З 1957 г. працаваў загадчыкам Востраўскага сельскага клуба, загадчыкам бібліятэкі, настаўнікам Ласіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна. У 1961–1971 гг. быў настаўнікам матэматыкі, намеснікам дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Чудзінскай школы ў Ганцавіцкім раёне, інспектарам школ Ганцавіцкага раённага аддзела народнай адукацыі, кіраўніком кабінета палітвыхавання Ганцавіцкага райкома КПБ.
З 1973 па 1979 гг. — намеснік загадчыка Дома палітвыхавання Брэсцкага абкама КПБ. У 1979–1989 гг. — інструктар аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. З 1989 г. — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У 1993–2008 гг. С. Ф. Дубянецкі быў вядучым навуковым рэдактарам, кіраўніком рэдакцыі філасофіі, эканомікі і права выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі». Даследаваў праблемы фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, нацыянальна-культурнага адражэння, маральнага выхавання асобы, развіцця палітычнага працэсу, дэмакратыі і грамадства.
У 1970–1980-х гг. С. Ф. Дубянецкі вывучаў функцыянаванне сістэмы палітычнай і эканамічнай адукацыі, павышэнне тэарэтычнага і прафесійнага ўзроўню розных катэгорый кадраў. Кандыдат філасофскіх навук (1989), дзейсны член Беларускай акадэміі сацыяльных навук (1999).
Аўтар шэрагу навуковых работ па філасофіі, паліталогіі, гісторыі філасофскай і грамадскай думкі. Аўтар кніг і брашур, раздзелаў у калектыўных манаграфіях і зборніках, навуковых, навукова-папулярных і публіцыстычных артыкулаў у перыядычных выданнях. Член навукова-рэдакцыйнай рады і аўтар больш за 80 артыкулаў па філасофіі і грамадскай думкі ў 18-томнай Беларускай энцыклапедыі (1996–2004).
Адзін з аўтараў «Сацыялагічнай энцыклапедыі» (2003), энцыклапедычных даведнікаў «Беларусь» (1995), «Чалавек і грамадства» (1998), «Рэлігія і царква на Беларусі» (2001), «Асветнікі зямлі Беларускай» (2001), «Асветнікі зямлі Беларускай: X– пач. XX ст.» (2006; 2-е выд.), энцыклапедыі ў 7 тамах «Республика Беларусь» (2005–2008) і інш. Навуковы рэдактар кніг па культуралогіі, філасофіі, паліталогіі і правах чалавека, выдадзеных «БелЭн» і іншымі выдавецтвамі.
Станіслаў Фёдаравіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1981), медалямі «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина» (1970), «Ветеран труда» (1988).
Родны брат Станіслава Фёдаравіча — Міхаіл Фёдаравіч Дубянецкі (1927–1990), беларускі кнігавыдавец, пісьменнік, перакладчык. Сын — Эдуард Станіслававіч Дубянецкі (1966–2020), кандыдат гістарычных навук (1995), культуролаг, публіцыст, паэт.
С. Ф. Дубянецкі памёр 3 красавіка 2022 г., пахаваны на Заходніх могілках г. Мінска.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.
Янковіч Ю. М.,
бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Працы С. Ф. Дубянецкага
- Беларусь : история и современность / И. Е. Афнагель, В. Ф. Кушнер, С. Ф. Дубенецкий [и др.]. – Минск : БелЭн, 2004. – 144 с.
- История Беларуси : словарь-справочник / И. Н. Кузнецов, Э. С. Дубенецкий, Е. А. Смирнов ; под ред. С. Ф. Дубенецкого. – Минск : Экономпресс, 2000. – 320 с.
- Цяжкі шлях да адраджэння / С. Ф. Дубянецкі, Э. С. Дубянецкі. – Брэст : Выдавецтва С. Лаўрова, 1997. – 96 с.
- Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 1–18 / С. Ф. Дубянецкі, Э. С. Дубянецкі [іінш.]. – Мінск : БелЭн, 1996–2004.
- Перашкоды на шляху нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі / С. Ф. Дубянецкі, Э. С. Дубянецкі. – Мінск : Таварыства «Веды» Рэспублікі Беларусь, 1992. – 24 с.
- Формы и специфика проявления нравственных отклонений в условиях перестройки / С. Ф. Дубенецкий. – Минск : Общество «Знание» БССР, 1990. – 24 с.
- Школа классового воспитания : из опыта политического образования трудящихся /С. Ф. Дубенецкий. – Минск : Беларусь, 1985. – 63 [2] с., включая обложку. – (Идеологическая работа – дело всей партии).
- С классовых позиций : методологические вопросы оценки социальных явлений / Г. П. Давидюк, С. Г. Дробязко, С. Ф. Дубенецкий [и др.]. – Минск : Беларусь, 1983. – 120 с.
- Центры творческой мысли / С. Ф. Дубенецкий. – Минск : Беларусь, 1982. – 95.
Аб жыцці і дзейнасці С. Ф. Дубянецкага
- Дубянецкі Станіслаў Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 250.
- Дубянецкі Станіслаў Фёдаравіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 484.
- Дубянецкі Станіслаў Фёдаравіч // Памяць. Ганцавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 415–416.
- Учёные Пинщины / авт.-сост. И. А. Кибак, П. Н. Синкевич, В. В. Василевецкий. – Пинск : Пин. регион. тип., 2012. – 229 с.