Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР шмат спецыялістаў з усходу былі накіраваны ў новаўтвораныя вобласці. У пачатку 1940 г. Б. М. Сінягаў па накіраванню прыбыў на працу ў г. Брэст. Быў назначаны на пасаду дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі, якая пачала сваю дзейнасць з 27 студзеня 1940 г. Для бібліятэкі быў выдзелены двухпавярховы асабняк на вул. Пушкінскай. У штаце было 12 супрацоўнікаў.
Пад кіраўніцтвам Б. М. Сінягава актыўна камплектаваўся фонд бібліятэкі. Асноўнымі крыніцамі камплектавання былі фонды грамадскіх і невялікіх прыватных бібліятэк, дзе літаратура ў большасці была на польскай мове. Першым адкрыўся для чытачоў абанемент. Першым чытачом стала Ганна Куракіна, хатняя гаспадыня.
16 лютага 1940 г. быў адкрыты польскі аддзел абанемента, 1 ліпеня — масавая чытальная зала, дзе была сабрана грамадска-палітычная, мастацкая, навукова-тэхнічная, дзіцячая літаратура на рускай, беларускай, польскай, яўрэйскай і іншых мовах. Меліся слоўнікі, даведнікі, савецкія энцыклапедыі. Да сярэдзіны жніўня налічвалася 2485 чытачоў, кніжны фонд складаў 21 тыс. экземпляраў кніг. Кожны вечар у чытальнай зале збіралася да 35 чытачоў.
У лістападзе бібліятэкі вобласці атрымалі ў дар ад усходніх абласцей Беларусі больш за 100 тыс. кніг, у тым ліку 25 тыс. кніг паступіла ў абласную бібліятэку. Адначасова Б. М. Сінягаў выконваў абавязкі загадчыка абласнога бібліятэчнага калектара. На 1941 г. бібліятэка мела кніжны фонд у колькасці 35 тыс. тамоў.
Супрацоўнікі бібліятэкі праводзілі масавую работу сярод чытачоў, арганізацыйна-метадычную — сярод бібліятэк вобласці. Калектыў бібліятэкі вырашыў назваць бібліятэку імем А. С. Пушкіна, была заказана новая шыльда. У сярэдзіне чэрвеня 1941 г. у чытальнай зале адкрылася выстава, прысвечаная пяцігоддзю з дня смерці А. М. Горкага. Лекцыя аб творчасці пісьменніка была запланавана на 22 чэрвеня.
У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны Б. С. Сінягаў удзельнічаў у абароне чыгуначнага вакзала станцыі Брэст, якая была адным з апошніх ачагоў супраціўлення ў горадзе. Невялікая група з ваеннаслужачых, чыгуначнікаў і савецкіх работнікаў гераічна ўтрымлівала падвалы вакзала на працягу дзевяці дзён.
22 чэрвеня Барыс Сінягаў быў паранены, ляжаў у чыгуначнай бальніцы. Пасля аперацыі вывезены ў Старасельскі лес у Жабінкаўскім раёне. З 18 ліпеня 1941 г. — партызан Старасельскага атрада (з чэрвеня 1943 г. — атрад імя М. М. Чарнака). Адзін з першых партызанскіх атрадаў на Беларусі, створаны ў чэрвені 1941 г. з чырвонаармейцаў і жыхароў в. Старае Сяло, патрыётаў, актывістаў, савецкіх работнікаў. Камандзірам быў лейтэнант Сяргей Шыканаў, яго памочнікам — старшыня Старасельскага сельсавета Міхаіл Чарнак. Атрад дзейнічаў у Жабінкаўскім раёне. Партызаны вялі баявыя дзеянні, праводзілі дыверсіі на дарогах, аказвалі супраціўленне нямецкім акупантам. На кастрычнік 1941 г. у атрадзе было каля 60 узброеных байцоў.
Б. М. Сінягаў загінуў у баі 28 снежня 1941 г. Абласная бібліятэка за час нямецка-фашысцкай акупацыі была разрабавана, аднавіла дзейнасць пасля вызвалення ў лістападзе 1944 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Синягов Борис Маркович // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке : [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно, 2016. С. 66.
- Синягов Борис Маркович // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 198.
- Бурина, Г. И. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / Г. И. Бурина // Нарысы гісторыі бібліятэк Брэсцкай вобласці. Выд. 2-е, дап. і перапрац. Брэст, 2001. С. 108–120.
- Яцевич, А. В. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / А. В. Яцевич // Очерки истории библиотек Брестской области. Брест, 1996. С. 65–71.
- Бібік, Л. Г. Абарона вакзала : [в 1941 г.] / Л. Г. Бібік // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 375–384.
- Есть память, которой не будет забвенья… : [биографии участников Великой Отечественной войны, работавших в библиотеках Брестчины] // Библиопанорама. Брест, 2015. Вып. 19. С. 2–21. См. на с. 9 : Синягов Борис Маркович.