Пятніца, 12 Верасень 2025 10:09

19 верасня 2025 г. — 175 гадоў з дня нараджэння Льва Сямёнавіча Паеўскага (1850–1919), свяшчэнніка, гісторыка

Леў Сямёнавіч Паеўскі нарадзіўся 19 верасня 1850 г. у Асінгарадку Віленскай губерні (цяпер Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці). Вучыўся ў Кобрынскім духоўным вучылішчы, працягваў адукацыю ў Віленскай духоўнай семінарыі, якую закончыў у 1873 г. па другім разрадзе.

Пасля заканчэння семінарыі Леў Паеўскі працаваў выкладчыкам спеваў у настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, затым пераехаў у Варшаву. Пасля пасвячэння ў дыякана ў Варшаўскім кафедральным саборы ў 1875 г., Леў Паеўскі сумяшчаў службу з выкладаннем у гарадскім вучылішчы ў г. Радаме на пасадзе законавучыцеля. У Варшаве пазнаёміўся з Марыяй Міхайлаўнай Іваноўскай, якая стала яго жонкай.

У 1877 г. Леў Паеўскі быў рукапаложаны ў сан іерэя. Пачалася нялёгкая служба свяшчэнніка ў небагатых прыходах, дзе традыцыйным з'яўлялася ўніяцкае або каталіцкае веравызнанне.

Сям'я Паеўскіх у 1885 г. пераязджае на Брэстчыну, дзе айцец Леў становіцца настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы ў в. Малыя Шчытнікі Брэсцкага павета, заснаваў царкоўна-прыходскае вучылішча. У 1892 г. выбраны дэпутатам Жыровіцкага акруговага адукацыйнага з’езда.

З 1894 г. Леў Паеўскі пачаў служыць у Свята-Сімяонаўскай царкве мястэчка Камянец-Літоўск. Тут ён праслужыў да 1905 г. Нягледзячы на прыходскія клопаты і вялікую сям'ю, арганізаваў «рухомыя» школы, каб адукоўваць народ, быў законавучыцелем мужскога і жаночага вучылішчаў у Камянцы, Шчэрбаўскага і Вуглянскага народных вучылішчаў.

Акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, Л. С. Паеўскі актыўна займаўся краязнаўствам і гістарычнымі даследаваннямі лёсу праваслаўя ў тутэйшых месцах, вывучэннем архіўных матэрыялаў, сабраўшы мноства цікавага. Займаўся таксама археалагічнымі і этнаграфічнымі пошукамі, публікуючы свае навуковыя артыкулы ў літоўскіх, польскіх і расійскіх перыядычных выданнях, прымаў актыўны ўдзел у з'ездах археалагічных навуковых таварыстваў. Вядома, што ён арганізаваў уласныя археалагічныя раскопкі. Вынікі раскопак за 1898 г. захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу, у архіве Археалагічнай камісіі (№ 177 «Раскопки Л. С. Паевского в Брестском уезде Гродненской губернии»).

Першая кніга Л. С. Паеўскага выдадзена ў 1887 г. у Віленскай губернскай друкарні «О церквах Брестской капитулы в начале 2-й половины XVIII в.». Другая праца — «О церквах древней Брестской епархии, входивших в состав Мельникского благочиния в 1775 году» (1892). На падставе розных гістарычных сведчанняў архіўных матэрыялаў, Л. С. Паеўскі склаў апісанне берасцейскіх храмаў, якія загінулі ў выніку будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці, у кнізе «Город Брест-Литовск и его древние храмы» (1894). Дзякуючы яму захавалася мноства звестак пра старажытныя храмы г. Брэста.

Асабліва варта адзначыць гістарычны нарыс Л. С. Паеўскага непасрэдна пра Камянец — «Каменец-Литовск и его древние храмы» (1895). Як свяшчэннік ён меў шмат зносін з людзьмі, збіраючы багаты этнаграфічны і моўны матэрыял. У нарысе ён апісвае побыт і культуру жыхароў Камянца, звычаі і абрады, падрабязна распавядае аб цэрквах, прыходах і свяшчэнніках.

Гістарычныя працы Л. С. Паеўскага рэгулярна выдаваліся ў «Литовских епархиальных ведомостях», «Виленском вестнике», «Гродненских губернских ведомостях», «Московских ведомостях», «Русском паломнике», «Холмско-Варшавском епархиальном вестнике».

1897 г. у жыцці Льва Паеўскага быў адным з самых насычаных важнымі падзеямі. Акрамя ўдзелу ў X археалагічным з'ездзе ў Рызе, ён атрымаў аўдыенцыю ў імператара Мікалая II, які прыехаў на паляванне ў Белавежскую пушчу. Сустрэча адбылася 5 верасня ў Белавежскім палацы (не захаваўся). Л. С. Паеўскі расказаў аб гісторыі краю, папрасіў сродкі на рэстаўрацыю Камянецкай вежы (ХIII ст.) і будаўніцтва мураванага храма ў Камянцы. У выніку для гэтага было выдзелена 50 тысяч рублёў золатам.

Рэстаўрацыя вежы і будаўніцтва царквы пачаліся не адразу. Толькі ў 1903–1905 гг. праведзена рэстаўрацыя вежы, а пачатае ў 1912 г. будаўніцтва храма, завершана ў 1914 г. Валакіта з будаўніцтвам адымала душэўныя сілы, не прыносіла задавальнення. Не дачакаўшыся пачатку ўзвядзення храма, у 1906 г. Леў Паеўскі перавёўся ў Слонім на вакантнае месца святара Свята-Праабражэнскага сабора, аднак у Слоніме ён праслужыў нядоўга. З 1902 па 1908 гг. з’яўляўся сапраўдным членам Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта.

Узведзены храм 14 верасня 1914 г. быў асвячоны ў імя святога Сімяона Стоўпніка. У час Першай сусветнай вайны Леў Паеўскі стаў палкавым святаром у частках, раскватараваных у Гельсінгфорсе (цяпер Хельсінкі). Гэта было яго апошняе месца службы.

Л. С. Паеўскі меў вялікую сям’ю. Ніхто з дзевяцярых дзяцей не працягнуў справу духоўнага служэння, акрамя сына Міхаіла Львовіча (1879–1931), які закончыў Казанскую духоўную семінарыю (1904), вядомы як мітрапаліт Мелхіседэк, епіскап Рускай праваслаўнай царквы. Шлях служэння ўладыкі прыпаў на 1920-я гг. — найболей трагічныя ў гісторыі дзяржавы і царквы. У 2011 г. у Мінску (пр. Незалежнасці, 24) адкрыта мемарыяльная дошка мітрапаліту Мелхіседэку (Паеўскаму).

У 1917 г. ва ўзросце 67-мі гадоў Л. С. Паеўскі з'ехаў у Тыфліс (Грузія) да дачкі Агаф'і. У тым жа годзе памерла яго жонка. Леў Сямёнавіч Паеўскі памёр у 1919 г., пахаваны на адным з могілак Тыфліса (Тбілісі).

У Камянцы шануюць памяць аб айцы Льве Паеўскім. Рашэннем Камянецкага райвыканкама № 950 ад 21 мая 2024 г. сярэдняй школе № 1 г. Камянца прысвоена імя Льва Сямёнавіча Паеўскага — вучонага, краязнаўца, свяшчэннаслужыцеля, археолага і патрыёта.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай

імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы Л. С. Паеўскага

  1. Древнее сказание о Жировичах и о чудотворном образе Жировичской Богоматери / священник Лев Паевский. – Жировичи : Издательство Минской духовной семинарии, 2024. – 38, [1] с.
  2. Наши провинциальные архивы и их значение для Западно-Русского края [Микроформа] / [священник Лев Паевский]. – Минск : Госбиблиотека БССР, 1981. – 1 микрофильм рулонный.
  3. Город Брест-Литовск и его древние храмы [Микроформа] : (исторический очерк) / составил священник Лев Паевский. – Минск : Госбиблиотека БССР, 1969. – 1 микрофильм рулонный.
  4. Жировицкий и Брест-Литовский архивы, (к вопросу о значении провинциальных архивов для Западнорусского края) ; Город Брест-Литовск и его древние храмы / священника о. Льва Паевского. – [Б. м. : б. и., между 1893 и 1917]. – 51 с.
  5. Государево внимание и царская милость, Беловеж, 6 сентября / [священник Лев Паевский]. – Гродно : Губернская типография, [1897?]. – 4 с.
  6. Лжемученик Иосафат Кунцевич: (униатский Полоцкий архиепископ) / [настоятель Каменец-Литовской церкви, священник Лев Паевский]. – [Гродно] : Гродненская губернская типография, 1895. – 22 с.
  7. Наши провинциальные архивы и их значение для Западно-Русского края / [священник Лев Паевский]. – Гродно : Типография Губернского правления, 1894. – 46 с.
  8. О церквах древней Брестской епархии, входивших в состав Мельникского благочиния в 1775 году : (на основании древних церковных визит) / составил священник Лев Паевский. – Гродна : Типография Губернского правления, 1892. – [2], 23 с.
  9. О церквах Брестской капитулы в начале 2-й половины XVIII в. / С. Л. [т. е. Л. С.] Паевский. – Вильна : Виленская губернская типография, 1887. – 63 с.

Аб жыцці і дзейнасці Л. С. Паеўскага

  1. Паеўскі Леў Сямёнавіч // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 238.
  2. Афанасьева, Т. Ю. О Льве Паевском в документах Национального исторического архива Беларуси в г. Гродно / Т. Ю. Афанасьева // Берасцейскія кнігазборы. Брэсцкая Біблія – унікальны помнік культуры ХVI стагоддзя. Брэст, 2014. С. 220–223.
  3. Алексеев, Л. В. Археология и краеведение Беларуси, ХVI в. – 30-е годы ХХ в. / Л. В. Алексеев. – Минск : Беларуская навука, 1996. – 205, [1] с.
  4. Оробейко, Е. Собирая историю по крупицам... / подготовил Евгений Оробейко // Навіны Камянеччыны. 2025. 1 лютага (№ 5). С. 8.
  5. Сяргей, В. Імя, слаўнае ў вяках : [пра Льва Паеўскага] / Валянціна Сяргей // Настаўніцкая газета. 2022. 2 снежня (№ 114). С. 23.
  6. Михальчук, В. О чудотворной Каменецкой иконе Богородицы и Приснодевы Марии / Виталий Михальчук // Навіны Камянеччыны. 2019. 19 кастрычніка (№ 42). С. 18.
  7. Осташеня, А. Открываем Каменец заново : храм преподобного Симеона Столпника / Андрей Осташеня // Навіны Камянеччыны. 2019. 13 апреля (№ 15). С. 18–
  8. Мусевич, Г. Лев Паевский – священник, учёный, патриот / Георгий Мусевич // Навіны Камянеччыны. 2015. 30 мая. С. 20.
  9. Рубашевский, Ю. «Обет свой исполнил» : [биография священника Льва Семеновича Паевского (1850–1919), служившего в церквях Гродненской губернии на рубеже XIX–XX вв., исследователя истории Бреста] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 6 марта. С. 11.
  10. Мусевич, Г. Стоит на высоком месте храм-красавец : [о Свято-Симеоновской церкви г. Каменца] / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2013. № 3. С. 71–74.
  11. Кузьменков, А. Отец Лев Паевский / Александр Кузьменков // Царкоўнае слова. 2011. № 22. С. 6–8.
  12. Глазов, В. Лев Паевский, священник и историк / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2010. 25 ноября (№ 48). С. 21.
  13. Чыгрын, С. Забыты Паеўскі : [з біяграфіі гісторыка і рэлігійнага дзеяча Льва Паеўскага] / Сяргей Чыгрын // Лiтаратура і мастацтва. 2002. 6 верасня. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 26 разоў Апошняя змена Пятніца, 12 Верасень 2025 10:19