Панядзелак, 02 Кастрычнік 2023 17:06

Выстава «Дзе жыта родзіць, там карагод ходзіць»

 Восень прыносіць падзякі зямлі, прыродзе і працаўнікам, якія працуюць з ранняй вясны да позняй восені. У народзе лічылася, што пасля Пакрова пачыналася зіма, сяляне стараліся закончыць палявыя работы, усебакова да яе падрыхтавацца.

У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага распачала працу выстава «Дзе жыта родзіць, там карагод ходзіць», прысвечаная завяршэнню чарговага гаспадарчага года земляроба і святу ўраджая.

Экспазіцыя знаёміць з традыцыйнымі абрадамі і звычаямі беларускага земляробчага календара, беларускай календарна-абрадавай творчасцю, акцэнтуючы ўвагу на рэгіянальных асаблівасцях летняга і асенняга цыклаў. Сярод выданняў, прадстаўленых на выставе: «Беларускі народны каляндар» (Мінск, 1993), «Народная культура Беларусі» (Мінск, 2022), «Беларусы. Славянскія этнакультурныя традыцыі» (Мінск, 2007), «Каляндарна-абрадавая паэзія» (Мінск, 2001), «Земляробчы каляндар» (Мінск, 2003), «Жніўныя песні» (Мінск, 1974) і іншыя.

Вялікую цікавасць уяўляюць публікацыі, прысвечаныя даследванням мясцовых традыцый, лінгвістычных і аўтэнтычных фальклорных запісаў: «Этнокультурные процессы Западного Полесья (Брестчины) в прошлом и настоящем» (Мінск, 2020), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: Брэсцкае Палессе» (Мінск, 2008), «Фальклор Камянецкага раёна» (Брэст, 2009), «Фальклорныя песні Століншчыны» (Пінск, 2012), зборнік лінгвістычных і фальклорных матэрыялаў Іванаўшчыны «Часоў былых і новых сувязь» (Брэст, 2004) і іншыя.

Сёння свята ўраджая на Брэстчыне, як і паўсюль на Беларусі, адзначаецца ўрачыста. «Дажынкі-2023» адбыліся ва ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці, у тым ліку абласныя — у Ганцавічах. Святкаванне праходзіла з мноствам лакальных асаблівасцяў, узнагарод і падзяк лепшых сельскіх гаспадарак. Асобны раздзел выставы знаёміць з яскравымі момантамі свята бягучага года, адлюстраванымі на старонках рэспубліканскай, абласной і рэгіянальнай перыёдыкі.

Запрашаем усіх, хто цікавіцца таямніцамі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларускага народа, а таксама сучаснымі працэсамі і ўплывамі на яе, азнаёміцца з кніжнай экспазіцыяй «Дзе жыта родзіць, там карагод ходзіць», якая экспануецца у аддзеле краязнаўства.

 

                                                                                                                        Аддзел краязнаўства

                                                                                                                             +375 162 57 48 79

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 296 разоў Апошняя змена Серада, 04 Кастрычнік 2023 15:25