец] / Уладзімір Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 273.

  7. Гупянец Піліп Аляксеевіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 86–87.

  8. Гупенец Филипп Алексеевич // Навечно в сердце народном. Минск, 1975. С. 110.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1136 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 14:28