Аўторак, 23 Верасень 2025 14:53

2025 г. — 140 гадоў з часу заснавання парку «Манькавічы» (Столін; 1885), помніка прыроды рэспубліканскага значэння

Першыя звесткі ў пісьмовых крыніцах пра в. Манькавічы Столінскага раёна датуюцца 1524 г. Гісторыя паселішча звязана з лёсам зямель вакол Давыд-Гарадка, што за 30 км. Гэтыя велізарныя ўладанні былі падараваны ў 1551 г. польскім каралём Жыгімонтам ІІ Аўгустам Мікалаю Радзівілу Чорнаму.

З 1579 г. Давыд-Гарадок быў цэнтрам ардынацыі Радзівілаў. У 1586 г. гэтыя землі ўвайшлі ў склад Клецкай ардынацыі. У пачатку ХVІІІ ст. сядзібны комплекс Радзівілаў у Манькавічах складаўся з некалькіх жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, саду.

У 1885 г. па ініцыятыве Марыі Дароты Элізабет дэ Кастэлян (1840–1915), жонкі Антонія Вільгельма Радзівіла (1833–1904), у Манькавічах, дзе вырашылі пабудаваць новую рэзідэнцыю, быў заснаваны сядзібны парк. Пра гэта сведчыць камень, усталяваны яе сынам Станіславам Радзівілам у 1904 г. Пры разбіўцы парку выкарыстана яго натуральнае становішча на высокім левым беразе ракі Гарынь і існуючы дрэвастой. Да канца 1930-х гг. агульная плошча парку дасягнула 50 га.

Парк складаўся з цэнтральнай пейзажнай часткі, раздзеленай звілістымі алеямі, і натуральнага масіву дрэў па перыметры. Асноўны прынцып пабудовы парку заключаўся ў чарадаванні невялікіх палян, дравесных масіваў і груп. Расло больш за 35 відаў дрэў і кустоў, у тым ліку экзатычных, прывезеных з далёкіх куткоў свету. Большая частка парку была ў англійскім ландшафтна-рамантычным стылі.

У канцы ХІХ ст. у глыбі парку Радзівілы ўзвялі цагляны палац паводле праекта берлінскага архітэктара Венцэля. Месца гэтае прываблівала незвычайна жывапісным краявідам на высокай тэрасе над старым рэчышчам Гарыні, якое пераўтварылі ў канал Копанец. Палацава-паркавы ансамбль у Манькавічах меў мастацка-стылявое адзінства з Нясвіжскай рэзідэнцыяй Радзівілаў.

Г-падобная ў плане пабудова складалася з двух карпусоў. Галоўны корпус меў два паверхі пад высокім мансардавым дахам і гранёную 4-ярусную вежу з фігурным барочным купалам, барабанам і шатром над ім. Другая частка палаца — флігель, які злучаўся з левым крылом галоўнага корпуса аркадай і крытай галерэяй. Перад палацам вылучаны прамавугольны партэр, дзе былі клумбы, меўся басейн з фантанам, дэкарыраваны паркавай скульптурай.

Заехаць на тэрыторыю можна было праз чугунную браму, якая была ўпрыгожана зверху арнаментам. Адсюль праз парк ішла галоўная дарога да палаца шырынёй 10 м і працягласцю каля 1 км. На ўскрайку парка размяшчаліся некалькі адміністрацыйных будынкаў. Стайні былі пабудаваны на англійскі манер. У карэтнай захоўваліся карэты, павозкі, сані яшчэ ХVІІ ст.

Першая сусветная вайна прынесла велізарныя страты для Манькавіцкай сядзібы. Поўнасцю страчаны мастацкія, паляўнічыя і сямейныя рэліквіі палаца. Частка кнігазбору была вывезена ў глыб Расіі, другая частка загінула ў 1918 г. Пасля польска-савецкай вайны (1919–1921) у палацы жыў Караль Мікалай Радзівіл (1886–1968) з сям’ёй, займаўся сельскай гаспадаркай. У яго засталося толькі 407 га ворнай зямлі, былі яшчэ сенажаці, лясы, балоты, дзе гаспадар любіў бываць на паляванні.

У 1922 г. пад кіраўніцтвам варшаўскага архітэктара Юльяна Нагурскага палац быў адноўлены. У міжваенны час Манькавічы з’яўляліся высокаразвітай шматпрофільнай гаспадаркай. Акрама земляробства, памесце спецыялізавалася на перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Працавалі млын, саладоўня, бровар і інш. Конегадоўля была асаблівым гонарам уладальніка памесця. Яму ж належала рыбная гаспадарка плошчай 250 га.

Другая сусветная вайна рэзка змяніла лёс Манькавіцкай сядзібы і яе ўладальнікаў. У былым палацы з 1 верасня 1940 г. пачаў працаваць сельскагаспадарчы тэхнікум, 203 чалавекі вывучалі аграномію і заатэхнію. Ужо ў першыя месяцы нямецка-фашысцкай акупацыі ў былым палацы размясціліся гітлераўскія афіцэры. У ноч на 18 студзеня 1943 г. партызаны напалі на фашысцкі гарнізон, у ходзе працяглага бою і пажару палац быў часткова разбураны. Уязную чугунную браму немцы вывезлі.

У пасляваенныя гады насельніцтва выкарыстоўвала цэглу з руінаў палаца для аднаўлення жылля. Канчаткова руіны былі разабраны ў 1960-я гг. Ва ўцалелых пабудовах сядзібы размясціліся раённы краязнаўчы музей (адкрыты 5 лістапада 1955 г.), дзіцячая музычная школа.

У 1967 г. Манькавіцкаму парку быў прысвоены статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння. Яго плошча складала 24 га. Акрамя закладнога камня, з садова-паркавай архітэктуры нічога не захавалася. У 1985 г. быў разбіты сквер у гонар 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Новыя дрэвы пасаджаны з улікам біялагічных груп папярэдніх насаджэнняў, структуры глебы і іншых фактараў.

Аднак на 1980-я гг. парк як арыгінальная ландшафтна-прыродная каштоўнасць канца ХІХ – першай паловы ХХ стст. пачаў прыходзіць у заняпад. Толькі з пераўтварэннем парку ў месца адпачынку гараджан сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Цяпер плошча парка складае 27,9 га (па іншых звестках 24 га). У 2002 г. парк «Манькавічы» занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 112Г000661). Сёння складана казаць пра нейкія эстэтычныя каштоўснасці паркавага ландшафту. Без адпаведнага догляду гістарычны парк паступова прымае выгляд дзікай прыроды. Перспектывы не праглядаюцца, змены пейзажных карцін практычна няма.

Два разы на год (вясной і восенню) у парку праходзяць раённыя спаборніцтвы па легкатлетычнаму кросу. У 2014 г. ля ўваходу ў парк адкрыта выставачная зала (вул. Савецкая, 106), дзе рэгулярна ладзяцца выставы мастакоў і майстроў народнай творчасці. У рамках ХVІІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму 25 жніўня 2023 г. у парку была закладзена дубова-ліпавая алея.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Будыка, Н. С. Столінская сядзіба «Манькавічы» / Н. С. Будыка, Ю. А. Якімовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 186.
  2. Столінскі палацава-паркавы комплекс «Манькавічы» // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 384.
  3. Федорук, А. Т. Столинский парк «Маньковичи» / А. Т. Федорук // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 378–379.
  4. Столинский парк «Маньковичи» // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 98.
  5. Столинский парк «Маньковичи» // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 556.
  6. Федорук, А. И. Маньковичи / А. Т. Федорук // Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. Минск, 2006. С. 538–544.
  7. Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X–XX стагоддзяў : (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. – Мінск : БЕЛТА, 2002. – 334 с. : іл.
  8. Вабішчэвіч, А. М. «Манькавічы» – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры / А. М. Вабішчэвіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 553–556.
  9. Кулагин, А. Н. Парк «Маньковичи» : [г. Столин] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская обалсть. Минск, 1990. С. 381–382.
  10. Будыка, Н. С. Столінская сядзіба «Манькавічы» / Н. С. Будыка, Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 128.
  11. Будыка, Н. С. Столінскі парк «Манькавічы» / Н. С. Будыка // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 5. С. 9.
  12. Манькавічы : [Столінскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 585–586.
  13. Демьянов, С. А. Направления использования потенциала старинных парков Столинского района в туризме / С. А. Демьянов // Агроэкотуризм в период современных вызовов: национальный опыт. Минск : БГУ, 2022. С. 57–62.
  14. Волкова, В. В. Использование современных технологий (квадрокоптера) при исследовании территорий для построения композиционно-пространственной организации экологического парка (на примере исторического парка «Маньковичи») / В. В. Волкова // Особенности развития региональной архитектуры. Брест : БрГТУ, 2020. С. 169–175.
  15. Жук, И. В. История развития и анализ объемно-пространственной структуры исторического парка «Маньковичи» / И. В. Жук, М. И. Иванова // Научный потенциал молодежи – будущему Беларуси : в 3 ч. Пинск : ПолесГУ, 2020. Ч. 3. С. 36–38.
  16. Гомон А. А. Исторический парк Радзивиллов в д. Маньковичи как объект культурного наследия / А. А. Гомон // Культура и экология – основы устойчивого развития России. Защита природного и культурного наследия. Екатеринбург : УрФУ, 2015. Ч. 1. С. 185–189.
  17. Домащук, В. Кросс на лоне природы : [в парке «Маньковичи» состоялся традиционный весенний легкоатлетический кросс] / Владимир Домащук // Навіны Палесся. Столін, 2025. 11 красавіка. С. 14.
  18. Домащук, В. Осенний кросс : [в парке «Маньковичи» прошел традиционный осенний легкоатлетический кросс] / Владимир Домащук // Навіны Палесся. Столін, 2024. 27 верасня. С. 11.
  19. Домащук, В. Спортивная весна : беговые тропы парка «Маньковичи» / Владимир Домащук // Навіны Палесся. Столін, 2023. 21 красавіка. С. 11.
  20. Вабішчэвіч, А. М. Давыд-Гарадоцкая ардынацыя Радзівілаў у XIX – пачатку XX ст. / А. М. Вабішчэвіч // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Эканоміка. Права. 2023. № 1. С. 5–12.
  21. Субат, У. Хто шануе мінулае, той варты будучага : [у Століне адзначылі 130-годдзе парку «Манькавічы»] / Уладзімір Субат // Сельская газета. 2015. 16 июля. С. 15.
  22. Гашчук, Г. Юбілеі ў парку Радзівілаў : [у Століне адзначылі 130-годдзе парку «Манькавічы» і 60-годдзе раённага краязнаўчага музея] / Галіна Гашчук ; фота аўтара // Культура. 2015. 11 ліпеня (№ 28). С. 11.
  23. Митюков, А. Из варяг в Столин : [в Столине отметили 130-летие парка «Маньковичи» и 60-летие районного краеведческого музея] / Александр Митюков // Советская Белоруссия. 2015. 8 июля. С. 9.
  24. Гашчук, Г. Два юбілеі ў парку Радзівілаў : [адзначылі 130-годдзе парку «Манькавічы» і 60-годдзе раённага краязнаўчага музея] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 2015. 7 ліпеня. С. 5.
  25. Василькова, Т. По следам Радзивиллов : 130-летие парка «Маньковичи» отпраздновали в Столине / Тамара Василькова // Заря. 2015. 7 июля. С. 4.
  26. Вярэніч, С. Парк «Манькавічы» і раённы краязнаўчы музей святкуюць юбілеі / Святлана Вярэніч // Навіны Палесся. Столін, 2015. 2 ліпеня. С. 5.
  27. Куницкий, П. В Столине открылся выставочный зал : [об открытии выставочного зала в парке «Маньковичи» г. Столина, где первая выставка – живопись В. В. Уроднича] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2014. 9 июля. С. 6–7.
  28. Гунько, Г. Маньковичи : [о старом парке «Маньковичи»] / Галина Гунько // Вита-Пресс. Столин, 2010. 12 августа. С. 2
  29. Вярэніч, А. Парку велічная прыгажосць...! : [з гісторыі парку «Манькавічы»] / А. Вярэніч // Навiны Палесся. Столiн, 2009. 29 снежня. С. 4.
  30. Бурик, Е. Загадка столинских валунов, или Посланники средневековья : [о валунах с изображением крестов в парке «Маньковичи» г. Столина] / Екатерина Бурик // Заря. 2009. 1 декабря. С. 5.
  31. Дубровский, А. Если б камни могли говорить… : [о расшифровке надписей на камнях в усадьбе «Маньковичи»] / Алексей Дубровский, Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2007. 28 марта. С. 1, 6.
  32. Бурик, Е. Шумит печально старый парк… : [современное состояние парка «Маньковичи» в г. Столине] / Екатерина Бурик // Заря. 2004. 4 мая. С. 2.
  33. Дабрынец, А. У Манькавіцкім парку : [г. Столин] / А. Дабрынец // Заря. 1998. 2 апреля.
  34. Юркевіч, Ю. Парк «Манькавіцкі»: учора, сёння, заўтра / Ю. Юркевіч // Навіны Палесся. Столін, 1985. 21 лістапада.
  35. Васілец, В. Яшчэ раз пра парк [«Манькавіцкі»] / В. Васілец // Навіны Палесся. Столін, 1983. 10 снежня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 26 разоў Апошняя змена Аўторак, 23 Верасень 2025 15:02