Юнацтва дзяўчыны апаліла Вялікая Айчынная вайна. Як сапраўдная патрыётка сваёй Радзімы, Надзея разам са старэйшым братам Сцяпанам і яго сям’ёй пайшла ў партызанскі атрад. З восені 1943 г. і да вызвалення ў 1944 г. даглядала хворых і параненых, гатавала сціплую ежу, мыла бялізну. Разам з іншымі партызанамі атрада імя А. В. Суворава Пінскага злучэння зведала і баі з акупантамі, і пераправы цераз палескія балоты і рэкі, зімоўку ў зямлянках і іншыя шматлікія цяжкасці жыцця ў лясах.
У партызанах сустрэла сваю палавінку – партызанскага разведчыка Мікалая Карпавіча Місюка. Ажаніліся ўжо пасля Перамогі, калі ён вярнуўся з фронту з ранамі, атрыманымі пад Кёнігсбергам. Пабудавалі ў Брылёва свой дом, выгадавалі дзвюх дачок. У пасляваенныя гады Надзея Місюк энергічна ўключылася ў аднаўленне народнай гаспадаркі, пачала актыўную працоўную дзейнасць. З 1944 г. па 1951 г. працавала сакратаром Кіселёвіцкага сельсавета. Дабілася адкрыцця ў Брылёва пачатковай школы.
Болей за 30 гадоў (1951–1980) Надзея Іосіфаўна аддала калгасу «Новы шлях» Кобрынскага раёна: з 1951 г. – звеннявая, з 1957 г. – брыгадзір паляводчай брыгады калгаса. Пасаду брыгадзіра атрымала ад мужа, калі ў яго абвастрыліся франтавыя раны. Брыгадзірская пасада ў калгасе самая турботная, бо бліжэй да людзей, простых работнікаў, з кожным трэба знайсці агульную мову. Людзі працавалі старанна, а тыды амаль ўсё рабілася ўручную. Бульбы і цукровых буракоў садзілі па 30 гектараў.
Ужо ў 1957 г. зрабіла немагчымае: брыгада атрымала рэкордны па тым часе ўраджай збожжа – 16 цэнтнераў з гектара, за што брыгадзір Н. І. Місюк была ўдастоена медаля «За трудовую доблесть». Брыгада, якой яна кіравала больш за 20 гадоў, неаднаразова з’яўлялася пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, дабівалася значных поспехаў у вытворчасці і продажы дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі. У складаны з-за надвор’я 1961 г. брыгадай сабрана з гектара 11,8 цэнтнера збожжа, 145 цэнтнераў бульбы. У 1978 г. – 31,6 цэнтнера збожжавых, 340 цэнтнераў бульбы, 310 цэнтнераў цукровых буракоў з гектара.
Калгас «Новы шлях» створаны ў 1949 г. Яго першым старшынёй у 1949–1984 гг. быў Павел Рыгоравіч Каранчук (1924–2012). Калгас лічыўся адным з паказальных на Брэстчыне, на яго базе праводзіліся абласныя і рэспубліканскія семінары па сельскай гаспадарцы,сюды прыязджалі абменьвацца вопытам кіраўнікі гаспадарак. У 2005 г. П. Р. Каранчуку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».
Надзею Іосіфаўну жыхары Кобрыншчыны ведаюць як стараннага работніка, умелага арганізатара калгаснай вытворчасці, кіраўніка. Яна паспявала ўсюды: у брыгадзе, дома, і з грамадскімі абавязкамі, якіх таксама было дастаткова, бездакорна спраўлялася. Увішна ўпраўлялася з матацыклам, аўтамашынай «Запарожац».
Была актыўным удзельнікам грамадскага жыцця. З 1944 г. па 1980 г. – дэпутат Кісялёвіцкага сельскага Савета народных дэпутатаў, у 1962 г. абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Ездзіла на сесіі ў Маскву, наведвала ВДНГ СССР. У складзе дэлегацыі пабывала ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Як ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці карысталася вялікай павагай і заслужаным аўтарытэтам у земляробаў раёна, у калектыве і сярод аднавяскоўцаў.
У 1980 г. Надзея Іосіфаўна дасягнула пенсіённага ўзросту. Але яна не прывыкла да спакойнага і мернага жыцця, таму працягвала працаваць і пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Яшчэ 15 гадоў (да 1995 г.) працавала малаказборшчыкам.
Старанне, вынікі працы Надзеі Місюк не праходзілі незаўважанымі. Не раз яна адзначалася ўзнагародамі: ордэнамі Леніна (1960), Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За трудовую доблесть» (1957), «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина» (1970), «За победу над Германией», многімі юбілейнымі медалямі, дыпломамі за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі.
Надзея Іосіфаўна Місюк пайшла з жыцця 9 сакавіка 2004 г.Яна пражыла складанае, неспакойнае, але выдатнаеі насычанае жыццё.
Матэрыял падрыхтаваныў 2024 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Місюк Надзея Іосіфаўна // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 282, 428.
- Их доблестный труд отмечен орденом Ленина : Надежда Иосифовна Мисюк // Они награждены орденом Ленина : [альбом]. Кобрин, 1981.
- Місюк Надзея Іосіфаўна // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 22.
- 100 гадоў з дня нараджэння Н. І. Місюк // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская РЦБС, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 130.
- Мисюк Надежда Иосифовна : [некролог] // Кобрынскі веснік. 2004. 13 сакавіка. С. 8.
- Петров, П. Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд : [о Павле Григорьевиче Коренчуке, Михаиле Колистратовиче Дубинке, Надежде Иосифовне Мисюк] / Петр Петров // Заря. 2004. 24 февраля.
- Хільчук, М. За ўсё перажытае – не сорамна : [пра сям’ю Мікалая Карпавіча і Надзеі Іосіфаўны Місюк з в. Брылёва] / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2003. 20 верасня. С. 3.
- Хільчук, М. [Н. І. Місюк] : [сапраўдная патрыётка сваёй Радзімы Н. І. Місюк, каб абараняць яе ад фашысцкіх захопнікаў, пайшла ў партызаны] / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. 2000. 29 красавіка.
- [Місюк Н. І.] // Кобрынскі веснік. 1999. 17 сакавіка.
- Лебедев, Г. Годы забот созидательных : [о Н. И. Мисюк из колхоза «Новый путь» Кобринского района] / Г. Лебедев // Заря. 1980. 9 января.
- Хільчук, М. Дваццаць трэцяя вясна : [нарыс пра брыгадзіра калгаса «Новы шлях» Н. І. Місюк] / М. Хільчук // Камуністычная праца. Кобрын, 1979. 21 красавіка.
- Бандарэнка, К. Ёсць чаму павучыцца : [пра калгас «Новы шлях»] / К. Бандарэнка // Камуністычная праца. Кобрын, 1972. 15 студзеня.
- Наши кандидаты [в депутаты Верховного Совета СССР] : Мисюк Надежда Иосифовна : [биография] // Заря. 1962. 4 марта.
- Юркевіч, М. Пра яе гавораць з любоўю : [прабрыгадзіра калгаса «Новы шлях» Н. І. Місюк] / М. Юркевіч // Зара. 1962. 28 лютага.