Восеньскі настрой вянка санетаў невыпадковы – Ніна Мацяш любіла гэтую пару года. Знаёмыя сімвалы восені – павуцінка, золата лісця, празрыстасць паветра, ласкавасць сонейка – усё гэта ўплецена ў канву твора, каб падкрэсліць тую строгасць, няспешнасць, з якой паэтка азіралася на ўласнае жыццё з яго набыткамі і стратамі, рабіла з яго высновы, ставіла строгія адзнакі сабе, сваім учынкам, словам, думкам, вызначала сваё месца ў жыцці іншых людзей. Вянок санетаў «Бабіна лета ў Белаазёрску» з’явіўся вынікам духоўных пошукаў паэткі.
Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы вядомых беларускіх літаратараў і навукоўцаў. Вялікім гонарам наведаць Белаазёрск у дзень народзінаў Ніны Мацяш, 20 верасня, лічаць для сябе берасцейскія і бярозаўскія сябры паэткі – Іван Мельнічук, Мікола Пракаповіч, Мікола Аляхновіч, Сяргей Амяльчук, Марыя Новік, Святлана Варонік, Мікола Жуковіч, Валянціна Осіпава, Марыя Сцяфанава. Госці вечарыны расказвалі са сцэны аб сяброўстве з Нінай Мацяш, яе непаўторнай прысутнасці ў сваіх лёсах, уздзеянні яе паэзіі і асобы на ўласныя думкі і ўчынкі.
Прагучалі песні на вершы Ніны Мацяш, музыку да якіх напісала яна сама, у выкананні блізкіх сябровак паэткі.
Прыгожая сцэна Белаазёрскага Дома культуры, якая нагадвала сонечны куточак восеньскага скверыка, музычнае аздабленне вечарыны, яркія выступленні гасцей стварылі ў зале ўзвышаную святочную атмасферу.
Паэтычныя чытанні – 2016 прайшлі пад дэвізам, які пакінула ўсім нам Ніна Мацяш: «Раскрыймася найлепшым у сабе!».