Панядзелак, 22 Верасень 2025 09:24

15 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з часу ўтварэння Лагішынскага раёна (1940), адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Пінскай вобласці

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР 4 снежня 1939 г. былі створаны Баранавіцкая, Брэсцкая, Пінская і іншыя вобласці. Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 г. утвораны Лагішынскі раён з цэнтрам у вёсцы Лагішын у складзе Пінскай вобласці.

12 кастрычніка 1940 г. раён падзелены на 10 сельсаветаў: Бобрыкаўскі, Дабраслаўскі, Дубраўскі, Забараўскі, Загародскі, Лагішынскі, Парэцкі, Харасноўскі, Самярынскі і Чухаўскі. У 1940 г. Лагішын і наваколле выглядалі як рэгіянальны цэнтр, дзе суіснавалі вёскі, хутары і невялікія прадпрыемствы. У самім Лагішыне налічвалася 500 двароў, 3500 жыхароў. Працаваў млын, два цагляныя заводы, была пачатковая школа, народны дом, бальніца на 25 ложкаў, медпункт, ветлячэбніца, аптэка і паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Гэтыя ўстановы стваралі каркас сацыяльнага жыцця: людзі прыходзілі ў народны дом на сходы і святы, бацькі адпраўлялі дзяцей у школу, калектыў медыкаў спрабаваў абслугоўваць усю акругу, нягледзячы на абмежаваныя рэсурсы.

Лагішынскі раён быў пераважна сельскагаспадарчым: 54 вёскі і 1527 хутароў утрымліваліся дзякуючы працы сялян. У раёне ўсяго налічвалася 4760 двароў і 35 256 жыхароў. Этнічная мазаіка ўключала 2821 яўрэя, 1058 украінцаў і 1057 палякаў, што адлюстроўвала шматнацыянальны характар рэгіёна, яго гісторыю ў межах розных дзяржаўных улад. Эканоміку падтрымлівалі 49 школ, а прамысловасць прадстаўлялі 2 смалазаводы, 2 вапнавыя заводы, 3 цагляныя і 3 лесапільныя прадпрыемствы — невялікія вытворчасці, накіраваныя галоўным чынам на мясцовы попыт і будаўніцтва.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны раён акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі з 25 чэрвеня 1941 г. Акупанты жорстка распраўляліся з мірным насельніцтвам, знішчалі жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці і савецкіх ваеннапалонных. У верасні 1941 г. было забіта амаль усё яўрэйскае насельніцтва Лагішына (да 800 чалавек). За перыяд акупацыі ад рук акупантаў у Лагішыне і раёне загінулі каля 2000 чалавек. Сагнана ў нямецкае рабства 749 чалавек. Спалена і разбурана дамоў па раёне — 902, хлявоў — 952, іншых пабудоў — 954.

У час акупацыі на тэрыторыі Лагішынскага раёна разгарнулася масавае антыфашысцкае супраціўленне, дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б (з 1 верасня 1943 г.) і ЛКСМБ (з чэрвеня 1943 г.). На тэрыторыі раёна функцыянавалі партызанская брыгада імя Молатава, створаная ў красавіку 1943 г. і партызанская брыгада імя Куйбышава, створаная ў лістападзе 1943 г. Апошняя 10 ліпеня 1944 г. злучылася з часткамі Чырвонай арміі ў складзе трох атрадаў агульнай колькасцю 771 партызан. У ноч на 9 ліпеня 1944 г. партызаны атакавалі гарнізон у Лагішыне. Вызвалены Лагішынскі раён 15 ліпеня 1944 г. у ходзе наступлення 23-й стралковай дывізіі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту разам з партызанамі 208-га палка імя Сталіна.

На тэрыторыі Лагішына некалькі помнікаў Вялікай Айчыннай вайны: брацкая магіла на грамадзянскіх могілках, дзе ў 2021 г. усталяваны помнік і ў якой пахавана 15 мірных жыхароў Лагішына, жыўцом спаленыя 9 лютага 1943 г.; памятны знак ва ўрочышчы Чорны луг быў устаноўлены ў 2009 г. у памяць аб тых жа 15 ахвярах; а на ўсход ад каталіцкіх могілак знаходзіцца брацкая магіла, у якой пахаваныя больш за 300 яўрэйскіх жыхароў Лагішына, расстраляных у жніўні 1941 г., і дзе ў 1990 г. усталяваны абеліск. У Лагішыне знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, пахаваны 58 чалавек. У 1957 г. на магіле ўстаноўлены помнік — скульптура салдата.

Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны пачалося аднаўленне мірнага жыцця. У канцы 1949 г. у раёне пачалося аб'яднанне дробных аднаасобных гаспадарак. 15 студзеня 1950 г. на іх базе быў створаны калгас «Беларусь», у якім аб’ядналіся 234 гаспадаркі і 552 члены. Першым старшынёй калгаса быў Пётр Паўлавіч Шаўлінскі. У 1950 г. прайшло далучэнне калгаса «Памяць Леніна» (в. Трасцянка), першым кіраўніком якога быў С. Г. Чырко.

Шмат людзей Лагішыншчыны ўвекавечылі славу свайго краю. Пётр Фёдаравіч Бандарчук (1911–1996) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Славы І, ІІ і ІІІ ступеняў. Іван Міхайлавіч Сярэдзіч (1928–2007) — заслужаны механізатар БССР (1963), Герой Сацыялістычнай Працы (1965), удастоены двух ордэнаў Леніна (1965, 1976), ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973) і Ганаровай граматы Вярхоўнага Савета БССР (11 ліпеня 1974 г.), Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна (2006). Васіль Васільевіч Шапялевіч — вучоны-фізік, доктар фізіка-матэматычных навук, аўтар даследаванняў па галаграфіі ў фотарэфрактыўных крышталях, лаўрэат прэміі НАН Беларусі імя акадэміка Ф. І. Фёдарава (2011).

8 студзеня 1954 г. у сувязі са скасаваннем Пінскай вобласці раён перададзены ў склад Брэсцкай вобласці. 14 кастрычніка 1957 г. да Лагішынскага раёна перададзены Масевіцкі сельсавет скасаванага Жабчыцкага раёна, 8 жніўня 1959 г. — Выганашчаўскі, Гартальскі, Калонскі, Рэчкаўскі сельсаветы і г. п. Целяханы скасаванага Целяханскага раёна. У 1958 г. інстытут «Белдзяржпраект» упершыню распрацаваў генеральны план застройкі Лагішына. 22 снежня 1959 г. Лагішын пераўтвораны ў гарадскі пасёлак. Тады ў ім было 2319 жыхароў, у 1970 г. — 2617.

Старшыні Лагішынскага райвыканкама: Іван Андрэевіч Сматроў (1945–1946), Яўсей Рыгоравіч Мельнікаў (1946–1948), Антон Карпавіч Глістоўчанка (1949–1952), Павел Пятровіч Юшэвіч (1952–1957), Іван Харытонавіч Рудзенка(1957–1958), Андрэй Аляксандравіч Міцкевіч (1958), Іван Кузьміч Карасцялёў (1958–1959), Іван Лук'янавіч Піцуха (1950–1960), Дзмітрый Ігнатавіч Касьянаў (1961–1962).

25 снежня 1962 г. Лагішынскі раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Пінскага раёна. Вёска Багданаўка Загародскага сельскага Савета перададзена ў склад Лунінецкага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.

Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна,

бiблiёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Лагішынскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 9. С. 90.
  2. Лагішынскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 9. С. 90.
  3. Логишинский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 30.
  4. Логишинский район // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 530.
  5. Логишинский район // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 360.
  6. Лагішын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 422.
  7. Якубоўскі, У. М. Лагішын / У. М. Якубоўскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Мінск, 1990. С. 292–293.
  8. Кулагин, А. Н. Логишин / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 338–339.
  9. Лагішын // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 239.
  10. З акта Лагішынскай раённай камісіі аб злачынствах нямецка-фашысцькіх захопнікаў у час акупацыі раёна // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 236.
  11. Логишинский подпольный райком КП(б)Б (16.9.1943–30.31944). Жабчицкий подпольный райком ЛКСМБ (6.1943–20.3.1944) // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 257.
  12. Старшыні Лагишынскага райвыканкама // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 502–503.
  13. Лагішын // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 593–594.
  14. Холокост на Пинщине : [история Пинской еврейской общины, 1939-1944гг.] / авт.-сост.: Т. Хвагина, Э. Злобин. – Пинск : Паляшук, 2007. – 307 с. : ил.
  15. 450 лет городскому поселку Логишин : 19 октября 2002 г. – [Пинск], 2002. – 6 с. : ил.
  16. Александрова, Н. Как сохранить память о Великой Отечественной войне? / Нина Александрова // Пінскі веснік. 2024. 3 мая (№ 18). С. 15.
  17. Ребковец, Л. «Беларусь – моя гордость и слава» / Людмила Ребковец // Пінскі веснік. 2024. 5 ліпеня (№ 27). С. 7.
  18. Кирковец, Н. Логишин: листая летописи скорбные страницы / Наталья Кирковец // Пінскі веснік. 2023. 21 красавіка (№ 16). С. 7.
  19. Баркун, Г. «Пераканаўча прашу зрабіць мне ласку і выдаць пісталет», – з такой просьбай звярнуўся святар да камандзіра партызанскага злучэння / Генадзь Баркун // Звязда. 2021. 30 красавіка. С. 19.
  20. Урбанович, И. Геноцид не имеет срока давности / Инна Урбанович // Полесская правда. Пинск, 2021. 18 сентября. С. 11.
  21. Прыгодзіч, З. Пакручастыя шляхі Лагішына / Зіновій Прыгодзіч // Полымя. 2021. № 5. С. 138–140.
  22. Кирьянов, А. Из-за леса, из болот : как бойцы ОУН-УПА пытались втянуть белорусское Полесье в гражданскую войну / Артем Кирьянов // Народная газета. 2016. 27 мая (№ 21). С. 22–23.
  23. Урбанович, И. Живи и помни / Инна Урбанович // Полесская правда. Пинск, 26 сентября. С. 4.
  24. Морочко, Ю. Освобожденный Логишин. 60 лет спустя / Юлия Морочко // Варяг пресс. Пинск, 9 июля. С. 3.
  25. Шестакова, Н. 450 лет биографии – история пишется набело : [история Логишина, 1552–2002 гг.] / Н. Шестакова // Полесская правда. Пинск, 19 октября. С.4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 32 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Верасень 2025 09:34