Серада, 08 Верасень 2021 09:18

22 кастрычніка 2021 г. — 155 гадоў з дня асвячэння сабора ў імя святога князя Аляксандра Неўскага ў г. Пружаны (1866), помніка архітэктуры позняга класіцызму

З ростам горада Пружаны Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у сярэдзіне ХІХ ст. з’явілася надзённая патрэба ў вялікім праваслаўным храме. 29 красавіка 1864 г. на сходзе прадстаўнікоў сельскіх сходаў Пружанскага павета было заяўлена аб гатоўнасці дапамагаць у будаўніцтве царквы як працай, так і грашыма.

 

Месца для будаўніцтва было выбрана каля гандлёвай плошчы. 28 чэрвеня 1864 г. епіскап Брэсцкі Ігнацій (Жалязоўскі) асвяціў месца і закладку царквы. Цырымонія была праведзена з найвялікшай пышнасцю, пры значнай колькасці духоўных асоб.Ініцыятыву ў будаўніцтве храма ўзялі на сябе гарадскія чыноўнікі, якія менавіта так хацелі выказаць свае вернападданіцкія пачуцці. Таму зразумела жаданне чыноўніцтва назваць царкву ў імя святога благаславеннага вялікага князя Аляксандра Неўскага, пакравіцеля Расіі, і «як ангела храніцеля яго імператарскай вялікасці» цара Аляксандра II.

Дзякуючы дзейнаму ўдзелу сялян усяго павета, будаўніцтва храма ішло хутка. Актыўны ўдзел у справе аздаблення храма прымаў архітэктар Сычоў, які выканаў эскізны праект іканастаса і бакавых ківотаў. Па гэтым малюнку ў Пецярбургу яны былі зроблены лепшымі майстрамі сталіцы Козыравым і Срэбраковым. Ззавода пецярбургскага купца Пікіева прывязлі 9 званоў. Іконы для іканастаса пісаліся манахінямі Свята-Васкрасенскага манастыра. Маскоўскае купецтва падаравала рызніцу, свяшчэнныя пасудзіны, богаслужэбныя кнігі і іншае неабходнае начынне.

8 кастрычніка (па новаму стылю 22 кастрычніка) 1866 г. новы храм быў адкрыты і асвечаны ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Першым настаяцелем храма быў протаіерэй Андрэй Сафонавіч Чарвякоўскі (1806–1876).

Архітэктура адзначана прыёмамі і формамі позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм — прамавугольная ў плане трохнефная базіліка, пакрытая двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны яруснай вежай-званіцай (у ніжнім ярусе — тамбур з двума памяшканнямі абапал яго і хоры). Алтарная частка вышынёй 14,6 м з паўавальнай трох’яруснай апсідай, другі і трэці ярусы вырашаныя як ратонда. Другі ярус ратонды аздоблены нішамі. Верхні ярус — светлавы барабан з круглымі вокнамі і купалам.

Сцены аперазаныя шырокім антаблементам, раскрапаваны пілястрамі ў прасценках высокіх аконных праёмаў у кілепадобных ліштвах. Уваходы ў будынак з трох бакоў падкрэслены плоскімі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Ваконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркулярнымі арачнымі заканчэннямі маюць кілепадобныя абоймы.

Зала падзелена шасцю квадратнымі ў плане слупамі на тры нефы. Цэнтральны неф, перакрыты цыліндрычным зводам, падоўжаны паўкруглай апсідай з іканастасам, спраектаваным у 1880 г. архітэктарам Залатаровым. Больш нізкія бакавыя нефы перакрыты крыжовымі зводамі на падпружных арках. Прыдзел злева асвечаны 30 жніўня 1934 г. у імя іконы Божай Маці «Жыватворная крыніца», зправа — у імя Аляксандра Неўскага.

У розны час настаяцелямі храма былі Мікалай Жуковіч, Флавіян (Феадор Дзмітрыюк), Мікалай Васкрасенскі, Уладзімір Пілінкевіч, Іосіф Марозаў, Антоній Бялявец, Іосіф Балюк. З 2007 г. служыць протаіерэй Міхаіл Міхайлавіч Носка з клірыкам Дыянісіем Паповым.

У 1923–1925 гг. рэгентам хору сабора быў Рыгор Раманавіч Шырма (1892–1978), стваральнік шэрага харавых калектываў, фалькларыст, народны артыст БССР (1949), народны артыст СССР (1955). Яго імем названа вуліца, на якой размяшчаецца сабор.

9 красавіка 1934 г. у саборы цудоўна заплакала іконаБагародзіцы, пасля вядомая як Пружанская.З вачэй маці Божай на іконе Яе ў Галгофы сталі выцякаць слёзы. Духоўным следствам устаноўлены гэты факт цудоўнай азнакі. 22 красавіка 1934 г. на пакланенне іконе прыбыў архіепіскап Палескі і Пінскі Аляксандр. У саборы штодня здзяйснялася Боская літургія і чытаўся акафіст найсвяцейшай Багародзіцы. З тае пары штогод 9 красавіка і ў Светлую пятніцу Велікоднага тыдня вернікі адзначаюць свята празванай цудадзейнай «Пружанскай Галгофы» (або «Багародзіцы, якая плача»).

У сабор Аляксандра Неўскага перанесены «Незгаральны абраз Божай Маці», які ацалеў падчас пажару ў Прачысценскай царкве, а таксама «Уладзімірскі абраз Маці Божай», які ў 1923 г. абнавіўся ў аднаго з жыхароў Сланімцоў.

У 1990-х гг. жыццё прыходу актывізавалася. Упершыню за многія гады быў ажыццёўлены маштабны рамонт царквы: рэканструяваны і пазалочаны іканастас і бакавыя кіёты, заменена царкоўнае начынне, пабудаваны будынкі царкоўнага калодзежа і нядзельнай школы, царкоўны двор абгароджаны новым чыгунным плотам з цаглянымі слупамі. Дзейнічае нядзельная школа, праводзяцца катэхізацыйныя гутаркі з дарослымі, створана праваслаўнае сястрынства імя «Плачучага абраза Божай Маці».

Протаіерэй Міхаіл Носка адкрыў пры храме музей, да стварэння якога ішоў амаль пятнаццаць гадоў. Збіраў сведчанні царкоўна-рэлігійнага мінулага Пружаншчыны: убранне святароў і ўзнагароды, свяшчэнныя кнігі і ноты, крыжы і іконы, плашчаніцы і харугвы, фатаграфіі і дакументы, якія раскрываюць структуру і дынаміку царкоўнага жыцця раёна ў канцы XIX – пачатку XXI стст. Па крупінках з дапамогай мясцовых старажылаў і краязнаўцаў сабраны велізарны дакументальны і фотаархіў.

Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (пастанова Савета Міністраў 14.05.2007 № 578; пастанова Міністэрства культуры 20.08.2020 № 70).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

 

  1. Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 50.
  2. Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага // Культура Беларусі : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 224–225.
  3. Пружанский собор Александра Невского // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 287.
  4. Сабор ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага : [г. Пружаны] А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007.
  5. Свята-Аляксандра-Неўскі сабор : [г. Пружаны] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 169.
  6. Олександра Невського собор, м. Пружани, пам. архітектури. Збудований 1866 г. / В. Леонюк // Словник Берестейщини / В. Леонюк. Львів, 1996. С. 217.
  7. Собор Александра Невского : [г. Пружаны] / В. В. Алисейчик // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 354.
  8. Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтваа Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 391.
  9. Собор Александра Невского / В. А. Чантурия // Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. Минск, 1982. С. 42.
  10. Носко, М. Псаломщик и фольклорист Григорий Романович Ширма / протоиерей Михаил Носко // Духовный вестник. 2021. № 1. С. 5 ; № 2. С. 5 ; № 3. С. 5 ; № 4. С. 5 ; № 5. С. 3.
  11. Папоў, Д. Дванаццаць пытанняў святару : [гутарка з айцом Дыянісіем Паповым, які дапамагае благачыннаму здзяйсняць набажэнствы ў Свята-Аляксандра-Неўскім храме] / Дыянісій Папоў ; [гутарыла] Алена Зялевіч ; фота Сяргей Талашкевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 19 кастрычніка. С. 5 : фат.
  12. Зялевіч, А. Слёзы Багародзіцы : [пра цудатворную ікону Божай Маці «Пружанская Плачучая» («Галгофа») у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 15 мая. С. 6.
  13. Зялевіч, А. Пераможны «гарошак» : [пра былога рэгента Свята-Аляксандра-Неўскага сабора Таццяну Уладзіміраўну Матусевіч] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 15 мая. С. 6.
  14. Зялевіч, А. Духоўная сувязь не перарываецца : [22 лютага спаўняецця 10 гадоў, як адышоў да Госпада былы настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага сабора мітрафорны протаіерэй Іосіф Балюк] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 22 лютага. С. 5.
  15. Зялевіч, А. Светач духоўнасці, захавальнік гісторыі : [150-гадовы юбілей Свята-Аляксандра-Неўскага сабора г. Пружаны] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 14 снежня. С. 1, 3.
  16. Ролич, О. Александро-Невский собор в Пружанах : [к 150-летию со дня освящения] / Ольга Ролич // Заря. 2016. 8 декабря. С. 18.
  17. Зялевіч, А. Спазнай законы вечнасці... : [пра нядзельную школу пры Свята-Аляксандра-Неўскім саборы, якая дзейнічае больш за 20 гадоў] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 15 кастрычніка. С. 14.
  18. Сядова, І. Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу... : поп Кацюба і яго матушка : [пра першага настаяцеля Пружанскага Аляксандра-Неўскага сабора протаіерэя Андрэя Сафонавіча Чарвякоўскага (3.12.1805–17.08.1876) і матушку Соф’ю Сцяпанаўну Чарвякоўскую (14.09.1812–16.09.1884)] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 6 лістапада. С. 15 ; 14 лістапада. С. 15 ; 21 лістапада. С. 15.
  19. Ролич, О. Свято-Александро-Невскому собору в Пружанах исполнилось 145 лет / Ольга Ролич // Царкоўнае слова. 2011. № 50. C. 6–7.
  20. Зялевіч, А. Святыні Аляксандра-Неўскага сабора / Алена Зялевіч // Краязнаўчая газета. 2011. № 46. С. 5.
  21. Пракаповіч, Н. Летапіс духоўнасці : праваслаўная архітэктура Пружаншчыны : [сабор Аляксандра Неўскага ў Пружанах] / Наталля Пракаповіч // Рэха Берасцейшчыны. 2010. № 1. С. 4–5.
  22. Свято-Александро-Невскому собору в Пружанах — 140 лет // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 4. С. 36–38.
  23. Ахрамовіч, М. Храмавае свята : [140-годдзе Свята-Аляксандра-Неўскага сабора ў Пружанах] / Марына Ахрамовіч // Раённыя будні. Пружаны, 2006. 13 снежня. С. 1.
  24. Мрыхин, И. Свято-Александро-Невский собор в г. Пружаны / Игорь Мрыхин // Брестские епархиальные ведомости. 2006. № 1. С. 31–32.
  25. Панюціч, А. Нядзельныя ўрокі праваслаўя : [нядзельная школа пры саборы Аляксандра Неўскага] / Аляксандр Панюціч // Раённыя будні. Пружаны, 2001. 17 красавіка. С. 2.
  26. Здановіч, І. Асвячэнне царквы : [да 130-годдзя асвячэння сабора Аляксандра Неўскага] / Іван Здановіч // Раённыя будні. Пружаны. 1996. 5 лістапада.
  27. Машкала, І. І ўзнёсся над Пружанамі храм : сабор Аляксандра Неўскага / І. Машкала // Раённыя будні. Пружаны, 1991. 17 верасня. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 896 разоў