У пачатку XIX ст. ужо састарэлы касцёл згарэў. На яго месцы ў 1825 г. узвялі мураваны храм Праабражэння Гасподняга. Пабудова спалучае формы класіцызму і неаготыкі. У 1890 г. прыхаджане на ўласныя сродкі адрамантавалі святыню.
Прамавугольны ў плане аб’ём з трохграннай алтарнай часткай накрыты двухскатным дахам (вальмай над алтаром). Галоўны фасад вырашаны порцікам з чатырма парамі калон і магутным трохвугольным франтонам, увенчаным лёгкім шатровым ліхтаром. Люкарнам і лучковаму акну франтона адпавядаюць круглыя вокны і прамавугольны ўваходны партал фасада. Стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштфах, двухпрыступковымі кантрфорсамі ў прасценках рытмічна расчлянёны бакавыя фасады.
Шырокі неф касцёла з выдзеленымі ў інтэр’еры па баках алтара сакрысціямі перакрыты лучковым драўляным зводам. Пабеленыя сцены крэпаваны магутнымі лапаткамі. Хоры пры ўваходзе трымаюцца на 2 калонах і агароджаны драўляным парапетам, дэкараваным разнымі філёнкамі, вітымі калонкамі, інкрустацыяй.
У 1905 г. інтэр’ер упрыгожаны трыма разнымі драўлянымі алтарамі, амбонам і арганам, якія перанеслі сюды з касцёла бенедыкцінак у Нясвіжы. Гэтыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя ў стылях барока і ракако ў сярэдзіне ХVIII ст., аб’яднаюцца ў адзіны мастацкі ансамбль ажурнай разьбой, багаццем пазалоты, адзіным каларыстычным рашэннем.
Галоўны двух’ярусны алтар устаноўлены на высокім подыуме, філёнкі якога запоўнены пазалочанай разьбой. Каланада першага яруса паднята на высокія ўстоі, нясе раскрапаваны і дэкараваны накладной разьбой антаблемент і абрамляе алтарную карціну «Праабражэнне». У бакавых інтэркалумніях устаноўлены драўляныя скульптуры святых. Другі ярус з іконай «Святая сям’я» фланкіраваны скульптурамі крылатых анёлаў, багата насычаны арнаментальнай і скульптурнай разьбой. Трох’ярусныя бакавыя алтары маюць ідэнтычную кампазіцыйную і мастацка-стылявую трактоўку.
Амбон на паўночнай сцяне алтара выкананы з дрэва ў 1745 г. (абнаўляўся ў 1893, 1859, 1979 гг.). Яго кафедру акружаюць залачоныя скульптуры евангелістаў Лукаша, Марка, Матэвуша, Іаана. Скульптурны ансамбль дапаўняюць рэльефныя выявы херувімаў, паляўнічых атрыбутаў, запоўненыя жывапісам картушы. Балдахін амбона з інтэнсіўна крэпаваным карнізам завяршае скульптурная група анёлаў.
Устаноўлены на хорах арган выкананы ў стылі ракако ў сярэдзіне ХVІІІ ст. (абноўлены ў 1891 г.). Тры групы басовых труб завершаны востравугольнымі складанага малюнка карнізамі з арнаментальнымі каронамі.
Побач з касцёлам напрыканцы ХІХ ст. устаноўлена драўляная двух’ярусная шатровая званіца. Тэрыторыя храма акружана плотам з бутавага каменя з трохарачнай цаглянай брамай, пабудаванай у неарускім стылі.
У 1912 г. парафія Перамянення Пана налічвала каля 5000 прыхаджан. Каталіцкі храм у в. Новая Мыш адносіцца да Баранавіцкага дэканата Пінскай дыяцэзіі. 16 жніўня 2025 г. прыхаджане і шматлікія госці ўрачыста адзначылі 200-годдзе з часу асвячэння свайго храма.
Навамышскі Праабражэнскі касцёл з унікальным інтэр’ерам — адзін з найпрыгажэйшых храмаў Беларусі, помнік эклектычнай архітэктуры, якая спалучае стылізаваныя формы готыкі і класіцызму. Храм і яго дэкаратыўнае ўбранне ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 112Г000060).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Кулагін, А. М. Навамышскі Праабражэнскі касцёл / А. М. Кулагін, Г. М. Ярмоленка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 100.
- Навамышскі Праабражэнскі касцёл // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 31–32.
- Новомышский Преображенский костёл // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 143.
- Новомышский костёл Преображения Господнего // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 84.
- Новомышский костёл Преображения Господнего // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 400.
- Новомышский Преображенский костёл // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 5. С. 473.
- Касцёл Перамянення Гасподняга : [в. Новая Мыш] // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусi : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 259–
- Касцёл Праабражэння Гасподняга : [в. Новая Мыш] // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусi : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2000. С. 110–111.
- Кулагін, А. М. Навамышскі Праабражэнскі касцёл : [в. Новая Мыш] / А. М. Кулагін, Г. М. Ярмоленка // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 361–362.
- Кулагін, А. М. Архітэктурная спадчына : Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш / А. М. Кулагін // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000. С. 651–652.
- Костел Преображения Господня : [в. Новая Мышь] // Храмы Брестчины. Брест : Вечерний Брест, 2024. С. 35.
- Кулагин, А. Н. Преображенский костёл : [в. Новая Мышь] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 103–104.
- Кулагін, А. М. Праабражэнскі касцёл : [в. Новая Мыш] / А. М. Кулагін, Г. М. Ярмоленка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 88–89.
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Мыш (Старая Мыш, Новая Мыш). С. 152–153.
- Новая Мыш // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 31–32.
- Лявонава, А. К. Старажытна беларуская скульптура / А. К. Лявонава. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 208 с. : іл. – Са зместу: Галоўны алтар. С. 47 ; Марыя з дзіцём. С. 48.
- Гончар, И. Тайны Новомышских святынь / Инна Гончар // Наш край. Барановичи, 2021. 28 апреля. С. 20.
- Папко, В. Абраз «Божая Маці Шкаплерная» з касцёла ў вёсцы Новая Мыш : [Баранавіцкі раён] / Вольга Папко // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 9. С. 17–22.