«Імгненне і працяг» — першы самастойны паэтычны зборнік Васіля Барысюка. У ім змешчаны вершы, напісаныя аўтарам на працягу вялікага перыяду, што дае магчымасць чытачу прасачыць за эвалюцыяй творчых пошукаў мастака слова, прааналізаваць жанрава-стылістычнае і тэматычнае багацце яго лірыкі, усвядоміць грамадзянскую пазіцыю аўтара, асэнсаваць яго мастакоўскія набыткі ў кантэксце сучаснай нацыянальнай літаратуры. Праблематыка твораў зборніка надзвычай разнастайная: гісторыя і сучаснасць, чалавек і сусвет, прырода і соцыум. Лірычны герой Васіля Барысюка — асоба дзейсная, тонкая, улюбёная ў родны край, у грамадзянскім сэнсе надзвычай актыўная.
Зборнік «Імгненне і працяг» гарманічна дапаўняецца арыгінальнымі, па-майстэрску выкананымі акварэльнымі ілюстрацыямі, аўтарам якіх з’яўляецца дачка паэта Алена Барысюк. Ёй удалося вельмі тонка перадаць багаты духоўны свет слоўнага мастацтва свайго бацькі.