Серада, 03 Люты 2016 10:35

13 студзеня 2016 г. – 35 гадоў з часу ўтварэння Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1981)

У Брэсцкай вобласці ў канцы 1970-х гадоў было не шмат прафесійных пісьменнікаў – членаў Саюза пісьменнікаў БССР: Уладзімір Калеснік, Міхаіл Рудкоўскі, Ніна Мацяш, Іван Арабейка. Для стварэння мясцовага аддзялення Саюза неабходна было мець не меней пяці членаў. Пятым быў прыняты паэт Віктар Гардзей з Ганцавічаў.

Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР было створана 13 студзеня 1981 года. На адкрыццё аддзялення прыехалі Ніл Гілевіч, першы сакратар Саюза пісьменнікаў БССР, і Сяргей Законнікаў з Мінска, Іван Чарнецкі і Пётр Мах з Украіны. Свята праходзіла ў абласным Доме палітасветы, дзе сабралася творчая інтэлiгенцыя і грамадскасць горада. Сакратаром аддзялення быў абраны Уладзімір Андрэевіч Калеснік (1922–1994), крытык і лiтаратуразнавец, кандыдат фiлалагiчных навук, загадчык кафедры беларускай лiтаратуры Брэсцкага педагагiчнага iнстытута імя А. С. Пушкіна. Аддзяленне адразу пачало актыўную працу, праводзілася шмат творчых сустрэч у Брэсце і розных кутках вобласці. Пісьменнікі выязджалі на сяброўскія сустрэчы з калегамі ў Луцк і Жытомір.

Аматарскі пісьменніцкі рух працягваў актыўна развівацца. Пры раённых газетах дзейнічалі літаратурныя аб’яднанні, журналістамі друкаваліся літаратурныя старонкі. Напрыклад, у Ганцавічах пачаткоўцаў аб’ядноўваў Васіль Праскураў, у Бярозе – Яўген Сяленя. Часта са здольнымі юнымі літаратарамі займаліся настаўнікі, як, напрыклад, з Яўгеніяй Янішчыц. У Брэсце працавалі два літаб’яднанні: “Заранка” пры газеце “Заря” і “Цытадэль” пры Доме афіцэраў.

У. Калеснік уважліва адносіўся да творчасці кожнага пачаткоўца, лепшыя творы друкаваліся. Такая творчая атмасфера абуджала моладзь да далейшай літаратурнай справы. Многія таленавітыя паэты і празаікі паступалі на вучобу ў Маскву ці Мінск, часта там заставаліся на працу. Гэта Георгій Марчук, Аляксандр Наўрыч, Леанід Дранько-Майсюк, Яўгенія Янішчыц, Уладзімір Марук, Алесь Бодак, Алесь Кажадуб, Віктар Супрунчук, Анатоль Казловіч, Міхаіл Шэлехаў і шмат іншых.

У 1982 годзе выйшлі першыя зборнікі вершаў Міколы Пракаповіча і Алеся Каско. У 1983 годзе выйшаў зборнік Зінаіды Дудзюк, у 1984-м – Васіля Сахарчука. Усе яны хутка сталі членамі Саюза пісьменнікаў. Таксама членскі білет атрымала рускамоўная пісьменніца з Камянца Святлана Курылёва. Сябры беларускай пісьменніцкай арганізацыі аўтаматычна былі членамі Саюза пісьменнікаў СССР.

1 сакавіка 1984 года на пасадзе сакратара аддзялення стаў М. Пракаповіч, а вясці літаб’яднанне “Заранка” пры газеце “Заря” даручылі З. Дудзюк. У друку з’явіліся новыя імёны паэтаў і празаікаў: Алесь Паплаўскі, Іван Лагвіновіч, Мікалай Сянкевіч, Валянціна Кукса, якія праз гады сталі членамі пісьменніцкай арганізацыі. У 1991 годзе аддзяленне ўзначаліў Алесь Канстанцінавіч Каско, які вёў гэту работу да 2006 года.

12 студзеня 1991 года ў Доме палітасветы прайшоў святочны вечар “Берасцейскае вогнішча”, прысвечаны 10-годдзю абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Перад поўнай залай выступілі многія літаратары: У. Калеснік, Н. Мацяш, А. Разанаў, В. Супрунчук, М. Пракаповіч і інш.

У 1990-я арганізацыя прыняла ў свае шэрагі Валерыя Грышкаўца, Анатоля Крэйдзіча, Міколу Арахоўскага, Міколу Купрэева і інш. У 1994 годзе пісьменніцкае аб’яднанне рэспублікі змяніла назву на Саюз беларускіх пісьменнікаў. У Брэсце выходзілі кнігі паэзіі і прозы серыі “Берасцейскае вогнішча”.

Паэт і пчаляр Мікола Папека ў 2001 годзе заснаваў літаратурную “Мядовую прэмію”, першымі яе лаўрэатам сталі А. Каско (2001) і М. Купрэеў (2002), В. Грышкавец (2004). У 2001 годзе ў Саюз прынята Валянціна Кукса, у 2002-м – Аляксей Філатаў, Ніна Гарагляд, у 2003-м – Іван Лагвіновіч, Алесь Паплаўскі, у 2007-м – Лявон Валасюк, у 2008-м – Ярына Дашына, Кастусь Жмінько, Мікола Ільючык.

За 2000-я многае змянілася ў пісьменніцкай арганізацыі Беларусі. У лістападзе 2005 года частка пісьменнікаў пакінула Саюз беларускіх пісьменнікаў і 18 лістапада ўтварыла грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. 6 студзеня 2006 года было створана Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ. Старшынёй аддзялення абраны Анатоль Крэйдзіч, яго намеснікам – Любоў Красеўская. Па iніцыятыве аддзялення СПБ у 2007 годзе Брэсцкім аблвыканкамам была заснавана абласная літаратурная прэмія імя У. А. Калесніка, якая прысуджаецца пісьменніку не залежна ад членства ў тым ці другім Саюзе. Першымі лаўрэатамі прэміі сталі Валерый Грышкавец, Мікола Купрэеў і Валерый Гапееў.

Па ініцыятыве Ніны Іосіфаўны Мацяш (1943–2008), якая ўзначальвала аддзяленне з 2006 года, з 2008 года стаў выходзіць літаратурны альманах аддзялення СБП “Жырандоля”, ужо выйшла сем нумароў. 23 снежня 2009 года на чале абласной арганізацыі СБП стаў Іван Міхайлавіч Мельнічук.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брестское областное литературное объединение “Берасцейскае вогнiшча” / В. В. Бурдыко ; Брестское областное отделение Союза писателей Беларуси/ А. Н. Крейдич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 206–207.

  2. Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 483.

  3. Пісьменнікі, літаратуразнаўцы / А. В. Башчук // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650–656.

  4. Союза писателей БССР областное отделение // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 337.

  5. Літаратурная карта Берасцейшчыны / гал. упраўленне ідэалаг. работы Брэсцкага аблвыканкама ; рэд. і ўклад. А.Крэйдзіч; рэд. савет.: Л.А.Цупрык (старш.) і інш. Брэст: Брэсцкая друкарня, 2008. 567 с.

  6. Ляшук, В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. 319 с.

  7. Ляшук, В. Я. Лiтаратура Берасцейшчыны / В. Я. Ляшук, Г. М. Снiтко. – Брэст : Лаўроў, 1999. 373 с.

  8. Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны/ Лявон Валасюк. – Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2014. – 283 с. : іл.

  9. Роднай зямлі галасы : бібліяграфічны навукова-дапаможны паказальнік / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ; склад. А. Мельнічук, Т. Кавенька. – Брэст : Аблдрукарня, 1993. – 63 с.

  10. Літаратурная Брэстчына / адказныя за вып.: У. Калеснік, У. Ягоўдзік, Г. Альтшулер, Н. Гічан. – Брэст : Аблдрукарня, 1979. – 1 водкл. (12 л.).

  11. Юдицкий, А. О выборах и творческих планах : [об отчетно-выборном собрании Брестского отделения СПБ] / Алексанедр Юдицкий // Заря. 2016. 9 января. С. 21.

  12. Бяласін, Я. Моўны інтэрнацыянал : Пісьменнікі ў Брэсце прэзентавалі альманах “Жырандоля” : [у Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна] / Яўген Бяласін // Брестский курьер. 2015. 7 мая (№ 19). С. 10.

  13. Крэйдзіч, А. Абсягі нашых стасункаў : [аб міжнародных сувязях Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі] / Анатоль Крэйдзіч // ЛіМ. 2015. 30 красавіка (№ 17). С. 2.

  14. Крэйдзіч, А. Брэст – Варшава – Лондан... : [пра міжнародныя адносіны Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з калегамі Польшчы] / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2014. 30 октября. С. 18.

  15. Янкевіч, С. Мы ёсць! : Пісьменніцкія вынікі і дагляды : [пра абласное аддзяленне Союза беларускіх пісьменнікаў] / Сямён Янкевіч // Брестский курьер. 2013. 28 марта (№ 13). С. 8.

  16. Мельнічук, І. Пісьменнікай сябрыне Берасцейшчыны – 30! / Іван Мельнічук // Брестский курьер. 2011. 6 января (№ 1). С. 8.

  17. Крэйдзiч, А. Крытэрый ацэнкі – твор : [гутарка з кіраўніком Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі пра дзейнасць аддзялення] / Анатоль Крэйдзіч ; гутарыў В. Клышэўскі // Народная трыбуна. 2009. 5 верасня. С. 11.

  18. Елянеўскi, М. Пісьменнікі падагульнілі працу : [на чарговым пасяджэнні Брэсцкага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” за 2008 г.] / М. Елянеўскі // Полесская правда (Пинск). 2009. 4 февраля. С. 1.

  19. Крэйдзiч, А. “Кіраўніцтва вобласці нас падтрымлівае...” : [пра дзейнасць і перспектывы развіцця арганізацыі расказвае кіраўнік Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі] / Анатоль Крэйдзіч ; гутарыў К. Ладуцька // ЛiМ. 2006. 1 верасня. С. 15.

  20. Аксенін, С. У цэнтры імя Калесніка : [вечарына да 20-годдзя Брэсцкага аддзялення СБП] / Сымон Аксенін // ЛіМ. 2001. 16 лютага. С. 3.

  21. Мікалаеў, А. Даў Бог талент. Каб яшчэ і грошай хто падкінуў : Нататкі са справаздачна-выбарчага сходу літаратараў Берасцейшчыны / А. Мікалаеў // Заря. 1999. 30 января.

  22. Гурын, А. Шляхам адраджэння : [пра літаратурны вечар “Берасцейскае вогнішча” да 10-годдзя абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР] / А. Гурын // Заря. 1991. 17 января. С. 3.

  23. Пракаповіч, М. Не словам адзіным : [аб дзейнасці Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР] / Мікола Пракаповіч // ЛіМ. 1990. 5 студзеня. С. 5.

  24. Пракаповіч, М. Пад ветразем часу : [Брэсцкаму абласному аддзяленню Саюза пісьменнікаў БССР – 5 гадоў] / Мікола Пракаповіч // ЛіМ. 1986. 28 сакавіка. С. 7.

  25. Колесник, В. Берестейский огонёк : [об образовании Брестского областного отделения Союза писателей БССР] / Владимир Колесник // Заря. 1981. 20 февраля. С. 4. (Зарянка).

  26. Калеснік, У. Ля берасцейскага вогнішча : [аб стварэнні Брэсцкага абласнога аддзялення] / Уладзімір Калеснік // ЛіМ. 1981. 6 лютага. С. 10–11.

  27. У Брэсце – аддзяленне Саюза пісьменнікаў : [аб стварэнні Брэсцкага абласнога аддзялення] // ЛіМ. 1981. 16 студзеня. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1621 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 10:08