Чацвер, 20 Ліпень 2023 12:03

Прэзентацыя зборніка «Разноцветье» літаратурнага клуба «Літара»

 

19 ліпеня 2023 г. у аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя юбілейнага альманаха «Разноцветье» літаратурнага клуба Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры «Літара». 

Літаратурны клуб быў створаны ў 2006 г. За час яго працы было выпушчана дзевяць калектыўных зборнікаў паэзіі і прозы: «Своя стихия» № 1 (2007 г.), «Своя стихия» № 2 (2008 г.), «Фантазии серебряного облака» (2010 г.), зборнік для дзяцей «Карусель» (2010 г.), зборнік духоўнай паэзіі «Дазволь прычасціцца» (2011 г.), зборнік жаночай паэзіі і прозы «Сила слабости» (2013 г.), «ЛітАўра» (2015 г.), «Вдохновение» (2018 г.), «Сила слова» (2020 г.). 

 

 

Дзясяты зборнік «Разноцветье», як і папярэднія, аб’яднаў звыш сарака аўтараў, якія жывуць у Беларусі (не толькі на Брэстчыне) і пішуць на беларускай і рускай мовах. Гэта людзі рознага ўзросту, розных інтарэсаў і поглядаў на жыццё, рознага узроўню валодання словам і мастацкімі прыёмамі, але ўсіх іх аб’ядноўваюць любоў да літаратуры і роднага краю. 

Ініцыятарам і вядоўцай імпрэзы  стала Лідзія Іванаўна Касачук, кіраўнік літаратурнага клуба «Літара», складальнік і рэдактар «Разноцветья», аўтар кніг прозы і вершаў, вучаніца і паслядоўніца традыцый У. Калесніка. Пасля прывітальнага слова і невялікага звароту да гісторыі дзейнасці літаратурнага клуба кожны з прысутных аўтараў альманаха меў магчымасць расказаць пра сябе і свой шлях «у пісьменнікі», прачытаць вершы ці ўрыўкі з прозы. Дарэчы, большасць з аўтараў ўжо заявілі пра сябе не толькі на рэгіянальным, але і на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях: Марыя Якімук, Галіна Гедзік, Нэлі Леванава, Алесь Паплаўскі, Васіль Пташыц, Ала Гопша, Валянціна Емельяненка, Таццяна Фурсава, Святламіра Васілюк і інш.

 

Міхаіл Іванавіч Кулеш, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Міжнароднай Асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў і ўдзельнік клуба «Літара» дапамагае адкрываць новыя імёны. З 2015 г. ён кіруе літаратурным кружком «В десяточку» на базе СШ № 10 г. Брэста. Дзякуючы Міхаілу Іванавічу з дэбютам у альманаху выступілі Паліна Калапуц, Анастасія Дзіброва і Дзіяна Вірынская. Першыя паэтычныя спробы творчай моладзі былі цёпла падтрыманыя прысутнымі. 

Асаблівай увагі заслугоўвае паэтэса Клара Розаўна Тунік, якой 20 чэрвеня гэтага года споўнілася 90 гадоў. Кожны яе дзень напоўнены рухам і творчасцю: напісаннем вершаў, дэкаратыўным вязаннем, вырошчваннем кветак, назіраннямі за прыродай — выдатны прыклад для сучаснікаў. Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Русское общество» Святлана Аляксееўна Смірнова павіншавала аўтарку з нядаўнім юбілеем і сказала шмат добрых слоў у яе адрас. Удзельнікі музейнай гасцёўні РГА «Русское общество» таксама выступілі для прысутных.  

Удзельнікі клуба «Літара» падтрымліваюць сяброўскія сувязі з членамі літаратурных аб’яднанняў гарадоў Кобрын і Баранавічы, і на старонках «Разноцветья» таксама прадстаўлены іх імёны. Таму на імпрэзе шчыра віталі сяброў баранавіцкага паэтычнага клуба «Ліра» Ларысу Антонаву, Марыю Філіпаву, Наталлю Маёраву, Раісу Раманчук і творчага калектыва кобрынскага народнага аб’яднання паэтаў і публіцыстаў «Белый аист» Людмілу Лазюк, Канстанціна Давідзюка, Васіля Ярмашука.

Берасцейшчына — сапраўды край творцаў. І тыя пранікнёныя радкі, якія гучалі з вуснаў аўтараў падчас прэзентацыі — выражэнне любові да бацькоўскай зямлі і яе людзей, шчымлівыя ўспаміны маленства і хваляванне за будучыню. Тонкі гумар, каларытная мова, жыцейскі вопыт і векавая народная мудрасць, чалавечыя надзеі і перажыванні — усё гэта і шмат іншага знойдзе чытач на старонках зборніка «Разноцветье», назва якога вельмі адпавядае зместу. Гэтым і прывабны калектыўны зборнік: прыхільнік літаратурнага слова знойдзе блізкага па духу аўтара, лірычнага героя і тэму. 

Калектыў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага жадае аўтарам літаратурнага альманаха «Разноцветье» творчага ўзлёту і натхнення, новых зборнікаў — персанальных і калектыўных, а таксама ўдзячных чытачоў.

  

Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці

 

+375 162 43 45 25

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 289 разоў Апошняя змена Чацвер, 20 Ліпень 2023 16:31