У другой палове ХІХ ст. было вырашана ўзвесці новы храм. Старую царкву разабралі і перанеслі на могілкі, паставіўшы ля могілкавай капліцы, дзе і праводзілі богаслужэнні ў перыяд будаўніцтва новага храма. Перанесены храм асвяцілі 30 мая 1882 г. у гонар роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. 16 мая 1953 г. прыпісная царква на могілках была знята з уліку дзеючых і выкарыстоўвалася пад школьную майстэрню, у 1960-я гг. яе зруйнавалі.
У 1882 г. замест старога храма ў Балотах пабудавалі новую драўляную царкву ў гонар прападобнай Параскевы Сербскай. Сваім з’яўленнем на свет новая царква абавязаны энтузіязму простага народа. У 1879 г. на стварэнне храма мясцовым жыхарам удалося сабраць 694 рублі. Акрамя таго, 305 рублёў было ўнесена з казны, што таксама стала значным укладам у будаўніцтва святыні.
Узвядзенне будынка ажыццяўлялася згодна з праектам грамадзянскага інжынера Ф. Афанасьева, які ён падрыхтаваў у 1880 г. Будаўніцтва храма ажыццявілі селянін В. Гарбузаў з сям’ёй і іншыя мясцовыя жыхары, прычым ім удалося абысціся без якой-небудзь іншай дапамогі. Мясцовы землеўладальнік А. М. Ган ахвяраваў лясны матэрыял і жалеза на дах. За работамі па будаўніцтву царквы назіраў малодшы архітэктар Залатароў. Агляд гатовай пабудовы адбыўся 13 кастрычніка 1885 г. Дата асвяшчэння храма — 27 кастрычніка 1885 г.
У кампазіцыі будынка Балоцкай царквы прысутнічаюць рысы стылю класіцызму. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя ўключае кубападобны цэнтральны аб’ём з цыбулепадобнай галоўкай над стромкім чатырохсхільным дахам, прамавугольную апсіду з бакавымі рызніцамі і трохярусную званіцу. Цэнтральны і абодва бакавыя ўваходы вылучаны адпаведна шасці- і чатырохкалонным порцікамі пад двухсхільным дахам. Фасады аздоблены прафіляванымі карнізамі, ліштвамі аконных праёмаў, гарызантальнай і вертыкальнай шалёўкай.
Унутры храма апсіда, якая з’яўляецца адным з галоўных элементаў хрысціянскіх храмаў, вылучаецца драўляным трох’ярусным іканастасам. Іканастас створаны ў 1885 г. паводле праекта грамадзянскага інжынера А. Рэмера. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы XVIII–XIX стст.: «Прападобная Маці Параскева Пятніцкая», «Мікалай Цудатворац», «Раство Хрыстова», «Ісус Хрыстос», «Сабор Божай Маці», «Архідыякан Сцяфан», «Свяціцель»; кніга «Евангелле» (1780).
У 1888 г. Свята-Параскевінскую царкву пастаянна наведвала 1385 вернікаў. Пры прыходзе існавала брацтва, царкоўна-прыходское папячыцельства. У 1898 г. у Балотах была адкрыта жаночая царкоўна-прыходская школа, якая мела ўласны дом, сядзібу і нават халодныя пабудовы. Дабрачынцам школы быў гаспадар маёнтка Балоты А. Ган. У 1901 г. настаяцелем царквы назначаны святар Аляксандр Скабаллановіч, якi пераведзены з мястэчка Рось Валкавыскага павета.
Падчас Другой сусветнай вайны царква была зачынена. У часы савецкай улады Балоцкі храм, адзін з нямногіх, быў дзеючым. Сюды прыходзілі на малітву людзі з усіх навакольных вёсак, у тым ліку і з вёскі Кісялёўцы, дзе ўласная царква ў 1960-я гг. атэістычнымі уладамі была зачынена, а потым разабраная на будаўнічыя матэрыялы. (У 1995 г. на месцы разбуранай царквы пабудавалі новы храм у імя апостала Іаана Багаслова). У 1963 г. Балоцкаму прыходу перадалі іконы, панікадзілы і іншыя прадметы ўбрання з зачыненай прыпісной царквы Марыі Магдаліны.
Метрычныя кнігі Балоцкай царквы за 1801–1817, 1827–1889 гг. захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў г. Гродна (фонд 456/1).
Настаяцелем храма з студзеня 1986 г. з’яўляўся протаіерэй Іаан Пятровіч Гром (1940–2021), ураджэнец в. Хабовічы Кобрынскага раёна. У 1975 г. рукапаложаны ў дыяканы, іерэі, служыў у храмах Брэсцкай епархіі, у 1985 г. закончыў завочнае аддзяленне Маскоўскай духоўнай семінарыі. Пахаваны на манастырскіх могілках хутара Вяжное Пружанскага раёна.
Сёння царква ў гонар святой Параскевы Пятніцы знаходзіцца ў добрым стане і з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з рысамі стылю класіцызму, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Храм прыцягвае ўвагу акуратным архітэктурным выкананнем, мае жоўта-гарчычную афарбоўку сцен і белыя ліштвы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Балоцкая царква Параскевы Пятніцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 1. С. 422.
- Болотская церковь Параскевы Пятницы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 113.
- Кулагін, А. М. Царква ў гонар святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы : [в. Балоты] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 32.
- Кулагін, А. М. Драўлянае царкоўнае дойлідства : Царква Прападобнай Параскевы Сербскай у в. Балата / А. М. Кулагін // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 465.
- Кулагін, А. М. Свята-Параскева-Пятніцкая царква : [в. Балоты] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 16–17.
- Параскевская церковь : [д. Болота, Киселевецкий сельсовет] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 253.
- Параскеўская царква : [в. Балоты] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 228–229.
- Мароз, В. В. Уплыў класіцызму. 1882, Балата / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 340.
- Помнікі архітэктуры // Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны / аддзел культуры Кобрынскага райвыканкама ; склад. Ю. А. Барысюк. Баранавічы, 2001. С. 10–12.
- Культавае дойлідства. Балоты. Царква Прападобнай Параскевы Сербскай // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 43–44.
- Помнікі архітэктуры. Царква ў гонар святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы // Скрозь памяць стагоддзяў : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 500-годдзя з часу першага згадвання ў пісьмовых крыніцах в. Балоты, в. Стрыгава Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2013. С. 12 : фат. (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
- Шатько, Е. Г. Колокола и колокольные звоны православных храмов западных регионов Беларуси : история и современность : 1025-летию крещения Руси посвящается / Е. Г. Шатько. – Белосток : Orthdruk, 2014. – 294 с. – Из содерж.: Фото 60. Колокол храма д. Болота Кобринского района Брестской области с надписью «W ME FECIN AND 1728 SOLI DEO GLORIA».
- Юбілейныя даты рэлігійных устаноў : Царкве Прападобнай Параскевы Сербскай у в. Балоты (1882) – 140 гадоў // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 61–62.
- Балота, Балоты : [з гісторыі вёскі] // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 565.
- Кулагін, А. М. Страчаная спадчына : царква : [в. Кісялёўцы, Кобрынскі раён] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 514.
- Отошел ко Господу протоиерей Иоанн Гром : [некролог] // Царкоўнае слова. 2021. 13 жніўня (№ 33). С. 11.
- Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси. Авторский проект Владимира Цвирко : [храмы деревень Кобринщины, среди которых церковь в д. Болота] / Владимир Цвирко ; материал подготовила Юлия Лабецкая // 7 дней. 2017. 26 октября. С. 24–25.
- Марчук, Н. Храм на Поповой горке. «Болотная церковь» : [из истории церквей Равноапостольной Марии Магдалины и Параскевы Сербской в д. Болота] / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2015. 2 апреля. С. 11.
- Дрык, Н. «Балацюкі – народ адметны!» : [пра святкаванне 500-годдзя вёскі Балоты Кобрынскага раёна, а таксама пра гісторыю вёскі] / Ніна Дрык // Народная трыбуна. 2013. 5 ліпеня (№ 27). С. 11.
- Шаўчук, А. Храмы Кобрыншчыны. Храм прападобнай Параскевы Сербскай / Андрэй Шаўчук // Кобрынскі веснік. 2000. 29 лістапада. С. 3.