Панядзелак, 12 Люты 2024 09:52

Выстава «Літаратурны дуэт: бацька і сын»

У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага распачала дзейнасць выстава «Літаратурны дуэт: бацька і сын», прысвечаная юбілейным датам пісьменнікаў Расціслава і Анатоля Бензерукоў.

Расціслаў Мацвеевіч Бензярук нарадзіўся 27 лютага 1944 года ў вёсцы Стрыганецкія Бусні Жабінкаўскага раёна. Ён закончыў Ракітніцкую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна. Пасля інстытута па размеркаванні працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Бастынскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна.

Першыя крокі ў літаратуры дапамаглі зрабіць Расціславу Мацвеевічу А. Пальчэўскі, В. Вітка, А. Васілевіч, М. Чарняўскі, У. Ліпскі. У красавіку 1970 года ў газеце «Зорька» было апублікавана яго апавяданне «Ленкин характер». З таго часу казкі, апавяданні, гумарэскі Бензерука сталі часта з’яўляцца на старонках дзіцячых і дарослых перыядычных выданняў: «Вясёлка», «Бярозка», «Піянер Беларусі», «Работніца і сялянка», «Вожык», «Чырвоная змена». 

У 1971 годзе Расціслаў Мацвеевіч разам з сям’ёй вярнуўся ў Жабінкаўскі раён, у вёску Азяты. Некаторы час Расціслаў настаўнічаў у Азяцкай сярэдняй школе, а з 1974 года стаў працаваць у рэдакцыі раённай газеты «Сельская праўда».

У 1973 годзе казка «Зайцаў кажушок» Расціслава Бензерука ўвайшла ў чытанку «Роднае слова» для першага класа агульнаадукацыйных школ.

Расціслаў Мацвеевіч Бензярук — аўтар кніг, зборнікаў вершаў і перакладаў «Вавёрчына дзякуй» (Мінск, 1975), «Чаму сонца рана ўстала?» (Брэст, 1997), «Тры свечкі» (Брэст, 1997), «Зайцаў кажушок» (Мінск, 2004), «Вясёлка сяміколерная» (Брэст, 2005), «Добры звачай» (Брэст, 2005), «Колодец памяти» (Брест, 2006, у сааўтарстве з сынам Анатолем), абразкоў пра В. Вітку «Жыў на свеце дзед Васіль» (Брэст, 2006, у сааўтарстве з В. Крысько), «Сорак дарог» (Брэст, 2007, у сааўтарстве з Анатолем Бензеруком), «Азбука наадварот» (Брэст, 2008), «Аўтографы» (Брэст, 2008) «Патапка і яго сябры» (Мінск, 2013), «Дуб і жалуды» (Брэст, 2014), «Прытулак для душы» (Брэст, 2016), «Лірычны поўдзень» (Брэст, 2017), «Вішневая квецень» (Брэст, 2019), «Сустрэча ў зялёным жыце» (Мінск, 2020).

У 1998 годзе Расціслаў Бензярук быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 2006 годзе пісьменнік стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод журналістаў на лепшы нарыс у намінацыі «Наш сучаснік».

21 лістапада 2008 года Расціслаў Мацвеевіч Бензярук стаў лаўрэатам прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі «Дзіцячая літаратура», у 2012 годзе за актыўнае супрацоўніцтва з часопісам «Вясёлка» уганараваны прэміяй імя Васіля Віткі.

Зараз Расціслаў Мацвеевіч Бензярук жыве ў горадзе Жабінка і працягвае радаваць чытачоў сваёй творчасцю.

Анатоль Бензярук нарадзіўся 4 студзеня 1969 года ў вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і настаўнікаў Расціслава Мацвеевіча і Вольгі Рыгораўны. З 1975 года жыве у горадзе Жабінцы. 

Закончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы у 1994 годзе і Інстытут журналістыкі БДУ ў 2010 годзе. На працягу 1991–1998 гадоў працаваў настаўнікам гісторыі Якаўчыцкай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна, у 1998–2009 гадах — спецыяліст і вядучы метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Жабінкаўскага райвыканкама, з 2009 — загадчык аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем раённай газеты «Сельская праўда».

З 2007 года А. Бензярук — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 2010 года сябра Міжнароднага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы», а з 2012 — сябра Саюза журналістаў Беларусі. 

Анатоль Расціслававіч Бензярук — аўтар кніг «Наш край — Жабінкаўшчына: дапаможнік па гісторыі Беларусі» (Брэст, 1996), «Памяць нашае зямлі: гісторыка-культурныя мясціны Жабінкаўскага раёна» (Брэст, 2002), «Касцюшкі-Сяхновіцкія: гісторыя старадаўняга роду» (Брэст, 2006), «Колодец памяти» (Брест, 2006), «Сорак дарог» (Брэст, 2007, дзве апошнія ў сааўтарстве з бацькам), «Крупчыцы. 1794 год: падзеі і памяць роднай гісторыі» (Брэст, 2007), «Дарогамі роднага краю» (Брэст, 2007), «Свята для сэрца: невялікія гісторыі для маленькіх беларусаў» (Мінск, 2009), «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» (Мінск, 2012), «Галавасек» (Мінск, 2023). Адзін са стваральнікаў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Жабінкаўскі раён» (Мінск, 1999). У 2018 годзе пісьменнік стаў складальнікам новай кнігі «Літаратурная прастора Брэстчыны».

За кнігу «Свята для сэрца» ў 2009 годзе аўтар уганараваны абласной літаратурнай прэміяй імя У. А. Калесніка ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» і стаў лаўрэатам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2009 года» ў галіне дзіцячай літаратуры (2010). Аповесць «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» ў лютым 2013 года адзначана на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» дыпломам І ступені і ганаровым знакам «Залаты фаліянт» у намінацыі «Літфармат». 

Напрыканцы 2023 года выдадзена новая кніга аўтара «Галавасек», прысвечаная вёсцы Драмлёва і яе 183 жыхарам, спаленым 11 верасня 1942 года. 1 снежня 2023 года адбылася прэзентацыя гэтага выдання ў Брэскай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. 

Выстава складаецца з двух раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменнікаў. На ім прадстаўлены як асобныя кнігі пісьменнікаў, так і калектыўныя выданні, публікацыі ў мясцовым перыядычным друку. Гэтыя крыніцы даюць магчымасць усім жадаючым азнаёміцца і з творамі аўтараў.

Асобны раздзел выставы прысвечаны літаратурна-крытычным даследаванням і вывучэнню жыцця і творчай дзейнасці Расціслава і Анатоля Бензерукоў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 143 разоў