Серада, 22 Люты 2023 08:13

Пісьменнікі-юбіляры 2023

Кніжная выстава «Радзіма ў слове:

пісьменнікі-юбіляры Берасцейшчыны 2023 года»

 

У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага распачала працу кніжная выстава «Радзіма ў слове: пісьменнікі-юбіляры Берасцейшчыны 2023 года», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Экспазіцыя знаёміць з творчасцю і лепшымі творамі пісьменнікаў-юбіляраў нашага краю, сярод якіх шмат знакавых для Беларусі. Гэта цэлае суквецце зорных імёнаў: Піліп Пестрак, Мікола Засім, Ягенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Мікола Федзюковіч, Мікола Пракаповіч, Васіль Сахарчук, Леанід Пранчак, Валерый Гапееў, Уладзімір Мароз, Мікола Аляхновіч, Аляксей Белы, Мікола Елянеўскі, Валерый Грышкавец, Аксана Спрынчан і іншыя.

Адным з юбіляраў гэтага года з’яўляецца і літаратуразнаўца, даследчык беларускай літаратуры і літаратурнага краязнаўства, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі Вера Якаўлеўна Ляшук, якую называюць Берасцейскай асветніцай. Даследчыца беларускай літаратуры шмат сваіх прац прысвяціла вывучэнню літаратуры роднага краю і літаратарам, якія нарадзіліся на Берасцейшчыне ці жылі тут. У суаўтарстве з Галінай Мікалаеўна Снітко яна напісала першае ў гісторы рэгіёна фундаментальнае даследаванне «Літаратура Берасцейшчыны».

Кніжная выстава «Радзіма ў слове: пісьменнікі-юбіляры 2023 года» знаёміць з творцамі, якія працавалі ў розных літаратурных жанрах: паэзіі, прозе, драматургіі, дзіцячай літаратуры. Асобныя выданні экспазіцыі прысвечаны мастацкім перакладамі. Сярод публікацый ёсць і новыя выданні, і рэдкія малатыражныя, і першыя зборнікі твораў майстроў слова. Тут прадстаўлены таксама кнігі з дароўнымі надпісамі і аўтографамі, пакінутымі пісьменнікамі ў розныя гады супрацоўнікам і чытачам Брэсцкай абласной бібліятэкі.

Выстава з аглядам літаратурна-мастацкіх крыніц будзе даступна ўсім закіцаўленым на працягу года.  Папярэдні запіс па тэлефоне +375 162 57 48 79

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 584 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Сакавік 2023 13:16