Фільтраваць
Рэгіён

Навіны

3 кастрычніка галоўны бібліятэкар чытальнай залы літаратуры па краязнаўстве І. П. Дрэкоўская аформіла кніжную выстаўку «Добрый наставник и друг», прысвечаную Дню настаўніка. Наведвальнікам прапанавана тэматычная падборка дакументаў краязнаўчага характару, прысвечаная прафесійнаму святу педагогаў.

16 кастрычніка 2015 г. распачала сваю дзейнасць выстаўка творчых работ «Яркие краски лета» дзіцячай студыі дэкаратыўнага мастацтва пад кіраўніцтвам Ірыны Літвінюк (чытальная зала літаратуры па мастацтве ЦГБ імя В. П. Таўлая). Прадстаўлены працы ў розных тэхніках акварэльнага жывапісу. На адкрыцці выстаўкі адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне граматамі і салодкімі медалямі таленавітых маленькіх землякоў. 

22 кастрычніка бібліятэкар Н. М. Кіпель правяла з пяцікласнікамі СШ № 7 краязнаўчы ўрок «Помнікі – вехі гісторыі». Урок прайшоў у форме віртуальнай экскурсіі па вуліцах Баранавічаў. Бібліятэкар распавяла пра гісторыю стварэння некаторых гарадскіх помнікаў, засяродзіла ўвагу на знакамітых асобах, рэчах і падзеях, памяць аб якіх яны ўвекавечваюць.

23 кастрычніка ў Баранавіцкай ЦГБ адбыўся вечар-сустрэча «Жыццёвыя і творчыя вандроўкі Аляксея Белага», прысвечаны паэту, мастаку, намесніку дырэктара Выдавецкага дома «Інтэкс-прэс» Аляксею Беламу. Прысутныя пачулі аповед Аляксея Ільіча пра няпростыя жыццёвыя сцежкі, якія прывялі ўраджэнца в. Міхнавічы Івацэвіцкага раёна ў наш горад, пра тое, як нараджаюцца вершы і карціны, якое месца займае ў жыцці творцы сям’я і работа. Супрацоўнікі чытальнай залы літаратуры па краязнаўстве падрыхтавалі аднайменную электронную прэзентацыю пра жыццёвы і творчы шлях таленавітага гараджаніна. Гучалі вершы Аляксея Белага ў аўтарскім выкананні і ў выкананні калег і сяброў паэта – як новыя, так і вядомыя, з яго паэтычных зборнікаў «Каляровыя сны», «Боскі вецер правінцыі», «Тридцать второе августа», «Невольничьи песни», «Кветкі ў стагах». Да мерапрыемства ў чытальнай зале быў аформлены міні-вернісаж мастацкіх работ – карцін, фатаграфій вітражоў, створаных рукамі паэта-мастака.

 

Дадатковая інфармацыя

27 кастрычніка 2015 г. у Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У. М. Ігнатоўскага прайшла вечарына памяці ўраджэнца краю, беларускага мастака Ф. Дарашэвіча «Мастак жыццёвасці і праўды» (да 110-годдзя з дня нараджэння). 

Размова аб жыццёвым і творчым шляху мастака суправаджалася слайд-фільмам «Самабытнасць і непаўторнасць творчасці Ф. Дарашэвіча», прагучалі песні пра край у выкананні народнай вакальнай групы «Гармонія» Камянецкай ДШМ. Гасцямі мерапрыемства былі не толькі чытачы, жыхары горада, але і мастакі, удзельнікі пленэру, прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння мастака. Прысутныя змаглі пазнаёміцца з творчасцю Ф. Дарашэвіча ля выставы «Вобразы мінулага стагоддзя».

 

Дадатковая інфармацыя

У рамках Года моладзі 15 кастрычніка ў чытальнай зале Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі быў праведзены літаратурна-музычны калейдаскоп «Слова аб вайне і маіх земляках», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння земляка, вядомага журналіста, пісьменніка Міхаіла Шыманскага. 

У мерапрыемстве прымалі ўдзел навучэнцы УА «Бярозаўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў». Вядучыя мерапрыемства С. Гунік і Л. Галёнка распавялі аб творчым і жыццёвым шляху Міхаіла Шыманскага. Гучалі ўспаміны пра першыя творчыя крокі земляка, яго пасляваеннае дзяцінства. Навучэнцы ліцэя Д. Токар, А. Рахуба, М. Палоўнікаў прачыталі ўрыўкі гераічнай тэматыкі з твораў пісьменніка. На працягу мерапрыемства пранікнённа гучалі вершы Міхаіла Шыманскага і другіх паэтаў у выкананні бібліятэкараў А. Кумпель і А. Логіс. Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу А. Драган выказала думку аб значнасці вывучэння творчасці пісьменніка, бо яна далучае да сваёй зямлі, да кнігі, да сакавітага роднага слова, якім добра валодае наш зямляк Міхаіл Шыманскі. Да мерапрыемства былі падрыхтаваны: выстава «Тут пачалася мая доля…», слайд-кампазіцыя «Ах, успамін далёкі-блізкі…».

Дадатковая інфармацыя

 Супрацоўнікі Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш у рамках штогадовых паэтычных чытанняў «Бабіна лета ў Белаазёрску» правялі літаратурную гасцёўню «Дзячу долі за ўсе пуцявіны», прысвечаную выдатнай беларускай паэтцы, перакладчыцы, нашай зямлячцы Ніне Мацяш.

Сёлета мерапрыемства праводзілася ў сценах ДУА «Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі» і сабрала больш за 250 гледачоў, якіх шчыра вітала вядучая і загадчыца Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш Тамара Аляксандраўна Кузняцова.

Прысутным прапанаваліся прэзентацыі дзвюх кніг: «Парадніца», выдадзеная ў Мінску навучэнцамі ліцэя № 2 Аляксандрай Вараб’ёвай і Марыяй Бычык пад кіраўніцтвам настаўніцы ліцэя Алены Канстанцінаўны Пекач і «Збор выбраных твораў Ніны Мацяш», які выйшаў у серыі «Беларускі кнігазбор» і быў падрыхтаваны блізкімі сябрамі Ніны Мацяш Уладзімірам Васілевічам і Галінай Скарына.

Завіталі на мерапрыемства духоўныя сяброўкі, аднадумцы паэткі выкладчыцы Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Марыя Новік і Святлана Варонік. 

Са шчырымі словамі ўдзячнасці, павагі і даніны памяці Ніне Мацяш выступілі паэты і пісьменнікі з Мінску, Брэста, Бярозы: Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла, Іван Мельнічук, Аляксей Філатаў, Вера Буланда, Валянціна Осіпава.

У выкананні вучняў ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Белаазёрска» пранікнёна прагучалі вершы Ніны Мацяш: «Вясновае», «Не ведаю», «Воблака душы з улады тлуму…», «Мелодыйка», «Накідаюць», «Да сустрэчы» і інш.

 

Дадатковая інфармацыя

 Супрацоўнікі Бярозаўскай РБС сумесна з Бярозаўскай дзіцячай школай мастацтваў правялі літаратурна-музычнае свята краязнаўчай кнігі «Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць…», прымеркаванае да Дня беларускай пісьменасці і Дня бібліятэк Рэспублікі Беларусь.

Вядучыя мерапрыемства прадставілі гледачам каштоўныя кніжныя рарытэты з фонда ЦРБ: «“Біблія” Францыска Скарыны», «Жыццё блажэннай Еўфрасінні», «Слуцкае Евангелле», факсімільнае выданне «Вацлаў Ластоўскі. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», «Кніжная спадчына Беларусі» і інш., а таксама краязнаўчыя выданні: «Бяроза і Бярозаўскі рэгіён», «Збор выбраных твораў Ніны Мацяш», «Героическая Брестчина», «Здзітава – Радзіма мілая!», «Журналистские будни», «Малыя Лясковічы. Была такая вёска…».

У ходзе святкавання былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы краязнаўчы праект «Героическую землю наследую я». Ганаровае права павіншаваць і ўзнагародзіць пераможцаў было нададзена начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т. М. Кавалёк і старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белорусский фонд Мира» В. В. Резько. 

Госцем свята выступіла маладая паэтеса, лаўрэат Літаратурнага конкурсу імя М. Багдановіча, дыпламант абласнога літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і юнацтва, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Брэсцкай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – Алена Папко.


 Яркім і насычаным дапаўненнем мерапрымства сталі кніжныя выставы і экспазіцыі: «На кніжных прасторах любай Беларусі», «Мова пачынаецца са слоўніка», «Творчыя краязнаўчыя працы бібліятэкараў – намінанты конкурсаў», «Чытайце! Паэты пішуць аб вайне».

 Карысталася поспехам у гледачоў выстава творчасці супрацоўнікаў бібліятэк «Залацінкі бібліятэчнай творчасці».

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Старонка 34 з 52